…Як толькі я сказала «мова Коласа», Міхась Канстанцінавіч рашуча запярэчыў: не, гэта мова не Коласа, гэта беларуская мова, на якой пісаў і Колас, і Купала, і іншыя творцы.
Яна — самастойная і самадастатковая. А сапраўды, мы так прывыклі да клішэ, што яны часта накіроўваюць нашы думкі адразу ў пэўнае рэчышча, тым часам могуць адводзіць ад галоўнага. Такая спакуса: калі ты для сябе кажаш «мова Коласа», то сам нібыта можаш заставацца ўбаку. Але маленькая заўвага ўсё ставіць на свае месцы: гэта мова, на якой створаны цудоўныя творы вялікімі талентамі, якіх нарадзіў твой народ. Тады ты адчуваеш сябе моцным, адчуваеш за сабой магутны тыл, адчуваеш вялікі багаж і тое, што не застанешся ў цэлым свеце адзінокі зусім, бо ёсць той самы твой народ. І тады немагчыма ігнараваць усё тое, што нас робіць народам.

Пра гэта — наша размова з малодшым сынам пісьменніка Міхасём Канстанцінавічам Міцкевічам, доктарам тэхнічных навук:

— Якуб Колас пачынаў пісаць на рускай мове, але перайшоў на сваю родную — гэта было натуральна, бо ён валодаў ёй куды лепш. У яго моўнай палітры была вялізная колькасць слоў — каля 34 тысяч…

Тады ніхто не думаў, на якой мове размаўляць. Таму што ўсе навокал, акрамя гарадскіх, уся вёска карысталася сваёй мовай.
Сродкі масавай інфармацыі на іншай мове былі даступныя для мас. Гэта было звычайнае нармальнае жыццё, у якое, праўда, умяшаўся царскі ўрад, які за ХІХ стагоддзе прыслаў сюды вялікую колькасць сваіх чыноўнікаў, якія працавалі з мясцовым насельніцтвам. На пачатку ХХ стагоддзя імператар Мікалай дазволіў у некаторых мясцінах карыстацца роднай мовай. Гэта актывізавала культурныя працэсы, адразу ж пайшлі публікацыі. Але ўвесь народ, па сутнасці, гаварыў па-беларуску: працэнтаў 90 тады складала сельскае насельніцтва. Вядома, розныя мовы тады гучалі: у гарадах можна было пачуць яўрэйскую, у некаторых мястэчках гаварылі па-татарску. А потым усё стала мяняцца ў адпаведнасці з палітыкай, якая мела на мэце стварэнне адзінага савецкага народа…
Шмат якія народы перажывалі падобныя перыяды ў сваёй гісторыі, але з мовай сваёй не развітваліся. У Чэхіі ж не сталі гаварыць па-нямецку, хаця там жылі немцы і раней панавала нямецкая мова…

— Але далёка не ўсе народы траплялі ў такія сітуацыі, калі мова магла стаць падставай для рэпрэсій…

— Вядома, што асабліва ў 1930-я гады тыя літаратары, што пісалі па-беларуску, былі пад пагрозай рэпрэсій. Усе. І народныя паэты таксама.

Гэта разумеў і Панцеляймон Панамарэнка. Ён не мог не ўсведамляць, колькі ўжо вынішчана асоб у беларускай культуры. І не разумеў, як жа паступіць з народнымі паэтамі. Ён выклікаў Купалу і Коласа. Была размова, да якой ён, відаць, падрыхтаваўся. Таму што гаварыў пра гісторыю ВКЛ.
Але быў яшчэ ліст Панамарэнкі да Сталіна, у якім кіраўнік Беларусі пісаў, што Купала і Колас карыстаюцца аўтарытэтам і пашанай як на радзіме, так і за мяжой. Тады пасыпаліся ўзнагароды…

— Што дапамагала перажыць цяжкія часы?

— Часы ж не выбіраюць. Любы час мог быць цяжкім — але жыццё ішло. Колас быў гатовы да таго, што можа перажыць усё. Быў загартаваны. Адседзеў у турме за ўдзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў. А потым яму не давалі нідзе працаваць настаўнікам — гэта жорсткае выпрабаванне, калі фактычна караюць забаронай на працу, на дзейнасць. Але выкручваўся як мог, прыватныя ўрокі даваў. Я лічу, што кожны можа пераадолець любыя жыццёвыя нягоды. Камусьці для гэтага патрэбна вера. Але ёсць людзі магутнага інтэлекту, Бог у іх у саміх.

— Што зрабіла моцным вашага бацьку?

