Новыя факты прыводзіць «Незалежная газета». Выданне спасылаецца на дадзеныя міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, у адпаведнасці з якімі ў Кітаі зафіксаваны ужо 41 выпадак, калі сяляне падпальваюць сябе на знак пратэсту супраць высялення.

Дзеля стымулявання эканамічнага росту на фоне сусветнага фінансавага крызісу Пекін выдзеліў вялікія сродкі на будаўніцтва жылля, пракладку дарог і іншыя інфраструктурныя праекты, якія рэалізуюць прыватныя фірмы, нанятыя мясцовымі муніцыпалітэтамі. У выніку апошнія залезлі ў пазыкі. Каб іх пакрыць, чыноўнікі сілай высяляюць сялян і ўладальнікаў гарадскіх дамоў.

Продаж вызваленых участкаў папаўняе мясцовую казну і дазваляе кадравым партыйным і дзяржаўным работнікам рапартаваць начальству пра паспяховае выкананне планаў.

Але выселеныя аказваюць адчайны супраціў і нярэдка гатовыя прыняць пакутлівую смерць, абараняючы свае правы, падкрэсліваецца ў дакладзе Amnesty International. Напрыклад, у правінцыі Ляанін у верасні 36-гадовы селянін Ван Шуцзэ спрабаваў спыніць бульдозеры, што пракладалі шашу праз яго надзел. Сілы былі няроўнымі, і ён падпаліў сябе.

У інтэрв’ю газеце намеснік дырэктара Інстытута краін Азіі і Афрыкі МДУ Андрэй Карнееў адзначае, што рост колькасці канфліктаў праз зямлю — гэта перш за ўсё вынік імклівай урбанізацыі Кітая. «Сельскагаспадарчыя ўгоддзі скарачаюцца, на іх месцы ўзводзяцца фабрыкі, вілы для багатых, аўтастрады. Але рэч у тым, што дакладных правілаў ацэнкі кошту зямлі не існуе», — адзначыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?