Да дома, што за кінатэатрам «Салют», даводзіцца дабірацца перакапанымі дарожкамі — на Ракасоўскага працягваецца капітальны рамонт. Падыходжу бліжэй.

Сапраўдныя калёсы і сані, калаўрот ды іншыя прадметы сялянскага побыту за мініятурным плеценым плотам, што паўколам атачае выставу пад самымі вокнамі дома.

На балконе першага паверха з’яўляецца маладая жанчына, усміхаецца: «Падабаецца? Мой муж зрабіў». Пытаю, адкуль усе гэтыя рэчы. «Мы ездзім па вёсках, знаходзім нешта і купляем. Што за дзвесце тысяч, што за трыста. Людзі, калі бачаць, што мы цікавімся, хочам купіць, адразу просяць даражэй». Штосьці яны знайшлі на Міншчыне, а ёсць рэчы і з Віцебшчыны. Міні-вёска пад вокнамі гарадскога дома існуе ўжо некалькі гадоў.

«Шмат крадуць. Вунь гэты калаўрот — ужо трэці. Часцей за ўсё зникае посуд — гаршчкі, збанкі», — кажа жанчына.
На яе думку, робяць гэта, хутчэй за ўсё, бамжы.

Заўважаю на зямлі недапалкі і пустыя пляшкі. Гаспадыня выставы тлумачыць: «Людзі бачаць, што мы за імі іх недапалкі сваімі рукамі падбіраем і ўсё адно з вокнаў выкідваюць. Але цяпер, калі ў нас дзіця нарадзілася, часу не хапае прыбіраць».

Але ёсць і неабыякавыя да вясковай выставы.

«Прыходзяць сюды людзі з дзецьмі. Паказваюць ім, фатаграфуюць. У нас няма свайго лецішча, дык хоць гэта зможам свайму дзіцяці паказаць».

На адлегласці некалькіх пад’ездаў заўважаю яшчэ адну выставу — на іншы густ. Тут няма ні вазоў, ні старых прасаў з граблямі. Сярод кветніку хаваюцца пенапластавыя буслы, гіганцкая жаба і невядомыя істоты ў капелюхах — відаць, міфічныя лесавікі. Відаць, поспех суседзяў аказаўся натхняльным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?