Тросненская бітва — найбольшая перамога ВКЛ над Маскоўскім вялікім княствам у XIV стагоддзі.

Адбылася яна 21 лістапада 1368 году (у аўторак, на Увядзенне; некаторыя крыніцы падаюць памылковую дату 21 снежня) на рацэ Тросне. Кампанія 1368 года («першая Літоўшчына» маскоўскіх летапісаў) была распачата Альгердам у падтрымку саюзнага ВКЛ Цвярскога княства.

Альгерд, згадваюць летапісцы, заўжды трымаў планы паходаў у сакрэце, не раскрываючы іх да апошняга моманту нават найбліжэйшым.
Спрацавала такая тактыка і гэтым разам. Маскоўская выведка была пэўная, што ліцвіны прыйдуць з боку Ржэвы, між тым Альгерд раптоўна з’явіўся з паўднёвага захаду і заспеў вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя (будучага Данскога) знянацку, піша «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі». Зламаўшы супраціў князёў Сямёна Дзмітрыевіча Cтарадубскага-Крапівы і Канстанціна Юр’евіча (абаленскага князя) войска ВКЛ наблізілася да Масквы, дзе на рацэ Тросне (левы прыток ракі Нары, левага прытока Акі; рака вядомая цяпер у даведніках і на картах як Трасна) яго сустрэла наспех сабраная «застава» на чале з ваяводамі Дзмітрыем Мініным і Акінфам Шубам.
Цяжкаўзброеная літоўская конніца ўшчэнт разграміла яе, абодва ваяводы і амаль усе ратнікі былі забітыя ці ўтапіліся ў Тросне.

Перамога ў Тросненскай бітве адкрыла Альгерду шлях на Маскву,
трохдзённая аблога якой была, аднак, беспаспяховай (за год да гэтага быў пабудаваны мураваны Маскоўскі Крэмль).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?