22 жніўня ў малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск, пр-т Незалежнасці, 47) адкрылася выстава графікі Галіны Лазарчык «1+1=69».

Гэта серыя малюнкаў у жанры эратычнай мініяцюры, у якой аўтар працуе на працягу апошніх гадоў. Гумар і абагульненасць выяваў не пакідаюць месца для пошласці. Мастачка улоўлівае ўсе магчымыя нюансы асабістага жыцця, у якім ад смешнага да трагічнага — адзін крок.

«Шматвяковая гісторыя і ўся сусветная культура „напоўненыя“ ўзаемаадносінамі паміж мужчынам і жанчынай, — тлумачыць аўтар, — таму само каханне ўжо выступае як культурная каштоўнасць.
У сваіх малюнках мне не хацелася быць аднабаковай, арыентуючыся толькі на ўзнёслыя эмоцыі. Адносіны паміж людзьмі шматгранныя і супярэчлівыя, а значыць, у іх ёсць месца эратызму, грубасці, утрапёнасці, здрадзе і г.д.
Мой праект пад назвай „1+1=69“ дэманструе як мага большую колькасць бакоў узаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай».

«На вашых працах выявы таго, чаго вам не хапае?» — на гэтае правакацыйнае пытанне Галіна Лазарчык (на здымку 1) з усмешкай адказвае: «Не, гэта тое, чаго ў мяне занадта шмат».

Выстава працягнецца па 2 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?