У чацвер на мінскія экраны выходзіць фільм, які дакладна зробіць касу.

«Брыгада. Нашчадак» Дзяніса Аляксеева — паўнаметражны працяг культавага бандыцкага серыяла пачатку «нулявых».

Сюжэт «Брыгады», казалі стваральнікі, часткова грунтаваўся на рэальнай гісторыі «сонцаўскай» бандыцкай групоўкі.

Серыял «прайшоўся» па балючых расійскіх тэмах — крымінал і карумпаваная ўлада, эканамічны крызіс і наркотыкі.
Адначасова фільм, як «Аднойчы ў Амерыцы» ці «Хросны бацька» Копалы,
прынёс у расейскамоўны маскульт бандыцкую рамантыку, стварыў вобразы злачынцаў, якім глядач можа суперажываць.

У пачатку 2000-х загалоўная музычная тэма з «Брыгады» стаяла рынгтонам на мабільніках нават у досыць інтэлігентных на выгляд людзей. А цяпер па НТВ бандыцкія серыялы з персанажамі рознай ступені станоўчасці ідуць па чатыры за вечар.

Адначасова

«Брыгада, паказаная ў 2002-м, нібы сімвалізаваў развітанне з «ліхімі 90-мі» і надыход пуцінскай стабільнасці:
пры канцы 15-серыйнай сагі галоўны яе герой, Саша Белы, уцякаў за мяжу, а яго таварышы-бандзюкі гінулі.

І вось праз дзесяць гадоў рэжысёр Дзяніс Аляксееў вырашыў зняць працяг, ужо пра сённяшнія часы.

У фільме былыя бандыты (тыя, што былі ворагамі чацвёркі галоўных герояў серыяла) сталі як адзін дэпутатамі.
Сын Сашы Белага Іван, падобны да Джоні Дэпа (актор Іван Макарэвіч), вяртаецца з ЗША ў Расію. Былыя ворагі бацькі цяпер палююць на яго. Бо бацьку ім удалося забіць яшчэ ў пачатку фільма. Сімвал бандыцкіх 90-х Сяргей Бязрукаў толькі разок мільгануў у кадры. Відаць, гэта быў кампраміс між акторам і рэжысёрам:
Бязрукаў, зорная кар’ера якога пачалася з «Брыгады», у яе працягу здымацца адмаўляўся.

Дзейнічаюць у фільме і расійскія спецслужбы.

Іх увасабляе супрацоўнік (актор Ігар Жыжыкін), тварам падобны да Пуціна, а габарытамі — да Валуева.

У якасці камеа ў «Брыгадзе-2»

задзейнічаны адыёзны дэпутат-жырыновец Дзяржаўнай Думы Расіі Аляксей Мітрафанаў.

Пад трэйлерам фільма на Ютубе ўжо багата абураных каментароў — маўляў, «не кранайце класіку». Але за квіткамі будуць стаяць чэргі: нехта захоча ўспомніць маладосць, нехта і дагэтуль жыве ў паралельнай рэчаіснасці «Брыгады», а камусьці будзе цікава зірнуць і параўнаць: як за дзесяць гадоў змянілася Расія і расійскае кіно.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?