Сёньня з 15:00 да 17:00 на вашыя пытаньні ў рэжыме рэальнага часу адказваў пастар пратэстанцкай царквы «Яна Прадвесьніка» Антось Бокун.

Чым, па-Вашаму, усё гэта скончыцца?

Ёпс

Усё ГЭТА ўрэшце скончыцца тым, што ў Беларусі зьменіцца сытуацыя.

Ці мае ваша царква ўзаемаадносіны з рускамоўнымі пратэстанцкімі цэрквамі Беларусі?
Ці адбываліся канфлікты на гэтай глебе?
Адныя мае знаёмыя пратэстанты зь Менску вельмі грэбліва ставяцца да беларушчыны.І калі з праваслаўнымі прарасейскімі папамі ўсё зразумела, то як растлумачыць такое стаўленне пратэстантскіх пастараў?

Чалавек

1. Так, добрыя і вельмі шчыльныя.

2. Ніколі канфліктаў на гэтай глебе не было.

3. Пратэстанцкая царква ёсьць зрэзам беларускага грамадзтва, дзе ёсьць усё. І таму ў ёй ёсьць усе праявы таго, што ёсьць у грамадзтве. Магу зазначыць, што зь цягам часу такой непрыязьні да беларушчыны становіцца ўсё меней. У апошнія гады ідзе імклівая патрыятызацыя беларускіх пратэстанцкіх грамадаў.

Антось, вярнуцца ў лона каталіцкай царквы думкі не ўзнікаюць? Бог роўны ж для ўсіх.

Чалавек

Не, не ўзьнікаюць. Хоць я ўдзячны Каталіцкай царкве за той досьвед, які я там атрымаў.

Сп. Антось, ці можаце прывесьці зьвесткі па колькасьці пратэстантаў у Беларусі, ці, у прыватнасьці, у Менску: колькі баптыстаў, пяцідзесятнікаў, адвентыстаў і г.д.

цікаўны

Колькасьць прыхаджан цэркваў можна ацаніць у 100 тыс. чалавек. У Менску — да 20 тыс. У Беларусі 490 зарэгістраваных грамадаў пяцідзясятнікаў, каля 300 баптысцкіх, прыкладна па 50 поўнаэвангельскіх і адвэнтыстаў, ня менш за 100 незарэгістраваных баптысцкіх і пяцідзясятніцкіх. А яшчэ ёсьць некалькі дзясяткаў іншых кірункаў: лютэране, кальвіністы і іншыя...

Сп. Антось, раскажыце калі ласка, як і калі Вы прыйшлі да веры ў Бога?
як Бог Вас паклікаў стаць пастаром у нашай краіне?

Просты

1. Я вырас у традыцыйнай каталіцкай сям’і, але да сканчэньня школы быў “каталіцкім агностыкам”. З 1990 г. я стаў больш-менш рэгулярна хадзіць у Касьцёл, але рэальна сустрэў Бога ў супольнасьці на Залатой Горцы ў 1994 г. Менавіта там я ўбачыў людзей, якія размаўляюць з Богам як зь сябрам і сам захацеў пазнаёміцца з Богам асабіста.

2. Амаль адразу пасьля майго пакаяньня я адчуў ў сябе пакліканьне больш актыўнага служэньня Богу і людзям, пропаведзі Эвангельля. У 1995 г. я зьбіраўся нават стаць езуітам. Але Госпад мяне не пусьціў і даў выразны знак, што я павінен заставацца тут у Беларусі і служыць яму менавіта тут. І ў 1999 г., калі была зарэгістравана царква Яна Прадвесьніка, я стаў яе пастырам.

Хвала Хрысту!
Што цяпер плануеце рабіць на нядзелях? у турму, як на працу?
2) ці змогуць хрысціяне стаць пануючай сілай у Беларусі, або самой гісторыяй і бел. нац. ідэялогіяй гэтая роля назаўжды зарэзерваваная за паганцамі?

MK

1. Адназначна, што ў нядзелі будуць праходзіць богаслужэньні, але спадзяюся, што ў турму як на працу хадзіць ня прыйдзецца.

2. Змогуць, канечне. На нашых вачах гэта адбываецца. Гісторыя сьведчыць, што Беларусь мела посьпех, калі хрысьціяне былі пануючай сілай. Хрысьціянізацыя Полаччыны — і зьяўленьне беларускай дзяржаўнасьці як зьявы. Альбо пэрыяд Рэфармацыі — залаты век нашай краіны. Што датычыць беларускай нацыянальнай ідэалёгіі ХХ ст., яе лёс сьведчыць, калі ў яе аснаваньні няма Бога, яна становіцца бясплоднай. Урэшце, у Эўропе не засталося ніводнай нацыі, у падмурку нацыянальнай ідэалёгіі якой паганства. Лёс палабскіх славян — яскравы прыклад.

