У Нью-Ёрку адкінуў канькі Эдвард Саід, а ў Беларусі нават ніхто не пачухаўся. Нонсэнс. Бо, не абвергнуўшы дактрыны Саіда, ніводная наша палітычная эліта ня будзе дрыхнуць спакойна.

Быццам гадзіньнікавая бомба, ягоная тэорыя будзе час ад часу выбухаць у мазгах грамадзянаў спакусай паўстаньня супраць, як бліскуча давёў Саід, абсалютна штучнай Сыстэмы.

Галоўны тэзыс Саіда выкладзены ў кнізе «Арыенталізм» (1978). Сутнасьць «эўрыкі» ў тым, што Захад выпрацаваў комплекс павярхоўных уяўленьняў аб Азіі, г.зв. «арыенталізм», які на самай справе зьяўляецца не сукупнасьцю аб’ектыўных ведаў, а «заходнім спосабам адносінаў да Ўсходу, які дазваляе панаваць над ім, перакройваць яго адпаведна сваім шаблёнам і падпарадкоўваць сваёй уладзе». Эўрапейская культура ня толькі здолела замацавацца на Ўсходзе, але, можна нават сказаць, яна стварыла «Ўсход». Гэтая тэхналёгія ня згінула пасьля каляпсу каляніялізму. Посткаляніяльныя эліты ў пошуках эфэктыўнай мадэлі мэнэджмэнту стварылі ў калянізатараў ідэю «арыенталізму» і паставілі вырабніцтва «ўсходаў» на канвэер.

Як функцыянуе «арыенталізм» на прыктыцы, відаць на прыкладзе роднага народу Саіда — палестынцаў. На працягу гісторыі іх нацыянальная ідэнтыфікацыя мянялася ў залежнасьці ад забабонаў палітыкаў. Пры турках жыхары Палестыны былі асманамі, падчас першай сусьветнай — арабамі, потым — бедуінамі, да мандату — сырыйцамі, падчас мандату — арабамі, пры габрэях — ярданцамі. Цяпер быццам яны зноў арабы і застануцца імі, пакуль камусьці ня стукне ў галаву зьляпіць зь іх новую нацыю. Напрыклад, «міжземнаморскіх крывічоў».

Такім самым чынам працуюць праэўрапейская і прарасейская бранжы беларускай эліты: прыдумваюць сваю Беларусь, сваю экзотыку, свае стэрэатыпы. Прыступы палкай фантазіі нацыяналіста нараджаюць на сьвет беларускага рыцара, пэрспэктывы кар’ернага росту натхняюць лукашыста на сцэнар «Настасьсі Слуцкай». Паладзіны патрэбны нацыяналістам, каб замацаваць тэзыс аб эўрапейскасьці беларусаў. Лукашэнку ня жыць безь мітычнага слуцкага фэадала, бо ягонаму абсалютызму бракуе гістарычнага падмурку.

Саід, узьняўшы праблему «арыенталізму», не падказаў выйсьця з сытуацыі. Між тым выхад відавочны. «Арыенталізму» трэба супрацьпаставіць новы калектыўны эпістэмалягічны падыход, які ня будзе мець нічога супольнага з адносінамі панаваньня. Гэта ня толькі вызваліць нацыю ад каляніяльных каштоўнасьцяў, але і адчыніць новыя, невядомыя заходняму рацыяналізму чалавечыя якасьці.

Вось што, напрыклад, пісала замежная прэса ў 60-я аб індыйскіх мааістах, якія змагаліся з каляніяльным дыскурсам, творча сынтэзуючы традыцыю і запаветы Маркса: «Самыя здольныя вучні Мао кінулі выклік сусьветнаму закону прыцягненьня. Тысячы працоўных у горадзе Сікім на мітынгу, які арганізаваў «Камітэт Лятучых Камуністаў», назіралі, як група мужчын з скрэсьленымі ў позе лётаса нагамі, пеючы «Інтэрнацыянал», адарвалася ад трыбуны і ўзьнялася над ёй. Камуністы разгарнулі ў паветры транспарант «Узьняць сьцяг ідэяў Мао над усім сьветам!». Пасьля гэтага палітычны давер працоўных штату быў заваяваны. Між тым самі марксісты-ленінцы сьціпла ацэньваюць свой палёт, сьцьвярджаючы, што гэта былі толькі падскокі. Цяпер яны авалодваюць другім узроўнем — вучацца лунаць. Каб паляцець, неабходна кіравацца законам і пастулятам навуковага камунізму — тэорыяй Мао Цзэдуна. Дабіцца гэтага дазваляе тэхніка рэвалюцыйнай працы, спэцыяльная практыка дыханьня — сыстэма пазасан. Нялёгкі шлях клясавай барацьбы, аднак той, хто пройдзе яго, атрымае ключ да таямніцаў неба».

Чулі, спадары дэмакраты, — «ключ да таямніцаў неба»! А вы мне ўсё пра ВКЛ і аб тым, што пры Эўразьвязе мінімалка будзе пад сто баксаў.

Лёлік Ушкін

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру