Нагадаем, што ў канцы мінулага тыдня кіраўнік краіны правёў нараду, на якой прыняў шэраг кардынальных рашэнняў па лёсе найбуйнейшых у Беларусі кандытарскіх прадпрыемстваў «Камунарка» і «Спартак».

«Маё рашэнне адназначнае, нягледзячы ні на якіх інвестараў і інвестыцыйны клімат. Таму з заўтрашняга дня прадпрыемствы павінныя функцыянаваць так, як раней. Я пакуль яшчэ не кажу пра долі акцый, працэнты, фундатараў — я проста пакуль кажу пра кіраванне прадпрыемствамі. З заўтрашняга дня кіраўнікі прадпрыемстваў прымаюць рашэнне аднаасобна, як дзяржпрадпрыемствы, забыўшыся пра тое, што ў іх калісьці быў назіральны савет. Асуджаць мяне ці ўхваляць — гэта ўжо справа густу».

Прычыны…

Асноўным інвестарам дзвюх беларускіх фабрык апошнія гады быў прылашчаны раней уладай бізнэсовец Марат Новікаў. Цяпер «шакаладны заяц» нават не рызыкнуў прыбыць на нараду з удзелам Лукашэнкі, хоць быў папярэдне запрошаны на яе, што дало апошняму падставу перавесці яго ў разрад «мярзаўца», праўда, ужо не ласкавага.

Паводле апошніх звестак, Марат Новікаў цяпер адседжваецца ў Брукліне і, у прынцыпе, ужо паставіў крыж на сваім кандытарскім бізнэсе ў Беларусі.
І гэта вынік рашэнняў, прынятых, як усе выдатна разумеюць, задоўга да самой нарады.

Аляксандр Лукашэнка назваў дзве асноўныя прычыны, з якіх ён вырашыў даць выспятка Марату Новікаву і фактычна прызначаным ім назіральным саветам, якія блакавалі як рашэнні суда, так і жаданні ўрада.

Першая прычына і яна ж асноўная — спроба Марата Новікава купіць па вельмі выгаднай цане пакет акцый СААТ «Камунарка» і СП ААТ «Спартак».

Як заявіў Лукашэнка, акцыі скупляліся бізнэсоўцам у абыход закона, але гэта не зусім так.

Гаворка ідзе пра акцыі, якія Новікаў купіў у былых і цяперашніх работнікаў фабрык у студзені-лютым 2011 года, калі быў цалкам зняты мараторый на хаджэнне акцый, набытых у перыяд льготнай прыватызацыі ў сярэдзіне 90-х. Сума ўгодаў дакладна не вядомая, але яна, як далажылі кіраўніку дзяржавы, у дзясяткі разоў ніжэйшая за тую, якую б магла атрымаць дзяржава, калі б прадала гэтыя акцыі стратэгічнаму інвестару з боку. Магчыма, менавіта таму 14 сакавіка 2011 Лукашэнка падпісаў указ № 107, згодна з якім пераважнае права на куплю «льготных» атрымлівалі мясцовыя органы ўлады, прычым дакумент уступаў у сілу задняй датай і распаўсюджваў дзейнасць на праваадносіны, якія ўзніклі з пачатку 2011 года.

Такім чынам,

указ даў мясцовым уладам нагоду аспрэчыць у Марата Новікава куплю акцый, што і было зроблена. Зразумела, што гаспадарчы суд прыняў рашэнне, якое і трэба было прыняць, але вось акцыянеры фабрык заўпарціліся.

У верасні на СААТ «Камунарка» адбыўся пазачарговы сход акцыянераў, на які ў ліку іншых былі вынесеныя пытанні: «Аб выпуску дадатковай эмісіі акцый і перадачы іх ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь», «Аб унясенні зменаў у статут СААТ» Камунарка» і «Аб змяненні колькаснага складу назіральнага савета СААТ «Камунарка», у сувязі з тым, што пастановай Саўміна намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы быў прызначаны прадстаўніком дзяржавы ў органах кіравання СААТ «Камунарка».

І калі з Русым пытанне вырашылася хутка і станоўча, то па пытаннях выпуску эмісіі акцый і ўнясення зменаў у статут акцыянеры заўпарціліся.

Магчыма, урад і прэзідэнт яшчэ б пацярпелі, але да акцыяў беларускіх прадпрыемстваў выказаў жывую цікавасць украінскі бізнэсовец Пётр Парашэнка, гандлёвая марка — «Рашэна». Год таму ён наведваў Беларусь і нават правёў перамовы з урадам, на якіх ясна абазначыў сваю цікавасць да двух беларускіх прадпрыемстваў, а ў траўні 2012 года, ужо міністр эканамічнага развіцця і гандлю Украіны, Парашэнка зноў прыехаў у Мінск. Афіцыйна — для ўрэгулявання прадуктовай вайны. Але, напэўна, ён закранаў пытанне і па «Камунарцы» са «Спартаком». Парашэнку цікавяць вялікія пакеты акцый беларускіх прадпрыемстваў. Ён гатовы заплаціць добрую цану, але доўга чакаць не будзе. Менавіта таму і спатрэбілася фарсіраваць падзеі з Новікавым і набытым ім спрэчным пакетам акцый.

Другая агучаная прычына — навядзенне парадку ў кандытарскай галіне.
Лукашэнка заявіў і пра значныя страты на сваім рынку, і пра правалы па прасоўванні на рынках замежных, і пра выплаты незаслужаных дывідэндаў (у першую чаргу менавіта Новікаву) замест таго, каб накіроўваць прыбытак на развіццё.

…і вынікі

Было сказана шмат і з пачуццём. І падведзены заканамерны вынік: назіральныя саветы разагнаць, акцыі вярнуць дзяржаве, як і патрабуе закон, змяніць кіраўніцтва і навесці парадак.

Ужо ў пятніцу распараджэнні кіраўніка дзяржавы пачалі выконвацца — чыноўнікі праявілі цуды аператыўнасці. Незразумела, на якой падставе і з якіх прычынаў, але дырэктары «Камунаркі» і «Спартака» зляцелі са сваіх пасадаў, а на іх месцы ў панядзелак прыйшлі новыя, больш рахманыя і выканаўчыя.

У панядзелак жа, пасля таго як запал трохі ўлёся, канцэрн «Белдзяржхарчпрам» і Дзяржкаммаёмасць выступілі з ініцыятывай правядзення пазачарговых сходаў акцыянераў на СААТ «Камунарка» і СП ААТ «Спартак». Яны пройдуць 26 кастрычніка, і парадак дня ва ўсіх аднолькавы: «Аб унясенні зменаў у статут СААТ „Камунарка“ (СП ААТ „Спартак“)» і «Аб абранні складу назіральнага савета». Іншымі словамі,

назіральныя саветы ўсё ж не будуць цалкам ліквідаваныя, яны застануцца, толькі цяпер там, як у беларускім парламенце, будуць патрэбныя дзяржаве людзі. І рашэнні яны будуць прымаць правільныя, народныя.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?