Мінгарвыканкам дазволіў незалежнаму прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) правесці пікет 7 кастрычніка, у сусветны Дзень барацьбы за годную працу,
паведаміў лідар прафсаюза Генадзь Фядыніч.

Паводле яго слоў, арганізатары заяўлялі правядзенне пікета на трох пляцоўках Мінска. «Нам не дазволілі праводзіць мерапрыемсвта каля фантана Кіеўскага сквера і ў парку 50-годдзя Кастрычніка. Мы атрымалі дазвол на правядзенне пікета толькі на плошчы Бангалор», — сказаў Фядыніч.

Пікет, паводле яго слоў, дазволены з 11 да 14 гадзін. Колькасць удзельнікаў мерапрыемства — да 30 чалавек.

«Паколькі 7 кастрычніка адзначаецца сусветны Дзень барацьбы за годную працу, лозунгі ў нас будуць адпаведныя. Нягледзячы на дэкларуемае павелічэнне зарплаты, яна не паспявае ні за цэнамі ў магазінах, ні за ростам камунальных паслуг. Мы яшчэ рыхтуем аналіз дзеянняў урада і выпрацоўваем да яго адпаведныя патрабаванні, якія будуць вылучаныя на пікеце», — сказаў Фядыніч.

Такая старанная падрыхтоўка, паводле яго слоў, абумоўлена разуменнем сітуацыі ў эканоміцы.
«Мы разумеем, што зарплата не павінна ісці ўразрэз з прадукцыйнасцю працы, інакш гэта прыводзіць да інфляцыі. Аднак забяспечыць умовы для росту прадукцыйнасці працы, збыт прадукцыі — гэта клопат кіраўніцтва», — мяркуе Фядыніч.
Паводле яго слоў, аналагічны пікет быў забаронены ў Магілёве.
«Нашы актывісты збіраліся правесці яго ў цэнтры горада, насупраць будынка гарадской адміністрацыі. Прычына забароны — выбранае месца не падыходзіць для публічных акцый», — сказаў Фядыніч.

Пакуль, заначыў Фядыніч, ён не мае інфармацыі пра дазвол або забарону гэткіх жа пікетаў у Гомелі, Віцебску і Брэсце. «Наколькі я ведаю, там нашы актывісты падавалі заяўкі на дазволеныя для пікетаў месцы», — паведаміў прафлідар.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?