5 красавіка галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка быў па тэлефоне запрошаны да свайго падатковага інспектара — Галіны Танвіравай, якая абслугоўвае яго выдавецкую фірму. Пра гэта паведамляе прэс-служба БАЖ.

Пасля кароткага размовы з інспектарам ў кабінет увайшлі двое супрацоўнікаў КДБ, якія прадставіліся — адзін падпалкоўнікам Дзмітрыем Леанідавічам, другі — проста Дзмітрыем Генадзьевічам.

Гутарка працягвалася 2,5 гадзіны. Увесь гэты час аддзел працы з юрыдычнымі асобамі Бабруйскай падатковай інспекцыі не дзейнічаў: падатковыя інспектары выйшлі з кабінета.

Гутарку з кіраўніком «Бобруйского курьера» вёў Дзмітрый Леанідавіч. Ён прад'явіў журналісту ксеракопіі шэрагу яго журналісцкіх публікацый за 2011 і 2012 гады, размешчаных у электронным «Бобруйском курьере», на сайце ГА «БАЖ» і на «Беларускім партызане».

Пасля гэтага супрацоўнік КДБ праінфармаваў, што публікацыі неаб'ектыўныя, скажаюць сутнасць таго, што адбываецца ў Рэспубліцы Беларусь, і таму з часам у дачыненні да журналіста можа быць ужыты артыкул 369 ч.1 КК РБ «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» — за «прадастаўленне замежнай дзяржаве, замежнай або міжнароднай арганізацыі заведама ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным ці міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь або яе органы ўлады».

Як падкрэсліў афіцэр КДБ, паколькі журналісцкія матэрыялы Анатоля Санаценка публікуюцца ў сетцы інтэрнэт, на сайтах, якія могуць чытаць і замежнікі, дадзены артыкул Крымінальнага кодэксу цалкам падыходзіць для гэтага выпадку.

Галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» прапанаваў работнікам КДБ аформіць заўвагі да яго ў пісьмовым выглядзе — каб было зразумела, на якой падставе і якія менавіта прэтэнзіі яму выказваюць супрацоўнікі КДБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?