Саакашвілі прыйшоў на ўчастак з жонкай і сынам.

Саакашвілі прыйшоў на ўчастак з жонкай і сынам.

Прэзідэнт Грузіі прызнаў перамогу апазіцыйнай кааліцыі «Грузінская мара» на выбарах у парламент па партыйных спісах. «Мы павінны навучыцца працаваць разам, нягледзячы на напружаную перадвыбарную кампанію», — прымірэнча сказаў Міхэіл Саакашвілі, выступаючы па тэлебачанні. Дарэчы, на ўчастак для галасавання Саакашвілі прыйшоў разам са сваім малым сынам і жонкай (яна ў яго нідэрландка).

З 150 дэпутатаў 77 абіраліся па спісах (паводле прапарцыйнай сістэмы), 73 — па мажарытарных (аднамандатных) акругах.
Аб’яднаны нацыянальны рух разлічваў на аднамандатнікаў. Аднак па меры падліку галасоў стала ясна, што апазіцыя атрымае ў парламенце большасць.

Застаецца пытаннем, ці пройдзе ў парламент трэцяя сіла: у Грузіі гэта правацэнтрысцкія Хрысціянскія дэмакраты.

Партыя Саакашвілі стаіць на дзяржаўніцкіх пазіцыях, у эканоміцы трымаецца ліберальнага курсу.
Пры Саакашвілі Грузія дасягнула фенаменальных поспехаў у барацьбе з карупцыяй, а тэмпы эканамічнага росту былі найвышэйшымі ў рэгіёне. Саакашвілі таксама вёў краіну курсам на інтэграцыю ў Еўрасаюз і НАТА. Гэтая палітыка праводзілася на ўсіх узроўнях: нават з масавым вывучэннем англійскай мовы. Грузінскі кантынгент у Іраку і Афганістане быў адным з найбольшых.
У той жа час правалам скончылася спроба Саакашвілі сілай аднавіць тэрытарыяльнае адзінства краіны.
Пасля кароткай вайны ў Асеціі ў 2008 годзе грузінскія сілы мусілі адступіць, а горны раён занялі расійскія часткі. У тым канфлікце загінула каля 400 вайскоўцаў і мірных жыхароў з абодвух бакоў.
Апазіцыйная «Грузінская мара» складаецца з палітыкаў рознага гатунку.
Стракатую кааліцыю аб’ядналі грошы мільярдэра Бідзіны Іванішвілі, які мае адначасова з грузінскім яшчэ і грамадзянства Расіі і Францыі. Саакашвілі вінаваціў «Мару» ў сувязях з Масквой і выкарыстанні расійскіх грошай у кампаніі. Расія надае такую вялікую ўвагу Грузіі, бо гэтая закаўказская краіна — незаменнае звяно ў транзітным ланцужку між Еўропай і Цэнтральнай Азіяй.
Апазіцыя правяла надзвычай дарагую выбарчую гонку, што скончылася 100-тысячным мітынгам у Тбілісі ў суботу.
Іванішвілі бэсціў Саакашвілі за дыктатарскія замашкі і празмерную жорсткасць пры барацьбе з крыміналам. Але нават апазіцыя не ставіць пад сумнеў сумленнасці падліку галасоў, а СМІ ў краіне застаюцца свабоднымі.
Новаабраны парламент будзе засядаць не ў Тбілісі, а ў Кутаісі: адна з рэформаў, задуманых Саакашвілі, каб даць імпульс развіццю рэгіёнаў.
Парламент набудзе большю вагу: іншай рэформай былі абмежаваны паўнамоцтвы прэзідэнта і павялічаны — парламента і прэм’ера.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?