Ha навуковай канфэрэнцыі “Праблемы прагназаваньня і дзяржаўнага рэгуляваньня сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця”, што прайшла пад эгідай Міністэрства эканомікі і Нацбанку, былы дарадца Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер выкладчык Эканамічнага ўнівэрсытэту Пятро Капітула заявіў пра патрэбу рэзкіх зьменаў у эканамічнай палітыцы дзяржавы.

Беларуская мадэль прадугледжвае значную цэнтралізацыю функцый кіраваньня, зазначыў ён. Між тым ніколі дзяржаўная ўласнасьць, дзяржаўнае ўмяшаньне ў эканоміку ня могуць быць эфэктыўнымі, і гэта даказала гісторыя разьвітога сацыялізму. Умяшаньне дзяржавы ў цэнаўтварэньне стрымлівае разьвіцьцё эканомікі. Няма будучыні ў беларускай эканомікі, калі захаваецца такі нізкі ўзровень інвэстыцый у яе, як цяпер, прычым безнадзейна разьлічваць на ўнутраныя крыніцы інвэставаньня. Таксама П.Капітула заявіў, што Беларусі не патрэбны такі маштабны машынабудаўнічы і станкабудаўнічы комплекс — ён выгадны не Беларусі, а Расеі. Адтуль ідуць мэтал, газ, электраэнэргія, наша ж толькі праца. Ён выгадны занятасьцю людзей, але не эканамічна, бо зьядае прорву субсыдыяў. Выснова Капітулы: калі пэўныя вытворчасьці працуюць выключна на расейскі рынак, трэба перадаць іх адпаведным расейскім карпарацыям, каб яны іх і ўтрымлівалі.

МБ; “Звязда”

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0