Ураджэнец Грузіі, грамадзянін Расіі Бандо Шалікіяні, забіты ў Мінску 7 жніўня, апошнія некалькі гадоў браў удзел у перадзеле ўласнасці ў Расіі ў сферы нафтавага бізнесу,
паведамілі ў беларускіх праваахоўных органах.

Паводле інфармацыі, якая маецца ў іх, Шалікіяні мае дачыненне да рэйдарскага захопу аднаго з расійскіх прадпрыемстваў нафтавай прамысловасці. Цана пытання складала некалькі мільёнаў долараў.

Як паведамлялася раней, 7 жніўня каля 1.10 у двары жылога дома № 31 па вуліцы Кузьмы Чорнага ў Мінску ў пацярпелага, 45-гадовага грамадзяніна Расіі, было зроблена некалькі стрэлаў, у тым ліку ў галаву, з агнястрэльнай зброі.
Па гэтым факце Следчым камітэтам распачата крымінальная справа на падставе ч. 1 арт. 139 (забойства) Крымінальнага кодэкса.

У СК не выключылі, што ва ўчыненні забойства бралі ўдзел некалькі чалавек. Адпрацоўваюцца ўсе магчымыя версіі злачынства. Адна з асноўных — заказное забойства, звязанае з крымінальнымі разборкамі.

Вечарам 8 жніўня ў праграме «Панарама» тэлеканала «Беларусь 1» вядучая заявіла, што забойства — вынік разборак міжнародных злачынных груп. Імя забітага — Бандо Шалікіяні, грамадзянін Расіі.

Не такім катэгарычным быў старшыня СК Валерый Вакульчык.
Паводле яго слоў, у забітага былі дакументы на імя Паўлава Бандо Зурабавіча, грамадзяніна РФ. Пры гэтым Вакульчык не выключыў, што загінулым можа быць і ўраджэнец Грузіі Бандо Шалікіяні. «Адназначна сказаць пакуль мы не можам», — зазначыў кіраўнік СК у эфіры «Панарамы».

Ён паведаміў, што Шалікіяні аб’яўлены МУС Грузіі ў міжнародны вышук па абвінавачанні ў датычнасці да с тварэння ўзброенай злачыннай групоўкі і вымагальніцтве. «Гэты грамадзянін быў звязаны з крымінальным светам, і мы не выключаем, што маглі быць і крымінальныя разборкі», — сказаў Вакульчык.

Нагадаем, пра тое, што ў Мінску забіты экс-дэпутат парламента Грузіі, бізнесмен Бандо Шалікіяні і мужчына, які яго суправаджаў, днём 7 жніўня паведамілі грузінскія СМІ. Інфармацыю пра другога забітага ў беларускіх праваахоўных органах абверглі адразу.

Як паведаміў парталу «Новости-Грузия» былы дэпутат грузінскага парламента Валерый Гелбахіяні, які сустракаўся з Шалікіяні ў Беларусі, калі некалькі гадоў жыў там, «Шалікіяні быў застрэлены кілерам». «Я раніцай патэлефанаваў маім сябрам, якія жывуць у Мінску, і яны мне паведамілі, што Шалікіяні быў забіты кілерам, іншыя абставіны гібелі Шалікіяні мне невядомыя», — сказаў ён.

«Новости-Грузия» сцвярджае, што «Шалікіяні лічыўся найбольш уплывовай асобай у рэгіёне Імерэці (Заходняя Грузія, найбуйнейшы горад рэгіёна — Кутаісі).
Ён кантраляваў бізнес нафтапрадуктаў і валодаў тэлекампаніяй «Кутаісі». У той жа час Шалікіяні не раз абвінавачваўся рознымі палітычнымі сіламі, у тым ліку экс-губернатарам Імерэці, у сувязях з крымінальным светам.
    5 сакавіка 2004 года мажарытарны дэпутат парламента Грузіі ад Ткібулі Бандо Шалікіяні быў затрыманы падчас спецаперацыі. Паводле звестак паліцыі, пры вобыску ў яго доме была знойдзеная агнястрэльная зброя розных відаў. Шалікіяні былі выстаўленыя абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, у прысваенні чужой маёмасці і ў незаконным захоўванні агнястрэльнай зброі.
    22 ліпеня 2004 года Шалікіяні быў вызвалены з папярэдняга зняволення. Як тады паведамілі «Новости-Грузия» ў Генеральнай пракуратуры, Бандо Шалікіяні па ўласнай волі перадаў дзяржаве санаторый «Саірме», які ўваходзіў у яго ўласнасць, а таксама долю акцый на аўтазаводзе, электрамеханічным і трактарным заводах. Шалікіяні таксама выплаціў 280 тыс. лары (190 тысяч долараў) у кошт кампенсавання ўрону, нанесенага ў выніку яго дзейнасці дзяржаве.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?