На пытаньні карэспандэнта «НН» адказвае старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі — БНФ Зянон Пазьняк.

«НН»: Нядаўна мы сталі сьведкамі падпісаньня ялцінскага пагадненьня. Як Вы яго ацэньваеце і якімі Вам бачацца ягоныя наступствы для Беларусі?

Зянон Пазьняк: Такога роду «пагадненьняў» ужо было шмат, яны будуць яшчэ. Гэта чарговае зьвяно ў маскоўскім ланцугу «пакрокавай» палітыкі, якую кіруючая расейская гэбэ вось ужо дзевяць гадоў рыхтуе і вядзе разам з Лукашэнкам. Павольнасьць працэсу тлумачыцца ня толькі тактыкай, але найперш праблемай аплаты за здачу Беларусі.

Ізноў жа, справа ня ў тым, што вышэйшая службовая асоба ў Беларусі зашмат хоча, а ў тым, чаго яна ня хоча разумець. Расея, яе НКВД ніколі не ўзнагароджвалі за здраду. Цана гандлю мае ўмоўнае значэньне. Бо, атрымаўшы жаданае, расейцы прадажнікаў заўсёды зьнішчалі. Калі не адразу, то потым. Хоць бы тыя здраднікі прадалі ім усю плянэту Зямлю і хоць бы за капейку.

Калі б — зьвернемся да ўмоўнасьці — у сытуацыі, якая ўзьнікла пасьля ялцінскага спэктаклю Пуціна—Лукашэнкі, у Беларусі раптам стаў бы прэзыдэнт і ўрад Народнага фронту, маскоўцы моцна прайгралі б. Газавы шантаж абярнуўся б супраць іх.

Дарэчы, не забывайма, што магчымасьць газавага шантажу Лукашэнка даў Расеі яшчэ ў 1995 г., калі ацяпляльная і прамысловая сыстэмы Беларусі былі пераведзеныя з мазуты і саляркі на газ, хоць салярка і мазута абыходзіліся нам значна таньней.

Паршывую авечку зашмаргнулі, і яна мірна вядзе бараноў на бойню, да чарговага «кроку» — незаконнага ўвядзеньня расейскага рубля, потым — да незаконнага рэфэрэндуму аб «канстытуцыйным акце» і г.д. Тым часам самі расейцы выказваюцца проста і па-лейтэнанцку, як Пуцін, без дыпляматыі. Віцэ-міністар фінансаў Расеі А.Улюкаеў сказаў 11 верасьня ў газэце «КоммерсантЪ»: «Масква ня будзе ўцягвацца ў спрэчкі, калі і ў якой форме расейскі рубель будзе легалізаваны ў Беларусі, — галоўнае, каб рублёвы аншлюс Беларусі адбыўся. Толькі ў гэтым выпадку расейскі капітал зможа ўдзельнічаць у прыватызацыі беларускай транзытнай транспартнай інфраструктуры».

«НН»: Вы скептычна ставіцеся да «нацыяналізму» Лукашэнкі. Але ці дапускаеце Вы, што ў пэўнай сытуацыі ён можа пераарыентавацца на Захад і знайсьці там падтрымку сілаў, зацікаўленых у аслабленьні пазыцыяў Расеі ў Эўропе?

З.П.: Не дапускаю. Гэта супярэчыць ягонай антызаходняй «натуры» і ўсёй антыбеларускай унутранай палітыцы. Падтрымкі ў заходняй Эўропе ён ня знойдзе, бо Эўропа, дзе тон задаюць Нямеччына і Францыя, арыентаваная на дачыненьні і гандаль з Расеяй. «Сілаў, зацікаўленых у аслабленьні пазыцыяў Расеі ў Эўропе», не існуе, бо ніякіх «пазыцыяў» Расея ў Эўропе ня мае. Тым часам Амэрыку, якая абяцалася быць гарантам беларускай незалежнасьці, Лукашэнка даўно аб’явіў сваім «асабістым ворагам».

«НН»: Ці застанецца нязьменнай пазыцыя ЗША ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі?

З.П.: Гэта будзе залежаць найперш ад саміх беларусаў, прытым ня толькі на Бацькаўшчыне, але і ва ўсім сьвеце. Ад здольнасьці іх да супраціўленьня расейскай палітычнай агрэсіі, ад актыўнасьці палітычных сілаў беларускага Вызвольнага Руху (Беларускі народны фронт «Адраджэньне», Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ і інш.). У другую чаргу гэта будзе абумоўлена дзеяньнямі Эўропы і геапалітычнай сытуацыяй ва Ўсходняй Эўропе. Калі «другая чарга» стане «першай» — гэта будзе вельмі кепскі знак і фатальныя наступствы для Беларусі.

«НН»: Ці бачыце Вы сярод нацыянальных сілаў патэнцыйных саюзьнікаў КХП-БНФ?

