Эканоміка Беларусі будзе плаціць зарплату роўна ў тым аб’ёме, колькі зможа зарабляць. Пра гэта заявіў міністр фінансаў Андрэй Харкавец, адказваючы 17 мая падчас прамой лініі на пытанне адносна асцярог прадстаўнікоў Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС (АКФ) пра тое, што рэалізацыя планаў па павышэнні зарплат да 500 долараў да канца 2012 года павялічыць дыспрапорцыі ў беларускай эканоміцы.

«Калі ўлады збіраюцца падняць сярэднюю зарплату да канца года да 500 долараў, то пры іншых роўных умовах гэта значна перасягне нават самыя аптымістычныя прагнозы па росце прадукцыйнасці працы.
Рэалізацыя гэтых планаў павялічыць дыспрапорцыі ў эканоміцы, якія спрабуе ліквідаваць праграма ўрада, што падтрымліваецца рэсурсамі АКФ», — сказаў на гэтым тыдні начальнік аддзела сацыяльна-эканамічнай палітыкі АКФ ЕўрАзЭС Алішэр Мірзоеў.

У адказ на гэта кіраўнік беларускага Мінфіна звярнуў увагу, што гэта пакуль толькі выказванне аднаго эксперта АКФ ЕўрАзЭС. «Пакуль афіцыйная пазіцыя Антыкрызіснага фонду па гэтым пытанні не сфармулявана», — зазначыў Харкавец.

Адносна зарплат у бюджэтным сектары міністр фінансаў Беларусі сказаў, што бюджэт не выходзіць за межы тых параметраў, у якіх прымаўся, і ўрад мае намер вытрымаць яго бездэфіцытным. «Калі бюджэт збалансаваны і па аб’ёме заработнай платы, якую мы прадугледзелі ў бюджэце, па яе ўдзельнай вазе, ён не выходзіць за параметры, то пра якія дысбалансы тады можна весці гаворку? Я думаю, гэта не зусім правільна і гэта не трэба вырываць з кантэксту макраэканамічнай палітыкі», — зазначыў Харкавец.

Што тычыцца рэальнага сектара, то тут, паводле слоў міністра, найперш ставіцца задача павышэння прадукцыйнасці працы.
«Калі яна дазваляе павялічыць зарплату, значыць заработная плата ўзрастае. І я не ведаю сёння прыкладаў, дзе павышалі б зарплату, не аналізуючы фактычны стан росту прадукцыйнасці працы», — падкрэсліў Харкавец.

Паводле яго слоў, калі такія моманты ўсё-такі існуюць, то яны павінны спыняцца.

«Таму эканоміка будзе плаціць зарплату роўна столькі, колькі зможа зарабляць. А вось атрымаецца 500 долараў ці не атрымаецца — гэта вынік эфектыўнасці працы рэальнага сектара перш за ўсё», — сказаў міністр.

«Калі проста гаварыць, што 500 долараў — гэта мэтавая ўстаноўка ці задача, а ўсё астатняе нібыта не мае значэння, то гэта прынцыпова няправільная, контрпрадуктыўная пазіцыя, таму што трэба чуць тое, што гаворыцца ў комплексе. А гаворыцца, што заработная плата павінна быць заробленай за кошт эфектыўнасці арганізацыі вытворчасці», — падкрэсліў кіраўнік Мінфіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?