38 членаў Партыі БНФ ужо прынялі рашэнне вылучацца ад партыі кандыдатамі ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах, правядзенне якіх запланавана на верасень 2012 года. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні партыі, экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў 19 мая на пасяджэнні сойма.

Паводле меркавання Кастусёва, Партыя БНФ магла б вылучыць сваіх кандыдатаў па ўсіх 110 выбарчых акругах.

«Але ў многіх нашых лідараў у галаве засела думка аб тым, што ўдзел у выбарчай кампаніі павінен зводзіцца да байкоту выбараў. Аднак, як паказвае сітуацыя, на справе кампанію байкоту выбараў сур’ёзна ніхто рэалізоўваць не будзе», — заявіў палітык.

«Палову акруг мы ўсё ж закрыць, напэўна, зможам», — сказаў Кастусёў.

Рашэнне пра ўдзел у парламенцкіх выбарах Партыя БНФ прыняла на пасяджэнні сойма 28 студзеня.

Партыя мае намер вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты, але пакідае за сабой права зняць іх за некалькі дзён да галасавання.
«Калі да пачатку датэрміновага галасавання ў краіне застануцца палітзняволеныя і калі ўсе нашы прадстаўнікі не будуць уключаны ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, мы знімем сваіх кандыдатаў з выбараў», — тлумачыў лідар партыі Аляксей Янукевіч.

Аднак, як паведаміў сёння Рыгор Кастусёў, сярод членаў Партыі БНФ, якія плануюць вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты парламента,

ёсць і тыя, хто лічыць неабходным удзельнічаць у выбарах да канца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?