Аляксандр Лукашэнка ў адпаведнасці з ч. 2 арт. 91 Канстытуцыі прызначыў старшыню Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіру членам савета рэспублікі нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання.
Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 18 кастрычніка, паведаміла яго прэс-служба.

Нагадаем, Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 28 верасня зацвердзіў вынікі выбараў членаў савета рэспублікі нацыянальнага сходу пятага склікання. Усяго было абрана 56 членаў верхняй палаты парламента: па восем ад кожнай вобласці і Мінска.

Абранне членаў савета рэспублікі праходзіла на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых саветаў базавага ўзроўню ў кожнай вобласці і Мінскага гарсавета. На практыцы выбары ў верхнюю палату парламента праходзяць у Беларусі на безальтэрнатыўнай аснове.

Членамі СР абраны старшыні аблвыканкамаў: Брэсцкага — Канстанцін Сумар, Віцебскага — Аляксандр Косінец, Гомельскага — Уладзімір Дворнік, Мінскага — Барыс Батура, Магілёўскага — Пётр Руднік, а таксама старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. Сярод членаў верхняй палаты парламента таксама можна адзначыць генеральнага дырэктара Беларускай калійнай кампаніі Валерыя Іванова, першага сакратара ЦК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Ігара Бузоўскага, цяперашняга старшыню Савета Рэспублікі Анатоля Рубінава.

Яшчэ восем членаў савета рэспублікі мае права прызначыць Лукашэнка. Такім чынам, Сямён Шапіра стаў першым з сенатараў новага склікання, прызначаных у склад верхняй палаты парламента Лукашэнкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?