Урад паставіў задачу забяспечыць беларусаў недарагім новым жыллём. Што для гэтага неабходна? Перагледзець тыпавыя праекты і спрасціць планіроўкі, зрабіць жыллё максімальна кампактным, адмовіцца ад «лішнасцяў» у выглядзе кладовак, даўгіх калідораў і прасторных кухняў.

На думку экспертаў, сёння для маладой сям’і без дзяцей дастаткова маламетражкі плошчай 20–25 квадратных метраў. Мяркуючы па ўсім, хутка гэтыя планы пачнуць ператварацца ў жыццё.
У ЗАТ «Белзамежбуд» ужо распрацаваны праект першага комплексу жылых дамоў з малагабарытныя кватэрамі.

Як піша «Строительная газета», зараз падбіраецца ўчастак для будаўніцтва комплексу на тэрыторыі Мінска і Мінскага раёна. Пяціпавярховыя дамы будуць складацца з жылых памяшканняў плошчай 25 і 30 кв. м.

«Гэта будзе калідорны тып жылля з агульным адзіным уваходам,
— тлумачыць начальнік упраўлення праектных работ ЗАТ „Белзамежбуд“ Вадзім Дражын. — У склад кватэры, якая нагадвае гасцінічны нумар, уваходзіць выдзелены санітарны вузел і жылое памяшканне. Пакой умоўна дзеліцца на зоны: кухонная, абедзенная, працоўная і зона камунікацыі, якая лёгка трансфармуецца ў спальнае месца».

Як адзначае выданне, кватэры-студыі арыентаваны ў першую чаргу на студэнтаў, маладыя сямейныя пары, пенсіянераў, гэта значыць тых людзей, якія маюць патрэбу ва ўласным жыллі і пры гэтым могуць досыць камфортна пачувацца ў «малагабарытцы».

У кампаніі «Белзамежбуд» ўпэўненыя: размяшчэнне такіх дамоў у існуючай забудове не перагрузіць школы і дзіцячыя сады, паколькі на кватэры будуць прэтэндаваць у асноўным сям’і без дзяцей або самотныя грамадзяне.

Галоўная перавага такога тыпу жылля — яго даступнасць. Па некаторых дадзеных, кошт кватэры ў сучаснай «маласямейцы» будзе супастаўны з цаной новага аўтамабіля.

Варта адзначыць, беларускія праекціроўшчыкі — не першапраходцы. Такія праекты рэалізаваныя ў Расіі, Латвіі, Літве, Германіі і іншых краінах, дзе малагабарытныя кватэры будуюць не толькі для таго, каб зрабіць таннейшым жыллё, але і каб падбудаваць яго пад лад жыцця людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?