— Жыццё, сям’я, якая за ім стаяла. І Нясвіжская семінарыя шмат дала. Тады туды ішлі лепшыя хлопцы, можна было шмат чытаць — бібліятэка мелася някепская. Але пры гэтым важная яшчэ і самаадукацыя, калі чалавек асэнсоўвае тое, што прачытаў. Чытанне выхавала ў ім схільнасць да самааналізу, да пошуку адказаў на пытанні. А знайшоўшы для сябе адказы, ён дзейнічаў, разумеючы, што і дзеля чаго робіць.

Бацька стаў настаўнікам, каб несці асвету іншым. Ён быў прыроджаны настаўнік.
Гэта, відаць, пайшло ад дзядзькі Антося, было ўспрынята Коласам — умеў знаходзіць падыход да дзяцей. Тое, што ён рыхтаваў «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», — гэта была мэтанакіраваная работа на тое, каб дзеці вучыліся чытаць, каб умелі адказваць на галоўнае пытанне: «Чаму?» Менавіта яно вучыць чалавека аналізаваць тое, што адбываецца навокал і ў яго жыцці.

— Ці ёсць у вас любімы твор Коласа?

«Сымон-музыка». Гэта твор вельмі глыбокі.

«Новая зямля» — паэма пранікнёная, шчырая. Гэта аўтабіяграфія, праз якую перададзена любоў да роднага краю. Па значэнні яна на першым месцы.
Але «Сымон-музыка» — на мой погляд, паэма асаблівая па мастацкасці. Гэта і канструкцыя, і пабудова складанага алегарычнага сюжэта, і філасофскія роздумы. Там узняты глыбокія пытанні аб непаразуменні паміж геніямі і простым народам. Але гэтая праблема існуе не толькі ў мастацтве — яна агульначалавечая: Хрыста распялі таму, што не зразумелі. А колькі было незразумелых геніяў, якіх не захацелі пачуць: Бруна, Бродскі, Сахараў…

— Колас у пасляваенны час быў адзіным народным паэтам, аўтарытэтам у беларускай культуры. І, напэўна ж, адчуваў, да чаго могуць прывесці моўныя працэсы. Ён імкнуўся гаварыць пра гэта?

— Свае думкі ён выклаў у лісце ў ЦК КПБ у 1956 годзе пра стан мовы. Асабіста аднёс яго. І ў той жа дзень праз колькі гадзін памёр… Ён разумеў, што адбываецца з мовай, асабліва ў пасляваенны час. У Беларусі ўзнікла кадравая праблема: вялікая колькасць спецыялістаў загінула падчас рэпрэсій у 1930-я гады. Тых, хто застаўся, падкасіла вайна. Прыйшлося запрашаць спецыялістаў з Расіі, якія прыехалі са сваёй мовай. Тады трэба было ствараць прамысловасць, дзеля чаго сюды прыязджалі з Масквы, Ленінграда, Валгаграда, Варонежа, Рыбінска, Яраслаўля… Вядома, гэтыя людзі ўтваралі адпаведнае моўнае асяроддзе. На якой мове размаўляць маглі з імі? Вядома, на вялікай рускай. Але ж што значыць вялікая мова? Гэта такая ж самая мова… Колас пісаў артыкулы і выказваўся аб няўмелым карыстанні роднай мовай, аб калькаванні з рускай. Дарэчы, Колас клапаціўся пра мову ў газеце «Звязда». Ёсць артыкулы з яго заўвагамі — падкрэсленыя чырвоным алоўкам словы, якія не адпавядаюць беларускаму сінтаксісу, беларускай фанетыцы. Тады пісалі артыкулы ў тым ліку і людзі не вельмі пісьменныя, якім трэба было працаваць над сваёй мовай. Але трэба прызнаць, што тыя людзі, якія працавалі ў сферы культуры, пераходзілі з цягам часу на тую мову, якой карыстаўся народ. Таму ў сваім лісце пра мову

Колас пісаў пра тое, што патрэбны прыклад, каб людзі гаварылі па-беларуску: калі начальнікі будуць карыстацца беларускай мовай, то і народ загаворыць.

— А ён з начальнікамі размаўляў па-беларуску?

— У Расіі — вядома ж, не. Тут — не ведаю, не прысутнічаў пры гэтым. Але калі ён выступаў на пленумах-то заўсёды па-беларуску. І ўсе цудоўна разумелі…

— Ці займаўся бацька вашым моўным выхаваннем?

— Не было ніякіх адмысловых захадаў. Нармальная сям’я — як жылося, так і жылі. Дома ж мы з бацькам размаўлялі на беларускай мове. Калі прыязджалі сюды, то ўсе гаварылі на беларускай мове — а як інакш!

