Аб гэтым заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з намеснікам старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Куба Марына Мурыльё.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, візіт кубінскай дэлегацыі ў Беларусь накіраваны на развіццё дамоўленасцей паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў у ходзе нядаўняга афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Рэспубліку Куба. «Тады мы дамовіліся, што ў Беларусь прыбудзе кубінская дэлегацыя і мы разгледзім усе пытанні, якія будуць пастаўлены перад намі кіраўніком гэтай дэлегацыі», — сказаў Лукашэнка.

«Ведаю, што кіраўніцтва Кубы зацікавілася напрамкамі развіцця і сістэмай рэфармавання нашай эканомікі. І я абяцаў Раулю Кастра, што мы пакажам і раскажам усё, што робім у Беларусі.
І калі вам той ці іншы напрамак будзе цікавы, мы абавязкова будзем удзельнічаць у рэалізацыі гэтага на кубінскай тэрыторыі па аналогіі з Венесуэлай», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У прыватнасці, адной са сфер, у якой можна развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва, з’яўляецца сельская гаспадарка. Яе развіццё на Кубе з’яўляецца адным з прыярытэтаў у працэсе мадэрнізацыі эканомікі ў цэлым. «Для таго каб мадэрнізаваць сельскую гаспадарку, у Кубы ёсць вялікія рэсурсы. Гэта не менш як $1,5 млрд., якія Куба траціць на імпарт прадуктаў харчавання і ўсяго іншага, што звязана з развіццём сельскай гаспадаркі. Лічу, што скарачэнне гэтай сумы на адну-дзве сотні мільёнаў долараў кожны год і іх замяшчэнне вытворчасцю адпаведных тавараў на Кубе было б добрай крыніцай фінансавання», — сказаў афіцыйны кіраўнік дзяржавы.

«Мы гатовы ўлічыць усе вашы пажаданні і дзейнічаць у гэтым напрамку», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі таксама ёсць цікавасць да некаторых напрамкаў, якія атрымалі на Кубе сур’ёзнае развіццё. «Куба — вельмі багатая дзяржава з пункту гледжання развіцця аховы здароўя, вытворчасці лекавых прэпаратаў. Мы сёння распрацавалі і рэалізуем такую праграму, і нам ваш вопыт вельмі неабходны», — падкрэсліў Лукашэнка.

У сваю чаргу Марына Мурыльё падкрэсліў вялікую цікавасць да развіцця беларуска-кубінскага супрацоўніцтва.

«Праграма нашага візіту вельмі насычаная і цікавая, — сказаў ён. — Пытанні трансфармавання беларускай эканомікі і беларускага грамадства для нас уяўляюць вялікую цікавасць. Важна, што мы на ўласныя вочы ўбачылі ўсе працэсы. Гэта вельмі арганізавана».

«Упэўнены, што бліжэйшыя гады мы можам падтрымліваць кантакты на ўзроўні міністэрстваў, спецыялістаў. Гэта магло б быць вельмі карысна для абодвух бакоў. Мы павінны яшчэ папрацаваць над тым, каб знайсці ўзаемавыгадныя сферы двухбаковага супрацоўніцтва і выйсці на рэалізацыю канкрэтных праектаў», — адзначыў Марына Мурыльё

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?