— Самотная душа ня выратуецца?

— Не. Патрэбнае каханьне.

— Вы шчасьлівы?

— Я і дагэтуль быў шчасьлівы. Але цяпер я яшчэ больш шчасьлівы.

— Шчасьце для Імрэ Кертэса — гэта выратаваньне маленькага чалавека ад трагедыі існаваньня?

— Шчасьце — гэта абавязак. Мы жывём, каб быць шчасьлівымі, сказаў бы Госпад Бог, калі б ён існаваў.

— Цяпер Вы багаты чалавек, можаце купіць сабе маёнтак.

— Мая жонка штурмуе бэрлінскія крамы. Прыходзіць і загадвае: давайце сюды шампанскае, ікру! Мой муж — Нобэлеўскі ляўрэат!

— У сваім “Дзёньніку галерніка” вы пішаце: “Я назаўжды застануся другарадным, непрызнаным і незразуметым вугорскім пісьменьнікам. Тое, чым я займаюся, — гэта ілюзія, і на яе я марную сваё жыцьцё…”

— Я жыў у перакручаным сьвеце. Благія пісьменьнікі здаваліся добрымі й наадварот. На што я мог разьлічваць — непрызнаны мастак з Цэнтральнае Эўропы, які піша неіндаэўрапейскай мовай?

— Ці гэты зьнявераны творца яшчэ жыве ў Вас?

— Ён заўжды жыве. Іншая справа — хто пойдзе па ўзнагароду да швэдзкага караля. Між іншым, “Кертэс” для мяне — гэта марка, гандлёвая марка, як “Мэрсэдэс”.

— Бліскучая кар’ера: колішні 15-гадовы лягерны вязень пасьля паўвеку пісьменьніцтва ў будапэшцкай кватэрцы трапляе да стакгольмскага каралеўскага двара.

— У Вугоршчыне мяне зрабілі нацыянальным героем. Я мушу выканаць гэтую ролю, бо краіна знаходзіцца ў надзвычай складанай сытуацыі. Мы расколатыя, лібэралы й нацыяналісты б’юцца насьмерць. Мая задача — памірыць іх.

— Ці шмат нявыказанага засталося ад аўшвіцкага досьведу?

— Пасьля кожнай кнігі я раблюся ўсё пусьцейшым. Сызыфаў камень меншае, а старонкі напаўняюцца. У кнізе, якую я пішу цяпер, няма ніводнага пэрсанажа з асабістым канцлягерным досьведам.

— Для сёньняшніх дзяцей Галакост будзе раўназначны падзеям 11 верасьня.

— Гэта натуральна. Але цяперашнія дзеці заўжды будуць памятаць і разважаць пра вялікую расколіну ў душы Эўропы. Дасьледуючы карані 11 верасьня, яны будуць натыкацца на Аўшвіц. Яго нельга патлумачыць, гэта глыбокая рана, пачатак каардынат. Але, калі вашая дачка праз 20 гадоў ізноў наткнецца на Аўшвіц, значыць, ёсьць яшчэ надзея і ня ўсё яшчэ страчана. Мы нічога ня можам зрабіць, апроч як толькі памятаць. Вашыя дочкі, мабыць, змогуць стварыць на гэтай падставе новую культуру.

— Вы страшэнна плюралістычны чалавек.

— Мы мусім быць страшэнна плюралістычнымі.

— Але ж ісьціна адзіная?..

— Ісьціна зьмяняецца. З таго часу, як не існуе абсалютнага Бога, няма больш і абсалютнай ісьціны.

— У Вашым “Рамане бяздольнага” малады герой, пад’яжджаючы да Аўшвіцу, адкідае гуманізм і падпарадкоўваецца лёгіцы гісторыі. У рамане Марціна Вальзэра “Вірлівая крыніца” герой — раўнагодак Вашага, ня ведае гісторыі й жыве ў сваім замкнёным цнатлівым сьвеце.

