Генконсульства ў Беластоку заклікае беларусаў быць пільнымі пры куплі тавараў у Польшчы. Аб гэтым паведаміў генеральны консул Беларусі ў Беластоку Аляксандр Берабеня.
Штогод напярэдадні калядных і навагодніх святаў, у сезон распродажаў расце колькасць беларусаў, якія выязджаюць за мяжу.
Разам з тым расце і колькасць зваротаў суайчыннікаў у дыппрадстаўніцтва Беларусі за мяжой, у асноўным — па дапамогу. Паводле Аляксандра Берабені, у генконсульства Беларусі ў памежным Беластоку часцей за ўсё беларускія грамадзяне звяртаюцца з просьбай дапамагчы вярнуцца дадому.
«Здзяйсняючы ў спешцы закупы, многія беларусы губляюць пільнасць і становяцца ахвярамі кішэнных злодзеяў і нават разбойных нападаў на аўтастаянках ці на рынку, — распавёў Аляксандр Берабеня.— Губляюць беларусы пры гэтым не толькі кашалькі, але і ўсе дакументы, у тым ліку рэгістрацыйныя на аўтамабілі, а таксама пашпарты, без якіх яны не могуць даказаць легальнасць свайго знаходжання за мяжой і перасекчы мяжу, каб вярнуцца дахаты».
У такім выпадку беларускія грамадзяне могуць звярнуцца да консула і атрымаць часовы дакумент, які засведчвае асобу і які дазваляе вярнуцца дадому.
Сярод іншых праблем беларускіх пакупнікоў у Польшчы консул адзначыў парушэнне іх правоў як спажыўцоў тавару.«Многія нашы суайчыннікі спадзяюцца на сумленнасць гандлёвых цэнтраў і прадаўцоў і не правяраюць у крамах цэны з дапамогай счытвальных прылад.
Якое ж бывае іх здзіўленне, калі пасля выбітага ў касе чэка кошты не супадаюць з цэнамі, вывешанымі над таварам у гандлёвай зале.Пасля набыцця тавару вельмі цяжка нешта даказаць прадаўцу, асабліва без ведання мовы і заканадаўства «, — сказаў ён.
Узнікаюць таксама праблемы з купляй дарагой бытавой і электратэхнікі.Пасля вынасу неправеранага тавару з крамы даказаць паходжанне пашкоджанняў, расколін, драпін і некамплектнасці часцяком проста немагчыма.
Аляксандр Берабеня падкрэсліў, што ў час паездкі за мяжу трэба быць асцярожнымі і ўважлівымі, не трымаць кашалькі і дакументы ў адным месцы.
Не перашкодзіць мець пры сабе ксеракопію пашпарта.
Варта таксама звяртаць увагу на цэны, вывешаныя над таварам, па магчымасці сканаваць іх адмыслова вывешанымі для гэтага ў гандлёвых залах прыладамі перад пакупкай, а таксама правяраць дарагую электратэхніку на месцы ў прысутнасці прадстаўнікоў крамы.





