За 20 кіламетраў ад Мінска, побач з маскоўскай трасай, на полі працуюць мужыкі. Кожны год летам пра іх раптам успамінае краіна. На перадавіцах газет друкуюць іх партрэты, крыху пазней чыноўнікі ў белых кашулях будуць уручаць найлепшым з іх лядоўні і «Жыгулі». Адкінем патрыятычную мішуру: б’юцца беларускія камбайнеры не за сацыялістычныя рэкорды, а уколваюць дзеля сваіх сем’яў.
Андрэю Ржэўцкаму 30 гадоў. Ён працуе ў арганізацыі са складанай назвай: АСП «Саўгас „Мінскі“ ААТ „Дор ОРС“». У багацці абрэвіятур — сутнасць сельскагаспадарчых рэформаў апошніх гадоў. Мянялі многае, а саўгасам, як бы яго ні звалі наверсе, «Мінскі» застаўся ўсё роўна.
Ржэўцкі — камандзір экіпажа. Яго працоўны дзень пачынаецца ранняй раніцай. Трэба агледзець камбайн, падкруціць тое, што разладзілася.
— «Палессе» — камбайн нядрэнны, — кажа Андрэй. — Толькі кандыцыянер у кабіне марозіць слаба. Жатку даводзіцца рэгуляваць. А так нармальныя машыны ў Гомелі робяць.
— На замежных працавалі?
Я — не.
Камбайны гудуць, як рэактыўныя самалёты. Грае радыё, якое Андрэй прынёс з сабой. У кабіне душна. Адчынілі дзверы — дарма. Вецер, збожжавая «габлюшка» б’е па твары, забіваецца пад вопратку. У некаторых на гэты пыл алергія. Андрэй даўно прывык.
Мы робім кола, бункер напоўнены: час выгружаць. За камбайнам брыдуць буслы. Быццам дэлегацыя чыноўнікаў прыехала правяраць якасць работ. Буслы, зрэшты, для камбайнера — сябры.
— Вучыўся ў Бялынічах, у ПТВ. Спецыяльнасць — экскаватаршчык. З 2008 года ў саўгасе. Жанаты, двое дзяцей, ёсць машына «Аўдзі», — сваю біяграфію ён расказвае за хвіліну.
— Жывём неяк. Вось зараз абяцаюць добра заплаціць.
Камбайнерам плацяць за намалот. У выходныя — па двайной стаўцы, можна зарабіць 1,5 млн. За ліпень Ржэўцкі, лідар у сваім АСП ААТ і другі нумар у раёне, атрымаў 8 млн чыстымі без уліку надбавак за стаж і класнасць. З імі больш.
— У цэлым за ўборачную мільёнаў 15 зараблю.
Гэта цяжкая манатонная праца. У 8 гадзін вечара, калі праца завершаная, ломіць спіну, гудзе ад вібрацый і шуму галава.
— Буду працаваць тут, у саўгасе. Пакуль будзе здароўе. Нывучанне, кар’ера? Ну вы смешныя! У мяне сям’я. І не ўсім у Мінску сядзець, — кажа ён пра свае планы. — Можа, сын захоча ў офіс, калі вырасце. Але гэта ён сам няхай выбірае.
Збожжа загрузілі, далей яго вязуць на сушку. Патрабаванні да кіроўцы — не марудзіць, але і не дапускаць стратаў падчас транспартавання. Калі растрасеш на калдобіне ўраджай, начальства здыме прэмію.
Вытворчы цыкл просты: прывезлі, высушылі, згрузілі на склад. Ураджай у «Мінскім» сёлета добры, спрацавалі нармальна.
— Акрамя зарплаты найлепшыя камбайнеры атрымліваюць прэміі па выніках сацспаборніцтваў, — кажа галоўны аграном саўгаса Сяргей Мацюшэнка. — За першае месца — мільён. Плюс ім даюць збожжа.
Аграном запэўнівае, што ў гаспадарцы не п’юць і не парушаюць дысцыпліны. Гэта нявыгадна работнікам.
— За ўсе парушэнні зразаем зарплату. Можна шмат страціць. Павінен, напрыклад, у дзень атрымаць 500 тыс., а калі праштрафіўся, атрымаеш 100. Хлопцы малайцы, працуюць добра.
У саўгаснай «актавай зале» вісіць савецкі плакат: «Хлеб — усяму галава». Насупраць — табліцы з заробкамі. «Усё празрыста, кожны бачыць, колькі напрацаваў», — кажуць супрацоўніцы дыспетчарскай.
«Матэматыка» сельскага заробку выглядае наступным чынам:
Лагічна: колькі прыбраў — столькі і атрымаў. На рэспубліканскія «Дажынкі» са сваімі намалотамі камбайнеры саўгаса дакладна не трапяць, а вось на абласныя — цалкам можа быць.
Ці годна аплачваюць працу хлебароба? Рытарычнае пытанне. На камеру яны, вядома, кажуць, што ўсё ў парадку. Хоць, як і ўсе, шмат страцілі ў леташніх эканамічных хістаннях. Там, дзе атрымлівалася паўтары тысячы даляраў, цяпер 1000. А заданні ўсё растуць і растуць, планы не ўціскаюць, абвешчаная галоўкамам бітва за ўраджай не спыняецца…
Зрэшты, якая бітва? Рэкорды? Няхай застаюцца ў тэлевізары. «Я не думаю пра вынікі. Так атрымліваецца. Проста працаваць дрэнна — нявыгадна», — разважае Андрэй.
Пакуль сезон, пакуль плацяць, камбайнеры будуць ўколваць. Наперадзе ў іх небагатая саўгасная зіма.