Pavazany pastar Antos.

Sto josc svaboda dla Vas?
Jakoj Vy ba4ycie Bielarus praz niekatory 4as?
Na jakix kastounasciax jana pavinna budavacca

Hanna

1. Свабода для мяне — гэта свабода рабіць дабро. Менавіта такая свабода збудоўвае.

2. Я бачу Беларусь беларускай і хрысьціянскай. Такой, якой яна была ў 16 ст., калі хрысьціянскае пабуджэньне і развьціцё нацыі ў розных сфэрах яе жыцьця ішлі поруч, падтрымліваючы, узмацняючы адна адно.

3. На біблейскіх каштоўнасьцях. Паколькі толькі яны закладаюць трывалы падмурак для разьвіцьця культуры, эканомікі, палітыкі.

Pratestanctva- heta s'viadomy vybar, ci tak sklalisia abstaviny? U chym katalictva akazalasia nieprymalnym?
Na Vash pohlad, jakaja halounaja prablema sion'niashniaj bielaruskaj Carkvy (pravaslaunaj, katalickaj, pratestanckaj, unijackaj)?

Jana

1. Пратэстанцтва — сьвядомы выбар.

2. Галоўная праблема сёньняшняй царквы, што яна не зьяўляецца сольлю і сьвятлом для Беларусі. Што хрысьціяне вельмі вузка разумеюць сваю місію ў сучасным сьвеце, абмяжоўваючыся толькі культавымі практыкамі. І часта забываюць, што іх пакліканьне быць сумленьнем. Сьвятар павінен прадстаўляць людзей Богу, а Бога — людзям. І да гэтай сьвятарскай місіі пакіліканы кожны хрысьціянін.

Pastar Antos', Vy sapraudy lichyce neabkhodnym khryscijanskija inspiracyi u zmaganni za Svabodu dy Nezalezhnasc' Belarusi?
Ci geta ne prapaganda adnoj (adzinaj) idealogii?

Nikas

Без хрысьціянскага падмурку ня будзе ніякай свабоды і незалежнасьці ў Беларусі. Што гэта так, дастаткова паглядзець на гісторыю Беларусі ХХ ст. Спробы пабудаваць атэістычную нацыю скончыліся фіяска. І ў беларусаў няма ні сапраўднай Свабоды, ні Незалежнасьці.

яшчэ пытанне: як хрысціяне Беларусі могуць дапамагчы грамадзянам, у якіх улады адбіраюць дзяцей?

MK

Біблія сьведчыць, што выхаваньне дзяцей — найперш кампэтэнцыя бацькоў, а не дзяржавы. І калі кожны раз дзяржава занадта ўмешваецца ў працэсы і бярэ на сябе функцыю судзіць, што для дзіцяці добра ці кепска, гэта сьведчаньне нарастаньня таталітарных тэндэнцый у грамадзтве. А як практычна дапамагчы? Трэба разьбіраць кожны канкрэтны выпадак.

Brat Antos'! Trymajsia. Uzgadvaem sustrechu z Taboj kalisci u Vorshy (u a. Jaraslava). Viartanne gramadztva da zhyccia pavodle Evangellia - SIONNIA u BY velmi vazhnae. Ne chakaem adkazu = zhadaem usiago dobraga.
Ales' dy Siarzhuk z Pinska, greka-kat.

Pinskas

Дзякуй вялікі.

Пасля онлайн-канферэнцыі праваслаўнага святара Аляксандра Шрамко адлучылі ад царквы.Ці можа нешта падобнае адбыцца і ў вас? Ці існуе ў пратэстантаў царкоўная гірархія? Хто стаіць над вамі як пастарам ( акрамя Бога)?

Чалавек

1. Думаю, што не.

2. У пратэстантаў існуе пэўная царкоўная ярархія, але, па-першае, яна не такая жорсткая, як у каталіцкай ці праваслаўнай цэрквах. А па-другое, яна ў не малой ступені абапіраецца на харызму служыцеля, што робіць яе больш дэмакратычнай і адэкватнай сытуацыі.

3. Нада мной, як над пастырам, стаіць япіскап цэркваў ХВЭ па Менскай вобласьці Сяргей Цвор і япіскап Аб’яднанай Царквы ХВЭ Сяргей Хоміч.

Чаму пратэстанты ня так хутка беларусізуюцца, як, скажам, каталікі?

