Галоўную ўзнагароду Нацыянальнай тэатральнай прэміі атрымала пастаноўка Гродзенскага абласнога тэатра лялек «Пікавая дама», якая прызнана найлепшым спектаклем.
Аб гэтым было абвешчана ўвечары 19 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў другой Нацыянальнай тэатральнай прэміі.
Першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі паведаміў, што прэмію Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі» атрымае народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук.
Па стане здароўя Гарбук не прысутнічаў на цырымоніі ўзнагароджання.

«Сёння свята для ўсіх людзей, хто закаханы ў тэатральнае мастацтва. Я хачу выказаць словы ўдзячнасці усім творцам, хто стварае спектаклі, а таксама падзякаваць усім арганізатарам і удзельнікам гэтага тэатральнага свята. Я сёння не буду падводзіць нейкія вынікі — іх вы бачыце на сцэне і назіралі цягам тэатральнага тыдня», — адзначыў Карачэўскі.

Пераможцам у намінацыі «Найлепшая пастаноўка па творы сучаснага беларускага аўтара» стаў спектакль Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра «Аднакласнікі» па п`есе мінскага драматурга Юліі Чарняўскай.

Найлепшым спектаклем для дзяцей быў прызнаны «Чароўны пэндзаль» Магілёўскага абласнога тэатра лялек. Найлепшы спектакль тэатра лялек, паводле меркавання журы, — «Пікавая дама» Гродзенскага абласнога тэатра лялек.

У намінацыі «Найлепшая работа харэографа-пастаноўшчыка» пераможцам прызнана Наталля Фурман за пастаноўку «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Лепшым музычным афармленнем спектакля была прызнана музыка Андрэя Зубрыча, што гучала ў гэтым жа спектаклі Купалаўскага тэатра, які журы бачыла толькі на экране (трупа на гастролях у Францыі). Узнагароду за лепшую работу мастака-пастаноўшчыка атрымала Таццяна Нерсісян за працу над спектаклем «Вянчанне» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.

У намінацыі «Найлепшая мужчынская роля» перамог Аляксандр Палазкоў, які выканаў галоўную ролю ў спектаклі «Пан міністар» Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Бронзавую «Паўлінку» за найлепшую жаночую ролю атрымала Ларыса Мікуліч за ўдзел у спектаклі «Пікавая дама» Гродзенскага абласнога тэатра лялек.

Узнагародай за найлепшую рэжысёрскую работу ўганараваны Алег Жугжда, рэжысёр «Пікавай дамы» Гродзенскага абласнога тэатра лялек. Спецыяльную ўзнагароду «За лепшы музычны спектакль тэатральнага сезона 2011/2012 года» атрымаў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета.

Крыштальная кветка «За найлепшы дэбют» дасталася маладому акцёру Сяргею Фромічаву-Карсакову за ролю ў спектаклі «Бяда ад пяшчотнага сэрца» Драматычнага тэатра беларускай арміі.

Аляксей Дудараў, старшыня журы Нацыянальнай тэатральнай прэміі, адзначыў, што арганізацыйны камітэт распачынае падрыхтоўчую працу да правядзення чарговай Нацыянальнай тэатральнай прэміі — 2013 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?