Журналіст Уладзімір Чудзянцоў апублікаваў у сваім блогу ў Facebook фатаграфію дыпламатычнага пашпарта Аляксандра Лукашэнкі. Здымак быў зроблены ў часе экскурсіі ў новаадкрыты Музеі беларускай дзяржаўнасці.
«Гэта менавіта дыпламатычны пашпарт Лукашэнкі. Пасля таго, як ён стаў нядзейным паводле тэрміну дзеяння, яго перадалі ў музей», — адзначыў журналіст.
Гэты пашпарт выдалі ў 1997 годзе. Тэрмін яго дзеяння скончыўся ў 2002-м.
Пры гэтым транскрыпцыя імя і прозвішча Лукашэнкі пададзена з расейскай мовы, хоць імя па правілах транскрыпцыя павінна быць з нацыянальнай, беларускай мовы.
Месцам нараджэння Аляксандра Лукашэнкі ўказаны Магілёў, хоць нарадзіўся ён у пасёлку Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.Дата нараджэння — 30 жніўня 1954 года. Але пазней у якасці дня нараджэння стаў указвацца дзень 31 жніўня.
Нарэшце, адсутнічае абавязковы для ўсіх асабісты нумар.
Уладзімір Чудзянцоў абяцае неўзабаве вялікі рэпартаж на партале Tut.by.





