У Магілёве застаўся без працы актывіст Партыі БНФ Уладзімір Трызуноў. Ён рабіў грузчыкам на хлебазаводзе.

Як сцвярджае актывіст, звольнілі яго за тое, што ён сфатаграфаваў, а потым апублікаваў у інтэрнэце фота таго, як захоўваюцца на прадпрыемстве прадукты, з якіх пякуць слодычы. Фармальная прычына звальнення Трызуноў — прагул.

Грузчыкам на хлебазаводзе Уладзімір Трызуноў адпрацаваў чатыры месяцы. Як заяўляе актывіст, сваіх апазіцыйных поглядаў у працоўным калектыве не хаваў. Убачыўшы расталы маргарын, сфатаграфаваў яго на мабільны тэлефон.

«Яго закупілі зашмат. Ён не ўмяшчаўся ў лядоўні. Яго перапрацоўвалі на пячэнне, якое вырабляюць на прадпрыемстве. Маргарын збіралі чым маглі і ратавалі. Усе, хто працаваў на змене. Ён расцёкся, растаў. Я сам удзельнічаў у зборы гэтага расталага маргарыну. Я сам яго збіраў. Я бачыў на ўласныя вочы, што там адбывалася. Там быў не толькі маргарын, але і дрожджы», — апавядае Уладзімір Трызуноў.

Па ягоных словах, маргарын збіралі ў бочкі, чаны, а пасля выкарыстоўвалі, хоць па нормах ён павінен захоўвацца ў халадзільніках.

На самім прадпрыемстве сітуацыю з расталым маргарынам каментаваць адмаўляюцца. Удакладніць прычыну звальнення Уладзіміра Трызунова таксама не ўдалося. У працоўнай кніжцы актывіста пазначана, што ён звольнены за прагул.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?