Займацца экспартам разбавіцеляў і растваральнікаў Беларусь спыніла 6 кастрычніка, паведаміў сёння ў Маскве намеснік міністра энергетыкі РФ Павел Фёдараў.

«Па факце з 6 кастрычніка экспарт растваральнікаў з Беларусі не адбываецца, мяжа закрытая», — цытуе намесніка міністра Агенцтва нафтавай інфармацыі.

Паводле слоў Фёдарава, Беларусь парушае ўзятыя на сябе абавязацельствы і не пастаўляе на расійскі рынак маторнае паліва, выпрацаванае з расійскай нафты.
«Баланс зваротнай пастаўкі ў Расію не выконваецца — гэта факт», — сказаў чыноўнік.

Словы Фёдарава абвяргаюць заяву прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіла Мясніковіча, які 14 верасня паведаміў, што апошні вагон з «растваральнікамі», вырабленымі з расійскай нафты, пакінуў беларускую тэрыторыю 4 жніўня.

Нагадаем, у 2012 годзе Беларусь бяспошлінна атрымлівае нафту і нафтапрадукты з Расіі.
Пры гэтым яна пералічвае ў расійскі бюджэт 100% экспартных пошлін на нафтапрадукты з расійскай сыравіны, якія пастаўляюцца за межы Мытнага саюза.

Разбавіцелі, растваральнікі і змазачныя матэрыялы не ўнесены ў пералік нафтапрадуктаў, пры экспарце якіх выплачваецца вывазная пошліна, тады як на бензін яна складае 90% ад экспартнай пошліны на нафту. Расійскі бок мяркуе, што Мінск, павялічыўшы закупкі расійскіх нафтапрадуктаў, экспартаваў на еўрапейскія рынкі бензін пад выглядам растваральнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?