Гадавіна сакавіцкіх падзей была адзначаная прэм’ераю відэастужак.

19 сакавіка на кінафэсьце "Вясна-2006", што адбыўся на сядзібе БНФ, былі паказаныя стужкі “Плошча” Хашчавацкага, “У сьнягах драмае вясна” Патаранскага і “Ўрокі беларускай мовы” Дэмбіньскага.

Сёньня дакумэнтальны фільм пра леташнія падзеі – ня проста дакумэнтальны фільм.

Гэта гісторыя, у якую вяртаесься – і пра якую маўчыць зьляканая тэлевізія.

Гэта – палітычная мабілізацыя й натхненьне мінулым цудам.

Нарэшце – гэта мастацтва, якое мусіць перадаць сам дух Плошчы.

Усе стужкі насычаныя гістарычнымі кадрамі – і гэта надзвычай добра.

Стужка Патаранскага “У сьнягах драмае вясна” (прэзэнтаваная, як першая частка фільму) – паказвае Казуліна падчас прэзыдэнцкай кампаніі, тэлевізійны выступ Лукашэнкі на ўсенародным сходзе (са зьдзеклівым кадрыкам песьні “Слухай бацьку!”), Мілінкевіча, які сустракаецца з прэсай і выбарнікамі.

Карціна выглядае нарэзанай сыравінай для фільму, але й гэтая гістарычная сыравіна – нудная. Хаця за само захаваньне кадраў і хронікі аўтару трэба сказаць “Дзякуй”.

“Плошча” Хашчавацкага – распавядае пра новае пакаленьне. Дзяўчынка Даша, інтэрнэт-дзёньнікамі якой усе зачытваліся, гаворыць пра сакавік, пераадоленьне страху – і свабоду. Павал Севярынец, да якога Хашчавацкі езьдзіў у Малое Сітна – яшчэ адзін герой “Плошчы”.

І працінаюць нябачныя раней кадры разгрому намётавага мястэчка – і ўзьнесеных сьцягоў на Каліноўскага, твараў – і свабоды на маленькім пятачку беларускай зямлі.

Але Хашчавацкі губляецца, калі трэба падабраць форму для гэтай свабоды, волі – і духу Плошчы.

Ён у сваёй стыхіі – калі распавядае пра Лукашэнку і ягоных “духоўных” дзяцей. “Вершы Быкава” – мантаж слоў Лукашэнкі й сьведчаньне самога Быкава; гісторыя знакамітай фразы пра Гітлера; пэнсіянэры-правакатары, кіраваныя чалавекам у цывільным. Наіўна-сатырычныя пошукі незалежнай прэсы ў беларускіх шапіках – і сяляне, якія зусім заблыталіся ў сваёй любові-нянавісьці да ўлады.

Карціна можа натхняць саміх удзельнікаў сакавіку – кадры, сьведчаньні, словы, але ейная форма – ад “Звычайнага прэзыдэнту”. А ў выкрывальніцкай сатыры зусім іншыя мэты.

Як ня дзіўна, найлепшай “сакавіцкай” стужкай ёсьць “Урокі беларускай мовы” Дэмбіньскага. Падзеі менскай вясны, якія спачатку фільмаваліся, як рэпартаж для польскай тэлевізіі – паказаныя зацікаўлена й нязмушана.

Сёньняшнія стужкі пра Плошчу – гэта лірычны рэпартаж, пранізьлівыя сьведчаньні з застарэлай сатырычнаю формай і трэш-дэмакратычная сыравіна.

Мастакі ў разгубленасьці й толькі на подступах – каб паказаць душу Плошчы.

Адпаведнай формы для гэтага пакуль не знайшлі.

Мо, таму, што кіно яшчэ не завершылася?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?