На мінулым тыдні некаторыя апаненты беларускага рэжыму заклікалі пікетаваць спектакль Купалаўскага ў Лондане. Насамрэч, гэты тэатр не мае нічога супольнага з палітычнымі рэпрэсіямі і фактычна ўяўляе сабой частку беларускай культуры, якую так не любяць многія прыхільнікі цяперашняй улады. Ці варта, нягледзячы на гэта, лічыць яго часткай беларускага рэжыму?

Залічэнне пэўных асобаў і арганізацый да рэжыму ці да тых, хто з ім супрацоўнічае, можа мець непрыемныя наступствы.
Скажам, ці падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі замежныя інвестары, якія рэалізуюць праекты ў Беларусі? Бо іх інвестыцыі, як ні круці, могуць змяніць палітэканомію аўтарытарнага рэжыму. Або простыя беларусы, якія плацяць падаткі? Гэта супрацоўніцтва з рэжымам? Калі гэтага не рабіць, гэта можа прывесці да хаосу, але наўрад ці будзе садзейнічаць будаўніцтву вольнай ад Лукашэнкі дзяржавы з эфектыўнымі механізмамі.

Чыноўнік чыноўніку не роўны

Беларускі рэжым — рэжым апартунісцкі. Гэта не таталітарызм, ён не грунтуецца на жорсткай ідэалогіи.

Чыноўнікі — гэта проста чыноўнікі, якія адрозніваюцца адно ад аднаго.
Нават радыкальна настроеныя апазіцыйныя палітыкі гэта прызнаюць. У інтэрв’ю Еўрарадыё ў 2010 годзе Андрэй Саннікаў, тады яшчэ кандыдат у прэзідэнты, заявіў: «Я б не назваў [цяперашніх урадоўцаў] „міністрамі“, бо яны ў той ці іншай форме падтрымліваюць дыктатуру і працуюць на яе. Аднак я ведаю, што ніжэй за міністэрскі ўзровень працуюць вельмі кваліфікаваныя і прафесійныя людзі».
Нават міністры розныя.
Напрыклад, міністр культуры Павел Латушка гаворыць па-беларуску ў грамадскіх месцах — гэта ўжо адхіленне ад бюракратычнага стандарту — і вядомы сваім прафесіяналізмам. Заняўшы пасаду, ён пачаў палітыку падтрымкі беларускай культуры, чым рэжым пагарджаў пачынаючы з 1994 года. Адной з яго ініцыятываў была вялікая праграма дзяржаўнага фінансавання пад назвай «Беларускія замкі».

Вядомы ідэолаг рэжыму Леў Крыштаповіч раскрытыкаваў гэтую праграму як «чужую» беларускай гісторыі. На яго думку, беларуская шляхта з нацыянальнай гісторыяй не мела нічога супольнага. Аляксандр Каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі Акадэміі навук, адказаў рэзка і падтрымаў тую версію нацыянальнай гісторыі, якая ў цэлым адпавядае поглядам праеўрапейскай часткі беларускага грамадства.

Больш за тое, Латушку падтрымаў Павел Якубовіч, яшчэ адзін праўладны ветэран і галоўны рэдактар рупару рэжыму — газеты «Беларусь сегодня».
У сваім артыкуле ён назваў погляды рэакцыянераў на нацыянальную культуру савецкімі.
Іншы прыклад — нестандартныя публічныя дэбаты па эканамічных пытаннях восенню мінулага года, якія паказалі, што многія міністры падзяляюць рацыянальныя погляды і што на самым версе ўлады меркаванні разыходзяцца.
Акрамя таго, прэм’ер-міністр Мясніковіч падаецца больш незалежнай фігурай, чым папярэднія прэм’ер-міністры. Ён працаваў на кіроўных пасадах у беларускім урадзе задоўга да таго, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады.
Такіх выпадкаў занадта шмат, каб не браць іх пад увагу.
Ясна адно: розныя людзі з рознымі поглядамі ёсць нават у найбліжэйшым атачэнні Лукашэнкі. Беларуская ўлада — не маналітнае ўтварэнне. Насамрэч яна нават больш разнародная, чым улада Савецкага Саюза ў апошнія гады яго існавання.

