Сяргей Аляхновіч, Швецыя, 2009 год. У кепцы Руслана Салея і футболцы Сяргея Карніленкі.
Футбольная зборная Беларусі ў нядзелю выйдзе на матч супраць бразыльцаў (17:00) прыкладна тады, калі пад Маладзечнам правядуць у апошні шлях Сяргея Аляхновіча — выдатнага спартовага журналіста, зь якім мы былі перш за ўсё сябрамі, а ўжо пасьля — калегамі.
Форвард беларускай зборнай Сяргей Карніленка ня зможа прыехаць на пахаваньне
Вядома ж, будзе складана. Але канцоўка гульні супраць Новай Зэляндыі была шматабяцальнай— толькі кураж брамніка О’Кіфі дазволіў нашым супернікам скончыць матч з прыстойным лікам. Ну і перакладзіна разок згуляла пасьля ўдару Карніленкі.
Стартавы матч бразыльцаў на гэтай Алімпіядзе паказаў магутнасьць бразыльскай атакі і пэўную імпатэнцыю бразыльскай абароны. Рафаэль, Леандру і Нэймар забілі ў першым тайме, але пасьля перапынку эгіпцяпе ледзьве не адыграліся. 3:2 — са скрыпам, але перамогу лацінаамэрыканцы ўтрымалі. Няма нічога немагчымага — галоўная выснова, якую мусяць зрабіць з гэтага беларускія футбалісты напярэдадні першага ў гісторыі афіцыйнага матчу супраць Бразыліі. Першага, прынамсі, на такім узроўні.
У гэтым матчы я буду перажываць ня толькі за Беларусь, але і персанальна за Карнілу — няхай ён заб’е і падыме вочы ўверх. А адтуль яму будзе радасна ўсьміхацца Аляхновіч.





