У суботу на арэне «Жальгірыс» у Каўнасе сабралася каля 15 тыс. прыхільнікаў амерыканскага гурта Red Hot Chili Peppers. Усе квіткі на канцэрт былі раскупленыя ў першыя дні пачатку продажу квіткоў.
Перад пачаткам выступу «перцаў» гледачы вырашылі зрабіць музыкам сюрпрыз і прыляпілі сабе вусы. Такім чынам яны хацелі павітаць новы імідж вакаліста групы Энтані Кідзіса, у венах якога цячэ літоўская кроў.
Э.Кідзіс павітаўся з публікай на літоўскай, праўда, некалькі няўпэўнена: "Lavas vakaras. Ačiū". Аднак адразу пасля першай песні яго сціпласць знікла.
«Мы вельмі рады быць тут. Два амерыканцы, адзін аўстраліец і адзін літовец», - пасля гэтых слоў басіста Flea зала вітала аглушальнымі апладысментамі.
Сцэну музыкі ўпрыгожылі літоўскім сцягам.
Канцэрт быў гарачым, і сам Энтані, здаецца, быў задаволены публікай.
Музыкі такога ўзроўню звычайна сканчаюць сваю праграму, не выходзячы на «біс». Але на гэты раз музыкі зрабілі для літоўскай публікі выключэнне і выканалі яшчэ некалькі песень з новага альбома.
«Сустрэнемся яшчэ раз, Літва», - паабяцаў Э.Кідзіс, сканчаючы канцэрт, які доўжыўся больш за дзве гадзіны.
RHCP праехалі міма Беларусі, выступіўшы ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве, Варшаве і кіруючыся цяпер у Талін.





