1. Не з Беларусі

Кіраўнік Беларусі працягваю палітыку, калі на ключавыя сілавыя пасады прызначаюцца не ўраджэнцы Беларусі, а сумежных дзяржаваў.

Ігар Шуневіч нарадзіўся ў Луганскай вобласці, то бок кандыдатам на пасаду прэзідэнта па заканадаўстве ён быць не можа,
як і супернікам. Экс-міністр Куляшоў нарадзіўся ў Азербайджане, а ягоны папярэднік Уладзімір Навумаў — у Смаленскай вобласці.

Ва Украіне прыйшлі на свет цяперашні і папярэдні старшыні КДБ Вадзім Зайцаў і Юры Жадобін (сёння — міністр абароны). З Расіі кіраўнік лукашэнкаўскай службы бяспекі Андрэй Уцюрын. Уручанскім спецназам камандуе Хазалбек Атабекаў. Нават міністрам МНС прызначаюць ураджэнца Рэспублікі Комі Уладзіміра Вашчанку, да гэтага быў зямляк Куляшова Энвер Барыеў. На Шуневічу гэтая тэндэнцыя працягнулася.

2. Свой для КДБ ці МУС?

Шуневіч пачынаў сваю кар’еру ў органах МУС. Скончыў міліцэйскую акадэмію. Служыў на розных пасадах у органах МУС. У 2007 быў намеснікам начальніка УУС Мінскага аблвыканкама. Потым прызначаны ў КДБ, дзе ўзначальваў следчае ўпраўленне, а затым галоўнае ўпраўленне па контрвыведачнаму забеспячэнню праваахоўных і кантралюючых органаў, барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю.

Як чалавек для якога абодва ведамствы не чужыя,

Шуневіч казаў, што не існуе ніякай вайны паміж МУС і КДБ.
«Такога факта не існуе, а ўсе размовы — інтрыгі», — казаў Шуневіч. Дарэчы, і
яго пераход адбываўся ў самы разгар канфліктаў між сілавікамі, напярэдадні разгортвання «паляўнічай справы».

У КДБ Шуневіч праявіў сябе добра. Яго адзначаў старшыня камітэта Зайцаў. Шуневіча нават называлі даверанай асобай Зайцава. Праўда, праз нейкі час з’яўлялася інфармацыя пра арышт за хабар намесніка Шуневіча, але пацверджання яна не атрымала.

3. «Гутарыў» з палітвязнямі
Неаднаразова казалі, што ў сваёй працы Шуневіч кантраляваў унутраную турму КДБ «Амерыканку». Пэўныя пацверджанні знайшліся нядаўна. Вось, напрыклад, што згадвае пра сваё знаходжанне ў вязніцы рэдактарка «Хартыі-97» Наталля Радзіна.

«Ігара Шуневіча я ўбачыла ўпершыню ў сярэдзіне студзеня ў турме КДБ. Мяне выклікалі да яго на допыт ўжо пасля адбою ў 22.00. Фармальна гэта быў не допыт, а «размова», бо праходзіла яна без адваката. Такіх «гутарак» у турме КДБ было шмат, у адрозненне ад рэальных допытаў з адвакатамі. Адвакатаў у турму КДБ не пускалі, і нас прэсавалі вось на такіх «вячорках».

Шуневіч адразу заявіў, што не скажа, з якога ён ведамства, і вельмі настойліва прасіў нікому не распавядаць аб нашай з ім «гутарцы». Допыт ён праводзіў не ў спецыяльным пакоі пры СІЗА, а ў кабінеце начальніка турмы. Шуневіч адразу заявіў, што «ўжо вербаваць ён мяне дакладна не збіраецца». І наагул, адзначыў ён, не праца сайта charter97.org цікавіць следчых КДБ, а яго цікавяць «значна больш сур’ёзныя рэчы». Цікавілі яго зусім неймаверныя рэчы: сувязі кандыдатаў у прэзідэнты з Польшчай, Германіяй і суседнімі Расеяй і Украінай. Дапытваючы мяне, Шуневіч сказаў, што ўжо «гутарыў» з Андрэем Саннікавым і Ірынай Халіп».

4. Міністр праз чатыры месяцы
«Я думаю, што ваш досвед, які вы набылі ў КДБ, вельмі карысны, але наогул вы — прафесійны спецыяліст Міністэрства ўнутраных спраў, вы служылі на ўсіх пасадах у МУС, ведаеце яго знутры, добра ведаеце вынік — гэта таксама для нас вельмі важна. Але самае галоўнае — праца ў КДБ (а ў апошні час вы як раз займаліся кантролем працы праваахоўных органаў) дала вам магчымасць убачыць знутры ўсе праблемы Міністэрства ўнутраных спраў», — сказаў Лукашэнка, прызначаючы Шуневіча ў студзені першым намеснікам міністра ўнутраных справаў. Каб заняць крэсла Куляшова Шуневічу спатрэбілася чатыры месяцы працы.

«Шуневіч быў нядрэнным прафесіяналам, калі ўзначальваў следчае ўпраўленне КДБ. Быў прафесіянал і нядрэнны начальнік. Як толькі патрапіў у палітычную сістэму, у „абойму“ — адразу пачаў выконваць палітычны заказ. Палітычны заказ па Байковай, па „паляўнічых“. Таму я перакананы: Шуневіча чакае такая ж „перспектыва“, як Полудня і Пякарскага», — лічыць былы супрацоўнік КДБ Валер Костка.

5. Рэформа ў МУС
Звяртаючыся да народа і парламента ў аўторак, Лукашэнка адзначыў, што сёлета будзе скончаная рэформа МУС. Пэўныя рэчы ўжо былі зробленыя, калі з розных сілавых ведамстваў аддзяліўся і зажыў паўнавартасна Следчы камітэт. Відаць, будучыя пераўтварэнні лягуць на плечы Шуневіча.

Ён прыйшоў у МУС не ў самы лепшы час для міністэрства. Арыштаваны па абвінавачанні ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў намеснік міністра Яўген Полудзень, за «дыскрэдытуючы» ўчынак звольнены першы намеснік Алег Пякарскі. Відавочна, што на наступнай сустрэчы з Шуневічам Лукашэнка будзе казаць, што яму неабходна вярнуць станоўчы імідж і давер да міліцыі. Задача, проста скажам, не з лёгкіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?