ЕС ужо не раз казаў пра тое, што зарукай нармальнага дыялогу з беларускімі ўладамі, з’яўляецца вызваленне палітычных вязняў, сцвярджае новы пасол Літвы ў Беларусі Лінас Лінкявічус. Сітуацыю ў суседняй краіне ён называе неадназначнай і галоўную сваю місію бачыць у назіранні за сітуацыяй і наладжванні кантактаў, піша Delfi.

— Ваша ўступленне на пасаду пасла супала з шэрагам неспрыяльных падзей — «дэсант» плюшавых мядзведзяў, непрацяг акрэдытацыі шведскаму паслу і г.д. Як бы Вы ахарактарызавалі сітуацыю?

— Сітуацыя ў нас заўсёды была неадназначнай, і раней, і цяпер, і, напэўна, і ў будучыні будуць праблемы.
Але задача пасольства заключаецца ў тым, каб быў кантакт, вёўся дыялог, і ў гэтым я бачу сваю задачу, як кіраўніка амбасады.

… Што да будаўніцтва АЭС, то гэта права кожнай дзяржавы будаваць на сваёй тэрыторыі рознага роду аб’екты, у тым ліку і АЭС. Мы выказалі сваю заклапочанасць і той факт, што яна будзе будавацца так блізка ад нашай мяжы, мы не лічым жэстам добрай волі, і даверу гэта, вядома, не дадае. Адзінае, чаго мы жадаем, каб будаўніцтва ажыццяўлялася паводле міжнародных нормаў канвенцыі ESPOO.

Мы хочам, каб усё было празрыста, каб мы маглі быць перакананыя, што будаўніцтва ідзе якасна і адпавядае ўсім стандартам.
На жаль, пакуль што такога дыялогу, як мы б хацелі, не атрымліваецца. А ў гэтым павінна быць узаемная цікавасць, у тым ліку і Расіі, бо яна будуе гэты аб’ект, яе тэхналогіі і фінансаванне. Так што ўсе павінны быць зацікаўлены ў тым, каб гэты праект быў якасны, празрысты і, самае галоўнае, бяспечны.

— У адным інтэрв’ю вы казалі пра тое, што з Беларуссю не трэба размаўляць мовай ультыматумаў. Такія варыянты еўрапейская супольнасць ўжо мела, аднак пасля выбараў Лукашэнкі ЕС прызнаў памылковасць палітыкі дыялогу. Вы мяркуеце, што гэта ўсё ж такі правільны шлях — адсутнасць ультыматумаў? З аўтарытарнымі рэжымамі можна размаўляць інакш?

— Я растлумачу сваю думку. Я меў на ўвазе тое, што, на жаль, часам прыходзіцца пераходзіць на мову ультыматумаў і санкцый. І, як мы ведаем, гэта адбываецца і зараз, санкцыі ўхваленыя ў ЕС калектыўна і Літва таксама ў гэтым удзельнічае.

Але, я мяркую, гэта павінна быць крайняя мера, асабліва ў дачыненні да суседзяў. Неабходна, каб мы маглі размаўляць не ўльтыматыўным спосабам, а нармальным тонам, тады наш партнёр лепш пачуе тое, што мы хочам сказаць,
і мы, у сваю чаргу, пачуем яго. Так што размова ультыматумамі — гэта крайняя мера, якая часам ужываецца, але яна не павінна быць нормай.

— Ці прыносяць кропкавыя санкцыі ЕС які-небудзь вынік?

— Гэта вельмі складанае пытанне. Трэба ацэньваць усе аспекты, а не толькі іх прамое ўздзеянне.

Калі мы будзем канкрэтна казаць пра абмежаванне паездак беларускім чыноўнікам, то эфект, вядома, ёсць, бо яны не могуць выехаць. Але калі мы кажам пра эканамічныя санкцыі, то трэба ўсё асцярожна ўзважваць, каб яны не наносілі ўдар па простых людзях і двухбаковых эканамічных адносінах,
сумесных праектах нашых краін. Рашэнні ў гэтым выпадку трэба прымаць вельмі ўзважана і абачліва.

— Як адбіваецца на адносінах Літвы і Беларусі наяўнасць палітычных зняволеных?

— ЕС высоўвае цвёрдыя патрабаванні і ўмовы, каб палітычныя зняволеныя былі выпушчаныя і рэабілітаваныя.
Гэта залог нармальнага дыялогу, пра гэта гаварылася не раз, і наяўнасць гэтай праблемы адназначна ўскладняе дыялог.

— Пасля прэзідэнцкіх выбараў і далейшых падзей удзел Беларусі ў ініцыятыве ЕС Усходняе партнёрства затармазіўся. Якія перспектывы вы бачыце для гэтай краіны ў згаданай ініцыятыве?

— Усё залежыць ад зацікаўленасці самой Беларусі, але ў прынцыпе, я лічу, любы канал для кантактаў, дыялогу, у тым ліку і Усходняе партнёрства вельмі важны.
Зараз у поўнай меры не атрымліваецца весці такі дыялог, і мы павінны пастарацца захаваць ідэю УП і пераканаць другі бок, што ад гэтага ёсць карысць. А карысць ад гэтай ініцыятывы шматпланавая — кантакты з грамадзянскай супольнасцю, і дзяржавай, распаўсюд нашага погляду на жыццё і каштоўнасці, каб былі знятыя штучныя пытанні. Вельмі шмат перспектыў, але пакуль што паўнацэнна іх рэалізаваць не атрымліваецца. Але, я думаю, што ўсё можа атрымацца, нядаўна кіраўнік МЗС Беларусі быў у Брусэлі, таму казаць пра тое, што ўсё цалкам замарожана нельга, ёсць вялікі патэнцыял.

— Шэраг паслоў падчас снежаньскіх падзей 2010 года ў Мінску, у тым ліку і ваш папярэднік Эдмінас Багдонас, прыйшлі на плошчу Незалежнасці, каб падтрымаць тых, хто выйшаў на акцыю пратэсту. Вы гатовыя паступіць сапраўды гэтак жа?

— Задача паслоў і пасольстваў, дыпламатаў наводзіць кантакты з усімі пластамі насельніцтва — з дзяржавай, бізнесменамі, моладдзю і апазіцыяй. Не павінна быць выключэнняў. Дыпламаты не ўдзельнічаюць ва ўнутраным палітычным жыцці гэтай краіны і не павінны займаць чыйсьці бок, паколькі гэта неаб’ектыўна і некарэктна. Але назіранне за падзеямі ажыццяўляецца, у тым ліку ў практыцы дыпламатаў ЕС. Так што я бачу магчымасць назірання, але не ўдзелу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?