Зносак адчуе
Дзяржаўныя СМІ ахвотна даюць слова апазыцыянэрам. Праўда, толькі тым, якія маюць рахункі зь пяціпартыйнай дэмакратычнай кааліцыяй. Якіх толькі дзівосаў не сустрэнеш на старонках «органаў»: тут і камплімэнты Севярынцу як «несастарэламу», Пазьняку як «пасьлядоўнаму», і галашэньне аб няшчаснай долі камуністаў, якім прыйдзецца агітаваць за БНФ.
А вось узяла б апазыцыя ды публічна стварыла аўтарытэтную пагаджальную камісію на чале не з палітыкам, а з партыйна незаангажаваным, усімі шанаваным чалавекам. Дробязь — але было б салідна, па-буйному. Тады й Зносак адчуў бы: зь пяціпартыйным кулаком у краіну вяртаецца вялікая палітыка. Такая, пры якой не раскідаюцца ніводным голасам. Такая, пры якой грамадзтва разглядаюць ня ў якасьці аб’екту, а ў якасьці арбітра.
Андрэй Дынько





