Гледзячы на неарыгінальную, але актуальную дыскусію пра дзвюхмоўе, якая пачалася пасля артыкулу Яна Максімюка, была падтрыманая Франакам Вячоркам, Віктарам Марціновічам и Сяргеем Дубаўцом, было немагчыма не задаць пытанне, лагічнае ў кантэксце гісторыі Беларусі: а чым з гэтага пункту гледжання польская мова горш за расійскую?

Можна сказаць, што Беларусь як краіна ці рэгіён — дакладней, «Беларусь», альбо тое, што мы сёння называем Беларуссю і што яшчэ 100–150 гадоў так не называлася — набыла постмадэрнісцкія рысы ці перадумовы задоўга перад тым, як з’явілася самое паняцце постмадэрнізму. Як прыклад — тутэйшая аўтахтонная «беларуская» эліта, якая перайшла на польскую мову і на момант раздзялення насельніцтва рэгіёна на нацыі ў другой палове 19 стагоддзя апынулася «па іншы бок мяжы» ад простанароднай большасці, якая і ўтварыла «сялянскую» сучасную беларускую нацыю.

Момант аўтахтоннасці і «тутэйшасці» тых, каго ў савецкай прапагандысцкай літаратуры прынята абазначаць з дапамогаю клішэ «польскія паны», патрабуе дадатковага падкрэслення. Князі Агінскія паходзяць ад смаленскіх баяраў і чарнігаўскіх князёў, Сапегі — са смаленскіх баяраў. Тадэвуш Касцюшка — нашчадак праваслаўнай шляхты. Паводле гісторыка Анатоля Грыцкевіча 80% феўдалаў на беларускіх землях былі ўласна беларускага паходжання-то бок перадусім нашчадкамі баяраў Полацкага, Турава-Пінскага і іншых рускіх княстваў. Пра «польскіх паноў», якія прыгняталі «беларускі народ» у любым выпадку казаць ніяк не выпадае.

Наша шляхта не была польскаю — гэта былі мясцовыя людзі.
Культурныя адрозненні паміж «беларускай» шляхтай і «беларускім» сялянствам 18–19 стагоддзяў былі такімі самымі, як розніца паміж расійскім дваранствам і расійскім сялянствам у той жа самы час.

Разам з элітаю «па той бок» апынулася і іншая вялікая частка тутэйшага аўтахтоннага насельніцтва, якая сёння ідэнтыфікуе сябе ў якасці «беларускіх палякаў», але мае куды большыя культурныя повязі з тымі, хто сёння аформіўся ў сучасныя нацыі беларусаў і літоўцаў, чым з «польскімі» палякамі-караняжамі.

Знакаміты партрэт беларуса Адама Міцкевіча, аўтарства беларуса Валянціна Ваньковіча

Знакаміты партрэт беларуса Адама Міцкевіча, аўтарства беларуса Валянціна Ваньковіча

Беларускі нацыянальны рух амаль ад самога свайго пачатку стаў разглядаць вялікіх літоўскіх князёў, Тадэвуша Касцюшку, Міхала Клеафаса Агінскага, Напалеона Орду як «сваіх» — не кажучы пра прадстаўнікоў «памежнай зоны», як Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Канстанціна Каліноўскага, Уладыслава Сыракомлі. І гэта цалкам абгрунтавана і правільна з пункту гледжання іхнай «тутэйшасці» і з пункту гледжання таго, што беларускі нацыяналізм па вызначэнні закліканы быць ідэалогіяй мясцовага самавызначэння, сродкам самапазнання і самаідэнтыфікацыі.

Але сказаўжы «А» беларускі мадэрнісцкі нацыяналізм пачатку 20 стагоддзя ў сілу сваёй сялянска-сацыялістычнай афарбоўкі так і не наважаўся сказаць «Б», якое можам сказаць мы: калі гэтыя людзі — «нашыя», дык і культура іхная — таксама «нашая».

Польская мова і тутэйшая краёвая польская культура, Агінскі, Манюшка, Міцкевіч, маюць дакладна ніяк не меншае (а ў некаторых выпадках — і большае) права разглядацца як праявы «беларушчыны» ў сэнсе «тутэйшасці», як і расійскамоўныя Алексіевіч, Міхалок і іншыя.

Больш за тое, «нашымі» з’яўляюцца і кіраўнік Рэспублікі Сярэдняя Літва Люцыян Жалігоўскі, і нават маршалак Пілсудскі. Яны ніколі не выракаліся ад сваіх «літвінскіх» каранёў, ніколі не выракаліся свае тутэйшасці.

У беларускай гісторыі заўсёды былі «заходнія» філарэты і філаматы, а былі «ўсходнія» саланевічы і каяловічы. І ў гэтым сімбіёзе Захаду і Ўсходу, каталіцтва і праваслаўя, «польскага» і «рускага», а калі глядзець глыбей у гісторыю — балцкага і славянскага, і ёсць характар Беларусі, гэта яе адвечная рыса. Цудоўная рыса. Як на двух крылах,

на працягу гісторыі наша ідэнтычнасць выжывала дзякуючы балансуючым элементам: у часы польскага дамінавання — дзякуючы праваслаўю і «русінству», у часы расійскага дамінавання (якія працягваюцца і зараз) — дзякуючы каталіцтву і «літвінству».

Акрамя паўночна-заходніх рэгіёнаў краіны крэсовая польскамоўная культура была амаль дашчэнту вынішчаная (у тым ліку і фізічна) савецкай уладаю. Яе рэшткі за 20 стагоддзе канчаткова трапілі ў інфармацыйную і культурніцкую залежнасць ад Варшавы, канчаткова пачалі ўспрымаць сябе ў якасці дыяспары і не задумваюцца пра нават гіпатэтычнае фармаванне нейкага асобнага не-польскага польскамоўнага цэнтру. Нават гіпатэтычнае ўзнікненне такога цэнтру яшчэ меней верагоднае, чым паўнавартаснае існаванне Беларусі ў якасці паўнавартаснага расійскамоўнага культурнага цэнтру. Хаця размова яшчэ можа весціся пра «дэпаланізацыю», інтэрнацыяналізацыю польскай мовы — у тым сэнсе, каб яна перастала разглядацца як мова толькі Польшчы і толькі палякаў, як нямецкая мова не з’яўляецца мовай толькі немцаў і толькі Нямеччыны.

Але што галоўнае для нас — гэта прынамсі

неабходнасць успрыяцця польскамоўнае беларускае спадчыны ў якасці неад’емнага складніку нашай традыцыі і нашай культуры.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?