— Ён жа пісаў казкі — ці не ў першую чаргу для сваіх дзяцей?

— Я вырас на гэтых казках. Наогул, на беларускіх казках. У Коласа была кніжка Шэйна, выдадзеная яшчэ ці не ў ХІХ стагоддзі, — зборнік беларускіх казак, песень, анекдотаў, лаянкі, фальклору.

Першая мая кніга была — беларускія народныя казкі, напісаныя яшчэ з рускім «и». Мова была не тая, на якой ужо мы размаўлялі, архаічная.
Але я цікавіўся кніжкамі і Шэйна, і Сержпутоўскага. Колас сам апрацоўваў казкі для дзяцей, але ўжо рабіў мастацкае афармленне народнага сюжэта.

— Вы жылі і вучыліся ў Ташкенце, Варонежы, Маскве, але мову не страцілі…

— Напалову страціў. У нас, у тэхнароў, у даследчыкаў, у навуковых работах пераважала руская мова. Я працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь — тэрміналогія ўся была па-руску. Праўда, друкаваліся працы і на беларускай. А не так даўно выйшла энцыклапедыя матэматыкі на беларускай мове, што вельмі ўзрадавала. Хоць мне і самому аднойчы — у 1990-я гады — прыйшлося ў Малдавіі казаць пра неабходнасць рускай у якасці мовы міжнародных зносін. Але ў кожнага народа павінна быць і свая мова. У кожнага народа ёсць свае пісьменнікі, якія на роднай мове напісалі вялікія творы. Напрыклад, у расіян — Пушкін. Малдаване мне казалі пра Іліеску. Я ім чытаў па-беларуску

— Коласа чыталі?

— Чытаў…

— Больш маладыя нашчадкі Якуба Коласа карыстаюцца беларускай мовай?

— Мая дачка карыстаецца. Сын выкладае беларускую мову. Унучка працуе ў музеі, таксама карыстаецца.
А тыя, хто працуе ў іншых установах, дзе ўсе ў асноўным рускамоўныя, вымушаныя гаварыць па-руску — такая наша сённяшняя моўная сітуацыя.

— У сітуацыі двухмоўя чалавек мае права на выбар мовы зносін…

— Але калі ёсць дзве дзяржаўныя мовы, то трэба, каб чалавек валодаў дзвюма мовамі аднолькава добра. У нас зараз пісьменніцкі асяродак добра ведае беларускую мову — гэта яе падтрымлівае. Але мова жыве, калі на ёй гавораць.

Нельга не ведаць родную мову каму б то ні было. Без мовы няма нацыі.
Колас пра гэта пісаў.

— Ці магчымы ў Беларусі сёння творцы такога ж таленту і дзяржаўнага мыслення, як Якуб Колас?

— А яны ёсць!.. У сучаснай беларускай літаратуры ёсць творцы высокага таленту і думак, якія глядзяць далёка і імкнуцца жыць дзеля сваёй краіны.

Вытрымкі з Ліста Я. Коласа у ЦК КПБ 1956 г.

«Мова — важнейшы элемент нацыянальнай формы, не ведаючы яе, не карыстаючыся ёю, ні мастак, ні кампазітар не здолеюць авалодаць усімі духоўнымі багаццямі народа."

«…На мой погляд, далейшае развіццё культуры рэспублікі вельмі многа прайграе і, скажам проста, стаіць перад сур’ёзнай пагрозаю іменна ад недастатковай увагі да роднай мовы. Установы сталіцы вывелі з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі, у гарадах няма беларускіх шыльд і надпісаў, мала беларускіх афіш і плакатаў…».

«Няўжо ж нашы аўтамабілі, трактары, станкі, тканіны, цукеркі, папяросы сталі б горшымі, каб на іх былі беларускія надпісы?

Хай толькі якасць не падводзіць! Чаму ж мы дапускаем, каб беларускія этыкеткі з’яўляліся толькі на дрэнным гуталіне і на не вельмі смачных водах? Гэта ж і мала, і проста крыўдна».

«Беларускую мову можна пачуць у тэатрах і па радыё. Але што гэта за мова? Гэта непрыхаваны здзек з яе. Артысты і дыктары парушаюць элементарныя правілы вымаўлення, пастаноўкі націскаў, мова засмечана мноствам скажоных слоў-кашалек, няўдала запазычаных з рускай мовы. Адбываецца гэта таму, што артысты, работнікі радыё, журналісты, газетчыкі не карыстаюцца мовай у побыце».

«Студыя „Беларусьфільм“ здымае фільмы на рускай мове, а потым дубліруе іх на беларускую. Такім шляхам нацыянальную кінематаграфію не створыш».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?