Рандзілаўшчыну, дзе ў псыханэўралягічным дыспансэры згарэў у нядзелю раніцай 31 чалавек, даволі цяжка знайсьці. Пачнём з таго, што ажно да lentа.ru адразу дайшло паведамленьне: пажар здарыўся ў Казловіцкім інтэрнаце на Гарадзеншчыне. Беларускія сродкі масавай інфармацыі ўпарта паўтаралі гэта нават у панядзелак. Паленаваліся зазірнуць у даведнікі, узяць мапу. Праўда, пры канцы дня некаторыя “выправілі” памылку: пажар адбыўся ў Казлоўшчыне. Але насамрэч дыспансэр знаходзіцца ў вёсцы Рандзілаўшчына, а паміж ёй і Казлоўшчынай яшчэ стаіць цэнтар сельсавету Дзянісава.

Аднак гэта яшчэ ня ўсё. Калі даваць веры “Атлясу Гарадзенскай вобласьці”, Рандзілаўшчына месьціцца справа ад Казлоўшчыны, г.зн. на ўсход. А вось мапа аўтамабільных дарог выданьня 2002 г. дае адваротныя зьвесткі: Рандзілаўшчына — на захадзе ад Казлоўшчыны. І саму Казлоўшчыну яна разьмяшчае зусім у іншым месцы, ня там, дзе яна знаходзіцца насамрэч. Мы ехалі з поўначы, пераехалі церазь Нёман, мінулі Дзятлава, а далей выявілася, што мапа брэша. Тых вялікіх вёсак, якія былі пазначаныя на шашы Дзятлава—Слонім, мы ня ўбачылі, затое раптам трапілі ў Казлоўшчыну. Мы вырашылі, што мапа аўтамабільных дарог складзеная цалкам у духу антынатаўскіх манэўраў “Чыстае неба”. Мэта — заблытаць ворага, каб у будучыні натаўскія танкавыя калёны трапілі ў рэшткі беларускіх балотаў.

Дарэчы, дарожнага паказальніка з шыльдай “Рандзілаўшчына” таксама не існуе. А ёсьць толькі — “Псыханэўралягічны дыспансэр”. У вёсцы засталося жылых хатаў дзесяць. Выглядае яна даволі міла. Спачатку ля дарогі спатыкае капліца ў выглядзе высокага мураванага кантовага слупа з крыжам. Леваруч — касьцёлік у клясычным стылі, каля яго старыя могілкі. Ля касьцёлу прыбіралі жоўтае лісьце сталыя мужчыны і кабеты. Дарога вядзе міма — да былога панскага маёнтку з прысадамі. У ім — установа, што раптам стала вядомая на ўвесь сьвет, хоць і зь пераблытанай назвай.

Міліцыя на тэрыторыю не пускала, але паводзілася досыць міралюбна. Наперадзе было відаць гарэлішча, абнесенае бела-чырвоным пасам. Насельніцы дыспансэру прыбіралі лісьце: напэўна, чакалі Аляксандра Рыгоравіча. Бо ў сельсавеце мы пачулі: можа прыехаць сам Лукашэнка. Але, напэўна, у прэзыдэнцыі ўзважылі плюсы і мінусы магчымага візыту і, мабыць, налічылі мінусаў болей. Дый увогуле, відаць, да сельсавету дайшла запозьненая інфармацыя. Каб Лукашэнку па-сапраўднаму чакалі, дык не пад’ехалі б мы да Рандзілаўшчыны, не размаўлялі б зь міліцыянтамі, з сваякамі хворых, якія прыехалі наведаць сваіх, калі даведаліся пра здарэньне. Не аглядалі б мы кінутыя скрынкі гмахаў — дыспансэр гадоў дзесяць таму пачалі разбудоўваць. У “гарадзкіх” будынках былі б і ўмовы лепшыя. А так — прыбіральня на дварэ, старыя драўляныя, панскія яшчэ дамы, у якіх хворыя жылі... Прычым згарэў самы населены — 62 чалавекі. Усяго хворых у дыспансэры было 134.

Пасьля вайны быў тут дзіцячы дом, пасьля — дом для састарэлых, а потым ужо — дыспансэр. Некаторыя пражылі ў ім усё жыцьцё, па шэсьцьдзесят гадоў. Так нам сказалі ў сельсавеце. У Казлоўшчыне існуе месца на праваслаўных могілках, дзе хаваюць нябожчыкаў з дыспансэру. У Казлоўшчыне пабудаваны і дом для пэрсаналу. Хадзілі некаторыя хворыя ў казлоўшчынскую царкву, а іншыя — у свой рандзілавіцкі касьцёл Сэрца Езуса, які зусім побач. І да споведзі прыходзілі, і камунію прымалі. Нават аднаго хворага хрысьцілі. Адзін вясковец прыйшоў раніцай да касьцёлу, а там людзі кажуць: дурдом згарэў. “Гэта яго так у вёсцы называлі, — тлумачыць ён. — Панаехала пажарных, міліцыі, начальства, нікога не пушчалі. А потым прыйшлі машыны і забралі трупы”.

Пажарныя з Казлоўшчыны прыехалі хутка — за 5-6 хвілін. Аднак выклікалі іх запозна. Тэлефона ў будынку не было, трэба было бегчы да яго ў мэдпункт мэтраў 150 дакладна. Калі мы на наступны дзень заехалі ў Казлоўшчыну, рознакаляровыя брандспойты сушыліся на плоце. Саміх удзельнікаў тушэньня пажару выклікалі ў Дзятлава — на “разбор палётаў”.

А 9-й раніцы ў нядзелю ў касьцёле адбылося набажэнства, прыехаў ксёндз Аляксандар з Слоніму, маліўся зь людзьмі за ахвяраў пажару. “За інвалідаў”, — як сказаў адзін дзядзька.

Жанчына ў касьцёле казала, што шкада асабліва “разумнейшых”. Быў там Сашка, які сядзеў каля іх у касьцёле. Прыйшоў аднойчы, яго пахрысьцілі, і ён стаў моцным вернікам. Казаў: раней мог вылаяцца часам, а цяпер — не. Апавядаў пра сваё жыцьцё: сам зь Менску, тэлефон маці пакінуў. Яго лепш апранулі, ксёндз дапамог. “Добры быў хлопчык”, — гаворыць жанчына. А потым людзі казалі, што чулі, як у час пажару енчылі тыя хворыя, што гарэлі. А яна ім: тыя задыхнуліся ад дыму. Енчылі тыя, хто ўратаваўся.

Сяргей Максімовіч,

Рандзілаўшчына—Горадня

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру