У Расіі — скандал вакол фільма пра вайну.

Міністр культуры РФ Уладзімір Мядзінскі парэкамендаваў каналу НТВ не паказваць 22 чэрвеня новую стужку «Служу Савецкаму Саюзу». «Гэта можа быць успрынята многімі як абраза ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і нашай гістарычнай памяці», —
цытуе ліст Мядзінскага РІА «Навіны».

Кіно знятае паводле рамана Леаніда Менакера «Абед з д’яблам» рэжысёрам Аляксандрам Усцюговым.

У галоўных ролях здымаюцца Максім Аверын (той самы мент з серыяла «Глухар») і Нона Грышаева.
Дзея фільма разгортваецца напярэдадні і ў першыя месяцы вайны.
Герой Аверына, Міхаіл Данцоў, рэдактар газеты «Трудовой народ», прапусціў памылку ў прозвішчы таварыша Сталіна. У загалоўку на першай паласе стаяла «Сралін».
Журналіст, натуральна, апынаецца ў непіянерскім лагеры. Тым часам яго грамадзянская жонка,
спявачка Мяшчэрская, якую іграе Грышаева, адмаўляе Лаўрэнцію Берыі (Анатолій Журавін) у інтымнай блізкасці
(«Лаўрэнцій Палыч на рапуху падобны», — смяюцца яны з сяброўкай). Актрысу таксама садзяць, яна трапляе ў зэкаўскую тэатральную трупу, якая ездзіць па Гулагу з канцэртамі. Яе прыезд у лагер Данцова супадае з высадкай паблізу нямецкага дэсанту.
Энкавэдысты з аховы разбягаюцца, дазнаўшыся пра набліжэнне немцаў. Данцоў, былы герой Грамадзянскай вайны, пераконвае зэкаў даць адпор.
Яго падтрымліваюць нават блатныя
«Я не савецкі, я рускі мужык, і б'ю морду ў кроў кожнаму, хто палезе ў маю хату», —
кажа злодзей у законе. Зняволеныя бяруць зброю аховы, разбіваюць першы атрад немцаў, пасля бяруць зброю і форму немцаў і разбіваюць другі атрад.

Пра свой поспех Данцоў дакладвае па тэлефоне камандаванню.

У лагер вяртаецца ахова, усіх зэкаў арыштоўваюць за тое, што «сустракалі немцаў з белымі сцягамі», а перамогу прыпісваюць НКВД.
Мяшчэрская спрабуе дабіцца справядлівасці, тэлефануе Берыю. Той просіць перадаць слухаўку начальніку лагера і загадвае расстраляць актрысу. Зняволеных таксама «пускаюць у расход», а лагер паляць…

Фільм не грунтуецца на рэальнай гісторыі. Але,

у адрозненне ад іншых расійскіх «ваенных» стужак пуцінскага часу, тут няма лініі «кіруючай і накіроўваючай» ролі спецслужбаў, паказаныя рэпрэсіі, карная машына НКВД, разбэшчанасць і подласць савецкіх верхаводаў.
Іншымі словамі, у ім намнога больш неадназначнасці, а значыць, праўды пра той час. Па-за тым, кіно ігравое, у ім ёсць сюжэт, трагізм, каханне, смерць. Застаецца пытанне, чым «Служу Савецкаму Саюзу», на думку міністра культуры РФ, можа «абразіць ветэранаў»? Мо «Сраліным» на першай паласе газеты? Ці сцэнай расстрэлу змагароў з фашыстамі? Ці выявай галоўнага кадэбіста тых часоў, потнага юрлівага Берыі, якога пазней расстраляюць ягоныя ж калегі?
Адзіныя ветэраны, якія могуць абразіцца, пабачыўшы ўсё гэта, — ветэраны з аховы савецкіх канцлагераў.
Відаць, іх інтарэсы і бароняць расійскія ідэолагі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?