Міліцыя будзе патрэбная і пасля Лукашэнкі

На жаль, пытанне пра тое, што такое супрацоўніцтва з рэжымам і што такое сам рэжым, зачаста застаецца без увагі. Тым не менш, яно мае вялікае значэнне, бо без адказу на яго кожны, хто не займаецца апазіцыйнай дзейнасцю непасрэдна, можа быць лёгка аднесены да памагатых рэжыму. І, што яшчэ больш важна, гэта адштурхоўвае шматлікіх чыноўнікаў, што ў будучыні адыграюць вырашальную ролю ў трансфармацыі беларускага рэжыму.

Роля беларускіх чыноўнікаў відавочная. Беларусь не падобная да заняпалых дзяржаваў, як некаторыя іншыя рэспублікі былога Савецкага Саюза. У параўнанні з балканскімі краінамі і многімі рэгіёнамі Расіі тут больш развітая інфраструктура. Каб падтрымліваць гэтую інфраструктуру, сістэму адукацыі і ахову здароўя, патрэбныя грошы. У прамыслова-развітай Беларусі даходы дзяржаўных прадпрыемстваў маюць найважнейшую ролю ў функцыянаванні ўрада. Санкцыі ЕС у дачыненні да беларускіх кампаній непазбежна пакараюць не толькі супрацоўнікаў гэтых кампаній, але і краіну ў цэлым.

Урэшце,

Лукашэнка выкарыстоўвае грошы не толькі каб плаціць КДБ, але і ў больш карысных для грамадства мэтах.
У траўні 2012 г. праведзенае пад эгідай ЕС даследаванне Юліі Карасцялёвай пра ўплыў мэтаскіраваных санкцыяў у дачыненні да Беларусі падкрэсліла, што шырокія санкцыі «патэнцыйна могуць прынесці вялікую шкоду эканоміцы ў цэлым, у першую чаргу закрануць уразлівыя групы насельніцтва, але менш эфектыўныя ў садзейнічанні трансфармацыі рэжыму».

Акрамя таго, даследаванне прызнае: Беларусь можа ў выніку апынуцца ў яшчэ большай ізаляцыі, што штурхне яе ў бок Расіі. Наступствы сапраўды могуць быць разбуральнымі — шматгадовыя намаганні прыйсці на заходнія рынкі пацерпяць крах.

Змаганне супраць дыктатуры не павіннае шкодзіць будучыні нацыі.
Апанентам рэжыму варта ўстрымлівацца ад анархісцкай антыдзяржаўнай прапаганды, якая часта з’яўляецца ў недзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Нават беларуская міліцыя ловіць не толькі актывістаў апазіцыі, але і злачынцаў. І няма ніякіх прычын яе дэманізаваць.

Урэшце,

кожнай дзяржаве патрэбныя турмы і паліцыя. Параўнанне беларускіх турмаў з нацысцкімі канцлагерамі або сталінскім палітычным тэрорам 1937 года несур'ёзнае, а толькі наносіць шкоду вобразу апазіцыі ў вачах простых беларусаў.

Многія органы беларускай улады нават сёння рэагуюць на арганізаваныя пратэсты і петыцыі. Вядома, яны караюць за грамадскую актыўнасць, але і мусяць на яе рэагаваць. Адзін з апошніх прыкладаў — публічны пратэст супраць буйнога кітайскага інвестыцыйнага праекта ў Смалявічах.

Грамадская апазіцыйная кампанія «Гавары праўду» дапамагала жыхарам, інтарэсы якіх былі закрануты, і, хоць пратэстам ходу не далі, улады хоць і пакаралі актывістаў «Гавары праўду» адміністрацыйным арыштам, але і накіравалі высокапастаўленага чыноўніка пагаварыць з пратэстоўцамі, каб дасягнуць паразумення.

Невялікае ядро кансерватараў ва ўладзе варта адрозніваць ад большасці дзяржслужбоўцаў, якія проста працуюць як могуць у цяперашніх умовах і таксама не супраць альтэрнатывы цяперашняму палітычнаму рэжыму.
Нішто не дапаможа Лукашэнку больш, чым зацятае непаразуменне паміж беларускімі чыноўнікамі і апазіцыяй.

Беларусь як дзейная дзяржава мае патрэбу ва ўрадзе, і гэты ўрад варта адрозніваць ад рэпрэсіўных органаў, створаных толькі для падтрымкі дыктатуры. Вырашаючы, ці ўяўляюць сабой чыесьці паводзіны службу або супрацоўніцтва з рэжымам, апанентам беларускай улады варта факусавацца на выніках дзеянняў, а не толькі на тым, хто гэтыя дзеянні ажыццяўляе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?