— Немагчыма, каб у Нямеччыне ў 1944 г. быў габрэй, які нічога б ня ведаў. Гэта гістарычная няпраўда. Я думаю, нямецкія інтэлектуалы выйгралі ад змаганьня зь мінулым, пабагацелі. Нямецкі інтэрнацыяналізм, які я бачу ў Бэрліне, бяз гэтага змаганьня не паўстаў бы. У Вугоршчыне такога змаганьня не было, там дагэтуль пануе зарок маўчаньня, культура падозраньня. Я ня мог там працаваць. Вы не ўяўляеце сабе тамтэйшых умоваў. Пануе адкрыты антысэмітызм.

— Постсавецкая Эўропа кантрастуе з Заходняй, дзе моляцца богу, што завецца “грошы”.

— Грошы лепш, чым дыктатура. Праляціце над нашай Эўропай — вы ўбачыце цудоўныя старыя вёскі, вялікія лясы і ніякіх аўтабанаў. Зьверху гэта файна, але лепш не прызямляйцеся, бо жыць там немагчыма. Ніякага іншага варыянту разьвіцьця, апроч заходняга, няма, а так званыя ўсходнія каштоўнасьці можна захаваць і ў музэях.

Захад — гэта лягер вязьняў, што выратаваліся. Трэба бараніць гэты лягер ад тэрарыстаў, ад трэцяга сьвету. Свабода для мяне — вельмі вялікая каштоўнасьць. Калі ў мяне кепскі настрой, я гляджу на плятаны Курфюрстэндаму і адчуваю палёгку. Бэрлін — гэта мой Нью-Ёрк.

— Вы змрочна гледзіце на рэчаіснасьць, калі апошняя надзея — паўмёртвыя бэрлінскія плятаны.

— У маёй творчасьці ня так шмат станоўчага. Я сапраўды ня ведаю, ці ў гэтым грамадзтве грошай можа паўставаць культура. Мне здаецца, гэтае грамадзтва грошай пакінула вольным вельмі малы кавалачак прасторы, у якім можна працаваць. Праца над сабой можа павялічыць гэтую прастору. Я аптымістычна на гэта гляджу. У маім жыцьці цуд адбыўся.

— Вашая творчасьць неадрыўная ад экзыстэнцыялізму. Камю і К’еркегор усё яшчэ ляжаць каля вашага ложка?

— Перш чым пісаць Нобэлеўскую лекцыю, я прачытаў прамову Камю з гэтай нагоды. Постмадэрнізм і ягоныя спробы рэлятывізаваць рэчаіснасьць мінулі, нам ізноў патрэбны вызначаныя пазыцыі. Ізноў ёсьць попыт на літаратуру, якая сур’ёзна ставіцца да сябе.

— Ці падобная літаратура можа выклікаць нешта большае за сублімацыю і палёгку? Ці існуе для Вас збавеньне?

— Для збавеньня патрэбны збаўца. Пра гэта гаворыцца ў маім новым рамане. Натуральна, у герояў нічога не выходзіць. Але яны спрабавалі.

— …адшукаць шчасьце?

— Ці пазбавіцца, вызваліцца ад Аўшвіцу.

— Свабода ад Аўшвіцу?

— Свабода ад Аўшвіцу для таго, хто прайшоў празь яго. Kaтарсыс. Збавеньне ж ляжыць паміж двума людзьмі.

— Самотная душа ня выратуецца?

— Не. Патрэбнае каханьне.

— Мужчына й жанчына — пачатак і канец сьвету. Апошняя Вашая кніжка — гэта раман пра каханьне?

— Раман пра каханьне.

— У Вас яшчэ засталіся нявыкананыя жаданьні?

— Усе мае жаданьні ажыцьцявіліся.

— Калі б можна было пачаць усё спачатку, Вы зьмянілі б нешта ў сваім жыцьці?

— Я не хацеў бы мяняць свайго мінулага. Я пражыў цудоўнае жыцьцё.

— Вы не хацелі б пазбавіцца ад Аўшвіцу?

— Aўшвіц — самае вялікае маё багацьце. Незабыўная блізіня сьмерці. Ніколі жыцьцё не было такім файным, як у той даўжэзны момант.

Пераклад паводле “Die Zeit”

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0