Дзед

Таму што каталікам трэба перайсьці зь менш зразумелай мовы на больш зразумелую (з польскай на беларускую), а пратэстантам, як і большасьці беларусаў, наадварот. Каб пратэстанты перайшлі на бел. мову, трэба каб было больш людзей, якія карыстаюцца стала беларускай мовы. У пратэстантаў няма літургічнай мовы. Мова малітваў — мова людзей.

Паважаны Антось, які лёс хацеў бы мець для свайго сына Адасіка? Кім бачыш яго ў будучыні?
У прадмове пісалі, што ў цябе два сыны. Чуў ,што жонка твая цяжарная - так можа ўжо можна і віншаваць?
Ці не ўзнікалі думкі пра эміграцыю? Як трымалася за кратамі?
Уся наша сям'я зыча табе моцы духа, посьпехаў і любові.
БОГ і БЕЛАРУСЬ ПЕРАДУСІМ !

1. Каб быў веруючым чалавекам і праведным чалавекам. І маю надзею, калі ён вырасьце, яму ня будзе патрэбы трапляць у турму за прагненьне верыі, справядлівасьці, свабоды.

2. Не, другі сын Язэп яшчэ не нарадзіўся. Ён народзіцца напрыканцы лета.

3. Думкі не ўзьнікалі, але міліцыянты пастаянна прапаноўвалі.

4. За кратамі? Спакойна. Сытуацыя вельмі біблейская.

Хай толькі ніхто з нас ня церпіць як забойца, або злодзей, або ліхадзей, або зайздроьснік чужому. Калі ж церпіць як хрысьціянін, хай не саромеецца, але хай услаўляе Бога за гэтае імя (Першы Ліст Пётры 4: 15-16.)

Шаноўны Антон, ці ёсць шанцы, што хрысціянства ў заходнім свеце выйдзе са стану летаргіі, або паліткарэктны гуманізм - гэта непазбежная фаза яго развіцця ? калісьці ж і хрысціянства прыйшло на месца юдаізма?

МК

Хрысьціянства выйдзе са стану летаргіі. Падобныя сытуацыі здараліся ў гісторыі рэгулярна, дастаткова ўзгадаць Кнігу Судзьдзяў, якая сьведчыць, што калі чалавек жыве занадта добра, ён забывае Бога. І тады прыходзяць праблемы. У гісторыі хрысьціянства такім бічом Божым зьяўляецца Іслам, распаўсюд якога ў стане спыніць толькі хрысьціянскае абуджэньне. Так было ў 8 ст., 16-ым, так можа быць і ў 21-ым.

Антось,што думаеце пра экуменiзм?Як ставiцеся да яго?Цi маеце супольныя прaекты з каталiкамi цi праваслаунымi?

Язэп

Залежыць, што разумець пад экумэнізмам. Вельмі часта пад імем разумееца адмаўленьне ад нейкіх важных прынцыпаў, дзеля фармальнай еднасьці. І да такога экумэнізму стаўлюся адмоўна. Але калі людзі сапраўды сустракаюць Бога і нараджаюцца звыш, тады няма праблемы, гэта пратэстант, каталік, праваслаўны. Яны заўсёды знойдуць агульную мову. У іх будзе разуменьне адзінства Царквы як Цела Хрыстовага.

Як Царква асабліва праектаў ня маем. Але такія праекты існуюць, і нашыя члены ўдзельнічаюць. Напр., збор подпісаў за касьцёл Сьв. Язэпа ці перагляд Закону аб свабодзе сумленьня.

Spadaru Bokun,

jak pastavilisia da Vashaha pierakhodu u pratestanctva backi i svajaki?

zdzislau

Пераход быў настолькі лагодны і натуральны, што ўсе паставіліся з зразуменьнем. Мама наогул зьяўляецца членам царквы з 2001 г.

Пастар Антоні, распавядзіце калі-ласка, як вы адчувалі сябе падчас кароткатэрміновага, але зняволення? Што рабілі, аб чым разважалі. Дзякую. Дабраславеній і моцы Вам ад Госпада!

n8aly

Адчуваў як у зьняволеньні, што ня маеш свабоды. Хацелася на свабоду, нешта рабіць. Менавіта там я зразумеў, што значыць "сядзець". Пра што разважаў і рабіў? Чытаў Біблію, маліўся, размаўляў з сукамернікамі. Разважалі, што адбываецца за сьценамі Акрэсьціна. Таму я вельмі ўдзячны тым людзям, якія прыходзілі ў суд, сустракалі, калі я выходзіў. Салідарнасьць -- вельмі важная і натхняючая.

Цi Пратэстанцкая Царква интэгравана у дзяржауную сiстэму?Ваша, у прыватнасцi. Напрыклад, цi царква плацiць падаткi, робiць адлiчэннi у пенсiённы фонд i гд.Альбо вы "паралельны свет"?

