Спытайце любога рэжысёра, які здымае фільмы з працягамі, на якой частцы франшызы варта спыніцца, каб не ганьбіцца і пакінуць пра сябе добрую памяць, і ён вам адкажа - на трэцяй. Усё ж такі трохчасткавую структуру твора ніхто не адмяняў.

Пачалі, разгайдаліся, пашумелі і скончылі, хопіць: да чацвёртага фільма героі ўжо апынаюцца ў доме састарэлых і спрабуюць успамінаць старыя добрыя часы перад паўпустымі кіназаламі.

Урэшце, «Матрыцаў» было тры, не кажучы ўжо пра «Уладара пярсцёнкаў".
Міла Ёвавіч будзе змагацца з зомбі хоць да пенсіі, але да «Прыстанку зла» ніхто ўжо сур'ёзна не ставіцца, а Індыяна Джонс з'явіўся ў нулявых, каб збэсціць нам успаміны дзяцінства, дзе яму самае месца.
Сёлета «Ледніковаму перыяду» споўнілася роўна 10 гадоў: менавіта ў 2002-м мамант Мэні падабраў дзіця першабытнага чалавека і пасябраваў са смешным ляніўцам Сідам і баязлівым шаблязубым тыграм Дыега.

У 2006 у «Ледніковым перыядзе — 2» здарылася глабальнае пацяпленне, а Мэні знайшоў сабе маманціху Элі, якая думала, што яна апосум, і спала ўніз галавой, абхапіўшы хвастом галінку. У 2009 шчаслівая пара хобатавых чакае ўжо прыбытку сямейства, але Юрскі перыяд так лёгка не адпускае, даводзіцца пабегаць ад раз'юшанай тыраназаўрыхі, чые яйкі скраў тупаваты Сід.

Тут час бы і закругляцца, але аўтары франшызы відавочна сцямілі, што тады скончаць гісторыю менавіта там, дзе пачаўся «Амерыканскі пірог».

Гэта значыць, нядрэнна было б паглядзець, як пачне сябе паводзіць падрослы нашчадак мамантаў у перыяд палавога выспявання.

У чацвёртай частцы працяг роду Мэні завуць гэтак жа, як дачку Боба Гэлдафа, - Пічэс, яна ўжо падлетак і закахалася ў галоўнага прыгажунчыка мясцовага схілу, які ўсюды ходзіць з дзвюма папулярнымі маманціхамі, у якіх чубкі і ледзь не сумкі «Біркін». Гэта вяршкі мясцовай эліты, і паводзяць яны сябе як бландынкі з «Кепскіх дзяўчат». Дзякуй богу, што «Ледніковы перыяд - 4» - дзіцячы мульцік, а не «Амерыканскі пірог».

Аднагодкі толькі злёгку здзекуюцца з таго, што тата не дазваляе Пічэс гуляць да паўночы (адзін з нямногіх «дарослых» жартаў у фільме: «Гуляць з хлопчыкамі ты зможаш толькі пасля маёй смерці. І тое пачакай яшчэ дні тры -- пераканайся, што я сапраўды мёртвы»).

Пакуль Мэні засцерагае дачку ад першай закаханасці, у жывёльным свеце постледніковага перыяду адбываюцца важныя працэсы, якія ў рэальнасці здарыліся за дзясяткі мільёнаў гадоў да таго, як жылі маманты.

У Галівудзе, як вядома, свая рэальнасць, мільён гадоў туды-сюды - дробязь і цалкам даравальнае дапушчэнне.
Усеагульная ўлюбёнка, вавёрка Скрэт, якая паводзіць сябе ў дачыненні да жолуда, як Горлум, які ўбачыў пярсцёнак, звалілася на самае ядро Зямлі і, паскакаўшы на ім, разагнала кантыненты па сусветным акіяне. Тэктанічны зрух пагражае знішчэннем звыкламу арэалу Мэні і яго каманды, іх выносіць у адкрыты акіян, дзе мамант, тыгр, лянівец і яго бойкая бабуля, што згубіла сківіцу, трапляюць у палон да разнамаснай хеўры піратаў (шымпанзэ, трус, цюлень, кенгуру і шаблязубая котка).
Уласна, модная пасля «Піратаў Карыбскага мора» тэма з захопамі суднаў - адзінае новае, што, па вялікім рахунку, з'явілася ў «Ледніковым перыядзе».
Ну, яшчэ Сіда абводзяць вакол пальца хітрыя сваякі, Дыега знаходзіць рамантычны інтарэс, маленькая маманціха ўсведамляе, што сям'я важнейшая за нейкага хлопца, ну, адкрылі па дарозе Амерыку раней за Калумба на дзясяткі тысяч гадоў ды прагны да жалудоў Скрэт затапіў па дарозе Атлантыду.
Нічога асабліва новага за паўтары гадзіны ў «Ледніковы перыяд - 4» не адбываецца. Як і ў «Амерыканскім пірагу - 4». Як і ў «Прыстанку зла - 4». Як і ў «Тэрмінатары-4», ды і ў «Шрэку-4» таксама.

Чацвёртая частка тут патрэбная (акрамя відавочнага - зарабляння лёгкіх грошай), каб Мэні зноў зрабіў добры твар, Сід пастроў дурня, Дыега праявіў высакароднасць і знайшоў сваю тыгрыцу, а Скрэт зноў крычаў, убачыўшы жолуд.

Мы ж любім вяртацца ў месцы, дзе нам было добра.

«Ледніковы перыяд» у сэнсе ідэй для далейшых сіквэлаў - удзячная глеба. Наперадзе яшчэ эвалюцыя неандэртальца ў homo sapiens, старажытныя Рым з Грэцыяй, куды маманты цалкам могуць трапіць дзякуючы вельмі вольнай фантазіі сцэнарыстаў
«Ледніковага перыяду» (сірэны ўжо ёсць у чацвёртай частцы). А потым, калі «арыгінальныя» ідэі вычарпаюцца, можна будзе зняць «Ледніковы перыяд - 21» пра знойдзенае нядаўна ў Сібіры замарожанае маманцяня, якое дазволіць біёлагам аднавіць яго ДНК і наогул увесь выгляд. І вось толькі тады можна будзе нарэшце аб'яднаць 2 франшызы і заадно іх страсянуць.

Гледачы! Рыхтуйцеся да «Ледніковага перыяду супраць Мадагаскара: Калі Мэні сустрэў Марці. Апошняя мутацыя».

І гэта не фантазія аўтара. У свеце, дзе Лінкальн сячэ сякерай вампіраў, каўбоі змагаюцца з іншапланецянамі, а Кіра Найтлі грае Анну Карэніну, магчыма ўсё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?