З.П.: Невядома, што вы маеце на ўвазе пад «нацыянальнымі сіламі». Калі ўсю беларускую нацыю, то найпершымі нашымі саюзьнікамі ёсьць тыя людзі, што стаяць і будуць стаяць на пазыцыях Акту 25 Сакавіка 1918 г. Тыя ж зь іх, што здольныя да змаганьня, дзейнасьці і барацьбы за гэтыя ідэалы, стануць у нашыя шэрагі.

«НН»: У Беларусі існуе «пяцёрка» апазыцыйных партыяў, якая рыхтуецца ісьці на выбары ў палату прадстаўнікоў агульным сьпісам. Ці можа Ваша партыя далучыцца да гэтага аб’яднаньня?

З.П.: Калі Масква ўвядзе на Беларусь свае грошы і замацуе сваю палітыку праз рэфэрэндум аб «канстытуцыйным акце», ніякіх выбараў больш ня будзе. І «палата» стане непатрэбнай. Хутчэй за ўсё, адразу ўвядуць становішча пераходнага пэрыяду да «адзінай саюзнай дзяржавы» і г.д., з усімі выходзячымі адсюль вынікамі, дзеяньнямі і рэпрэсіямі. Трэба змагацца, каб не дапусьціць рэфэрэндуму і расейскіх грошай, падрыхтаваць нацыю да байкоту незаконнага рэфэрэндуму, калі яго нам навяжуць. А чарговая «кааліцыя» барацьбе Фронту супраць увядзеньня расейскіх грошай і падрыхтоўкі незаконнага рэфэрэндуму процістаўляе заклік рыхтавацца… да выбараў у «палату».

Падстаўной «апазыцыі» адведзена вельмі абмежаваная і вузенькая роля: дэманстраваць зь сябе «апазыцыю» і паказваць сваю слабасьць ды нікчэмнасьць. Доступ да мэдыяў, дарога ў парлямэнт і ў саветы для гэтай «апазыцыі» не прадугледжаныя і не дазволеныя. Тут пабудаваная сьцяна, якую (таму, хто сапраўды хоча змагацца) можна абысьці, паваліць ці пабурыць збоку, але ня ў лоб. «Кіраваную апазыцыю» ўвесь час (як тую паршывую авечку) штурхаюць ісьці ў лоб — на выбары ды на рэфэрэндум, якія яна тут у прынцыпе ня можа выйграць, але сьцягне электарат і легітымізуе фальсыфікацыю.

Калі расейцам пры дапамозе «апазыцыі» ўдасца забраць Беларусь, то гэтая апазыцыя будзе таксама ліквідаваная імі, разам з Лукашэнкам. Калі ж Масква адкладзе свой плян з рэфэрэндумам у Беларусі на потым, то выбары ў «палату» адбудуцца. «Кіраваную апазыцыю» туды не прапусьцяць, хіба пару маргіналаў. Эўропа ж будзе імкнуцца прызнаць новую «палату».

«НН»: Але на мінулых выбарах у мясцовыя саветы, якія байкатавала КХП-БНФ, дэпутатамі сталі некалькі дзясяткаў дэмакратычных кандыдатаў.

З.П.: У мясцовыя саветы «выбрана» 20 тысячаў дэпутатаў. Сярод іх прапусьцілі 15—20 маргінальных прадстаўнікоў ад «апазыцыі». Ліміт мог быць і меншым. Гэта было пададзена як вялікая «палітычная перамога апазыцыі».

«Свае людзі» ў саветах пажаданыя тады, калі выбары дэмакратычныя, справядлівыя і легітымныя. Ва ўсіх астатніх выпадках гэта вельмі сумнеўная і спрэчная справа. Хаця часам і магчымая, гледзячы на сытуацыю.

«НН»: Ці дапускаеце Вы магчымасьці адкрытага вайсковага ўмяшаньня Расеі ў справы Беларусі?

З.П.: Адкрытае вайсковае ўмяшаньне Расеі цяпер малаверагоднае, бо ўсё падрыхтавана якраз да «ціхай акупацыі», і яна рухаецца даволі пасьлядоўна.

Калі б беларусы былі здольныя на збройную барацьбу, то хапіла б роты, каб усё перамянілася, і ніякае вайсковае ўмяшаньне ўжо ня выратавала б Маскву.

«НН»: Як, па-Вашаму, увойдзе ў гісторыю пэрыяд існаваньня Рэспублікі Беларусі?

З.П.: Што датычыць «пэрыяду існаваньня», то выглядае, што некаторыя пачалі ўжо заранёў хаваць Рэспубліку Беларусь. Але тых, хто сьпяшаецца, чакае расчараваньне. Беларусь была, ёсьць і будзе вечна!

Запісаў Сяргей Ёрш

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру