Зіма ўжо даўно не зіма, а ў траўні штогод прымаразкі. У тэлевізары то паводкі, то лясныя пажары. І ня дзе-небудзь, а ў блізкай і кліматычна ўмеранай Эўропе. Як будзе зьмяняцца клімат у Беларусі? Адказ на гэтае пытаньне даюць акадэмікі НАНБ у дасьледаваньні «Зьмены клімату Беларусі і іх наступствы».

Значныя зьмены ў беларускім клімаце заўважныя ўжо цяпер. Ядро зімы перасунулася з студзеня на сьнежань, а ўвесну на два тыдні раней, чым у сярэдзіне мінулага стагодзьдзя, надыходзяць плюсавыя тэмпэратуры. Асабліва моцна ў выніку чалавечай дзейнасьці зьмяніўся клімат вялікіх гарадоў. У Менску, у параўнаньні з прыгарадамі, тэмпэратуры на 2—2,5°С вышэйшыя, больш ападкаў і пахмурных дзён, а сярэдняя працягласьць навальніцы ў два разы меншая, чым у Мар’інай Горцы (паўтары і тры гадзіны адпаведна). Колькасьць ападкаў у Беларусі зьменшылася ў параўнаньні з даваенным часам. Рэгулярна раз на два гады ў Гомельскай вобласьці і раз на два-тры гады ў Берасьцейскай адбываюцца лякальныя засухі. Іх маштабы робяцца ўсё большыя і большыя, часам ахопліваюць усю плошчу краіны. У пэрыяд з 1989 да 2002 толькі пяць гадоў не было моцнае сухаты. Найбольш ураджаю губляе Гомельшчына і поўдзень Магілёўшчыны. На мэліяраваных глебах (а гэта 16,4% беларускай тэрыторыі) пагоршыўся мікраклімат, значна пачасьцелі замаразкі. 300 тыс. га адпрацаваных тарфянікаў дэградавалі за апошнія дваццаць гадоў. На паверхню выйшлі пяскі. Зьмяняецца і расьлінны сьвет Беларусі. Углыб краіны прасоўваюцца стэпавыя і паўстэпавыя віды. На поўнач адыходзяць яліна эўрапейская, граб і алешына. Іх паядаюць шкоднікі, якія добра перажываюць цёплыя зімы. У прыватным сэктары вырошчваецца ўсё больш цеплалюбівых культураў.

Клімат Беларусі будзе схіляцца ў бок экстрэмальнасьці. Найбліжэйшыя дзесяць—пятнаццаць гадоў, пераходныя перад пацяпленьнем, будуць адзначаныя анамальна моцнымі маразамі ўзімку і анамальна гарачым летам, няўстойлівым надвор’ем увосень і ўвесну. Але ўжо ў сярэдзіне стагодзьдзя сярэднегадавая тэмпэратура павялічыцца на 1°С, а ў канцы — на 3—5°С. Гэтае пацяпленьне выкліча значныя зьмены ў асяродзьдзі.

Паводле прагнозаў, упадзе мінімальны ўзровень вады, пагоршыцца яе якасьць (фаўна ў рэках зьменіцца на больш цеплалюбівую, у выніку прыродная сыстэма самаачышчэньня вады разбурыцца).

Павялічыцца канцэнтрацыя радыенуклідаў у рэках і азёрах. Зьменшыцца ўрадлівасьць глебаў. Балоты пачнуць зарастаць. Значна зьменшацца ўраджаі бульбы, ільну і збожжавых. Павелічэньне ўраджайнасьці магчымае толькі на Паазер’і.

З катастрафічных зьяваў найбольш імаверныя ў Беларусі паводкі. Асабліва калі ўлічыць моцныя паводкі 1845 і 1931 г. Разам з гэтым, поўдню Беларусі пагражае апустыньваньне.

З аднаго боку, зьменшацца выдаткі на ацяпленьне. Паводле прагнозаў, да сярэдзіны гэтага стагодзьдзя ацяпляльны пэрыяд скароціцца на адзін месяц. Цяпер нашы памяшканьні ацяпляюцца пры паніжэньні сярэднясуткавай тэмпэратуры да 8°С. У параўнаньні з 1968 г. ацяпляльны сэзон ужо зьменшыўся на 6—9 дзён (раней сканчаецца). Зь іншага боку, разам з пацяпленьнем павялічацца выдаткі на кандыцыяваньне паветра ўлетку.

Найцяжэй давядзецца сельскай гаспадарцы. На поўдні Беларусі можа ўвогуле паўстаць пытаньне аб яе рэнтабэльнасьці. Ва ўсякім разе, спатрэбяцца дарагія меры на адаптацыю лёгкіх і паўлёгкіх глебаў, а таксама вялікія выдаткі на штучнае арашэньне. На Палесьсі ўжо цяпер трэба прыкідваць сыстэму нерэгулярнага арашэньня (паўторнае выкарыстаньне дрэнажных водаў, рэгуляваньне сьцёку, нават стварэньне падземных вадасховішчаў). Навукоўцы кажуць, што мэтазгодна будзе пашырыць пасевы кукурузы, проса, соі, цукровых буракоў. Раяць актыўна культываваць і новыя маразастойкія культуры, перастрахоўвацца ад наступстваў засухаў. Іншае вырашэньне — увогуле вывесьці неўрадлівыя землі на поўдні краіны зь сельскагаспадарчага ўжытку і засеяць іх лесам.

На кліматычныя зьмены можна рэагаваць двума спосабамі: адаптавацца да новых умоваў альбо запавольваць пацяпленьне, зьмяншаючы выкіды парніковых газаў і саджаючы лес. Спыніць канцэнтраваньне газаў амаль немагчыма. Ні Кітай, ні ЗША, на долю якіх прыпадае 38% шкодных выкідаў, не зьбіраюцца далучацца да Кіёцкага пратаколу, што рэгулюе зьмяншэньне канцэнтрацыі парніковых газаў. Вагаецца і Расея. Зрэшты, у нашай краіне ўзровень выкідаў, паводле афіцыйных зьвестак, ад 1990 г. не павялічыўся — як і патрабуюць міжнародныя забавязаньні. Таму ў найбліжэйшыя гады рэакцыя на кліматычныя зьмены «ня будзе выходзіць за рамкі дзеяньняў аўтаномнага рэагаваньня». Прасьцей кажучы: пацяплее — палезем на пальмы, а пакуль тое — садзім бульбу і падымаем лён.

Вераніка Дзядок

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру