Пад заклад вызваленыя фігуранты справы МММ Уладзімір Сіткоўскі, Дзмітрый Несцярчук і Сяргей Цвячкоўскі. Яшчэ двое ўдзельнікаў фінансавай піраміды Аляксей Саладун і Андрэй Палякоў па-ранейшаму знаходзяцца пад вартай.

«Паўтара тыдня таму, амаль ужо два, адпусцілі. Я сядзеў, мне было ўжо ўсё роўна, з’явілася апатыя. Гэта было роўна паўгода, як затрымалі, прыйшлі і сказалі, што ёсць магчымасць выйсці пад заклад», — кажа адзін з вызваленых і дадае, што ім вярнулі пашпарты, але забаранілі выязджаць за межы краіны.

Нагадаем, офіс МММ у Мінску ўзяў штурмам КДБ 16 сакавіка 2012 года.
Ад гэтага моманту некаторыя ўдзельнікі піраміды знаходзіліся ў СІЗА. З затрыманымі праводзілася не шмат следчых дзеянняў. Допыты былі ў самым пачатку, пасля арышту, і адзін летам. Сустрэчаў з адвакатам таксама было не шмат.

«За ўвесь час бачыў адваката разы 3–4, ды і ўвогуле не шмат чаго адбывалася. Апошнім часам проста падпісвалі дакументы.

Да працы следчых ніякіх скаргаў няма. Усё па справе пыталіся, ніякіх асабістых выказванняў не было. Каб з прыжмураным вокам казалі, што „вы жулік і я вас засаджу“ — такога не было».

Следства па справе працягнутае да канца года. Абвінавачанне не змянілася.

Гэта па-ранейшаму незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць у арганізаванай групе, за што прадугледжана пакаранне ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй ці без.

Наколькі вядома самім абвінавачаным, скаргаў ад беларускіх укладчыкаў на іх не было. Такіх наступстваў ад сваёй дзейнасці не чакалі: маўляў, рэзананс, які выклікала справа, сыграў з імі злы жарт.

«Маскі-шоў» ніхто не чакаў. Думалі, што, калі пачнуцца нейкія праблемы, прыйдуць, пагрозяць пальцам, скажуць: «Хлопцы, у нас так нельга». Пакажуць вытрымку з закона і скажуць: «Закругляйцеся, інакш будзе кепска». Тут вырашылі зрабіць па-іншаму, вырашылі зрабіць паказальным».

Да пэўнага часу ў Камітэце дзяржкантролю казалі, што пакуль не заўважылі парушэнняў у МММ, бо не было скаргаў з боку ўкладчыкаў. І на дзейнасць піраміды ў Беларусі ўлады не звярталі ўвагі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?