Muszka

Я б не сказаў, што Пратэстанцкая царква інтэгравана, гэта ў нейкім сэнсе сапраўды альтэрнатыўнае грамадзтва. Але як кожная юрыдычная асоба, Царква плаціць падаткі, робіць адлічэньні ў пэнсійны фонд, калі трэба. Да царквы адносяцца тыя самыя патрабаваньні, што і да юрыдычных асоб. Але б я гэта не назваў інтэграванасьцю ў дзяржаўную сыстэму.

Пратэстанцкая царква не зьяўляецца часткай дзяржаўнай машыны, але зьяўляецца часткай грамадзтва.

U adnym z pytanniau Vy nie adkazali; chamu admovilisia ad xryscijanstva?

louka

Ад хрысьціянства я не адмаўляўся. Я зьяўляюся хрысьціянам.

У сваёй кнізе "Паўстаньне Беларусі" Пётра Рудкоўскі называе тых хрысьціянаў, хто, на ягоную думку, "адыгрывае вялікую ролю ў адраджэньні беларускай культуры", - і называе Паўла Севярынца і Станіслава Акінчыца. Вы і ёсьць тым Акінчыцам?

Сяргей

Так, ёсьць, а што?

Xwala Hrystu, ajciec Antos'!

Sionnia Swiata Bozhaha Ciela u katalikou!
Szto dla Was Bozhaje Ciela?
Ci wierycie Wy u realnuju prysutnasc Xrysta u Euxarystyi?
Dziakuj

Siabruk

1. Божае Цела для мяне -- гэта Царква, як напісана ў Пасланьні апостала Паўла да Карынцянаў. "Вы -- Цела Хрыстовае".

2. А што тычыць другога пытаньня - яно выклікала столькі багаслоўскіх спрэчак цягам стагодзьдзяў, што яго лепш абмяркоўваць у прыватным парадку, але не падчас онлайн-канфэрэнцыі.

Dzie b Wy raili szukac Boha, a dzie b nie raili?
Jak Wy usprymajecie mowu? Jak Bozhy dar, wyprabawannie, pakarannie ci nieszta inszaje?
Jak Wy baczycie Paruziiju? Jak heta, na Waszu dumku, budzie adbywacca na Bielarusi?
Ci nia suprac' Wy implantacyji orhanau i pieraliwannia krywi?

Siabruk

1. Я б раіў шукаць Бога сярод хрысьціянаў і увогуле шукаць там, дзе Яго можна знайсьці.

2. Мова - гэта Божы дар, які нам давераны, каб мы ім карысталіся, ахоўвалі і разьвівалі.

3. Ісус Хрыстос прыйдзе і аддзеліць авец ад казлоў. І пойдуць праведнікі ў Вечнае жыцьцё, а тыя, хто рабілі безаконьне ў Вечную сьмерць. "І сьмерці ўжо ня будзе, ані плачу, ані галашэньня, ані болю больш ня будзе, бо гэта ўсё мінула".

4. Не, ня супраць.

Jak by Wy paraili nie abstraktna, a kankretna lubic ludziej? Jak realizouwac' swajo zhadannie dapamahac' blizhnim?
Szto dla Was znaczyc' byc' sapraudnym Xryscijaninam?
Dziakuj

Siabruk

Хочаш дапамагаць бліжняму, дапамажы. Добра выконвай свае абавязкі ў сям'і, на працы, у грамадзтве.

Быць сапраўдным хрысьціянінам -- выконваць Божыя запаветы, любіць Бога і бліжняга, ня толькі словам і языком, а справай і праўдай.

***

Дзякуй чытачам за ўсе пытаньні. Спадзяюся, што больш-менш змог адказаць зразумела і ясна. А калі цікавяць яшчэ якія пытаньні, зьвяртайцеся на тэлефон 8-029-670-71-76.

* * *

Антось Бокун нарадзіўся ў 1973 годзе ў Менску. Скончыў хімічны факультэт БДУ (1995). У сярэдзіне 1990-х узначальваў Задзіночаньне беларускіх студэнтаў (ЗБС). З 1999 году пастар менскай пратэстанцкай царквы «Ян Прадвесьнік». Мае два сыны.

3 чэрвеня Антось Бокун быў затрыманы міліцыяй за тое, што ладзіў несанкцыянаванае ўладамі набажэнства ў прыватным доме. У панядзелак 4 чэрвеня быў асуджаны да трох сутак арышту. Выйшаў на волі раніцай у сераду 6 чэрвеня. Таксама ў сераду ўлады дэпартавалі зь Беларусі яшчэ аднаго пратэстанцкага пастара — Яраслава Лукасіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0