Падрэзанае знізу кола сцэны кабарэ, у паўзмроку блішчаць пюпітры. Выходзяць музыкі, сапраўдны джаз-квартэт: кларнет, ударныя, гітара і кантрабас.

Падумалася, што не можа быць дрэнным той спектакль, у якім бярэ ўдзел жывы (хоць і маленькі) аркестр. Асабліва калі там ёсць сапраўдны кантрабас —
ён вялічэзны, грувасткі: цягні яго… Кантрабас у дрэнным спектаклі — рэч абсалютна бессэнсоўная, хопіць і фанаграмы.
Да прэм’еры «Местачковага кабарэ» рыхтаваўся тэатр, рыхтавалася і публіка.
Бо рэжысёр Мікалай Пінігін, як звычайна, мусіў зрабіць нешта зусім незвычайнае. Гэтым разам — паказаць жыццё Заходняй Беларусі праз кабарэ са спявачкамі ў бліскучых строях, імпазантнымі мужчынамі ў фраках і смокінгах, канканам і бурлескам. Было анансавана, што бард Віктар Шалкевіч спецыяльна прыязджае з Гродна ў Мінск на рэпетыцыі ды будзе граць у спектаклі.
Зала была бітком. Прыйшлі як прадстаўнікі ўлады (Ярмошына, Тозік, Латушка), так і незалежнага грамадства (Арлоў, Лабадзенка з жонкай Таццянай Шапуцька).

Сюжэт такі. У пачатку прадстаўлення маладыя Анэля і Гелена пераконваюць сваю маці, што настаў новы час (з Варшавы да Парыжа можна дабрацца за пяць дзён!). Гэты час прынёс новыя танцы, хай старэйшаму пакаленню яны і падаюцца распуснымі і недапушчальнымі. Маці не ўхваляе заняткі дачок танцамі ў пана Маліцкага. Аднак паненкі так просяць, што ўсё ж угаворваюць маму паглядзець на свае вочы, што ж такое кабарэ. І жанчына ў захапленні ад убачанага.

На гэтым, уласна, сюжэт сканчаецца. Далей гледачам прапануецца «блакітны агеньчык» 1930-х, калі такі можна сабе ўявіць.
Менавіта савецкі забаўляльны «агеньчык», а не кабарэ. Бо
кабарэ пачатку стагоддзя ў лёгкай форме высвятляла актуальныя грамадскія праблемы. Дзяржаўнаму тэатру ў аўтарытарнай краіне гэта не дазволена.
Але самі нумары цудоўныя:
была расстроеная паненка, што згубіла пярсцёнак, якая раздзявалася на працягу ўсяго нумара (Ганна Хітрык). Былі імпазантныя паны ў фраках.
Былі хітрыя яўрэі (Віктар Манаеў і Сяргей Журавель) з залатымі гадзіннікамі, якія падчас сваіх шмонцэсаў тлумачылі прычыны сусветнага фінансавага крызісу — зала рагатала.
была стомленая гаспадыня (Зоя Белахвосцік), якая пад «Фігара» Расіні папракала свайго лайдакаватага мужа, адзетага ў халат і з турэцкай фескай на галаве.

Адной з фішак стаў «Цыганскі раманс» (Ганна Хітрык і Марта Голубева), праспяваны на ідышы. Пад яго ці не ўсёй зале хацелася далучыцца да ромскіх танцаў.

Быў і непрыстойны ў тыя часы канкан (Святлана Зелянкоўская, Ганна Хітрык, Вікторыя Чаўлытка) з гарэзлівай дэманстрацыяй элегантных жаночых ножак ў панчохах і (на момант) нават сподняй бялізны. Быў наўмысна вытанчаны кабарэцяж (Аляксандр Казела).

Быў, нарэшце, і Шалкевіч са старымі песнямі «Яна — праваслаўная, я — каталік», патрыятычнае танга «Цнота»…
Дзіўна, чаму не выканаў новыя, якія спяваў на апошнім канцэрце. Яны б ідэальна клаліся ў «Местачковае кабарэ».
На жаль, нанізаць раскіданыя перліны музычных замалёвак, жартаў і танцаў на нітку нават самага простага сюжэту рэжысёру не ўдалося.
Выйшла зборная «салянка».
Калі трэба прабавіць вечар, дык «Кабарэ», несумненна, дасць фору любому бязглуздаму амерыканскаму баевіку.
Але не чакайце ад яго адкрыццяў, нягледзячы на сапраўдны кантрабас на сцэне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?