Адраджэньне Фронту

На гэтым тыдні спаўняецца пятнаццаць гадоў БНФ. 19 кастрычніка 1988 г. у будынку Чырвонага касьцёлу — на той час Дому кіно — адбылося пасяджэньне арганізацыйнага камітэту Беларускага народнага фронту.

Увосень 2003-га адзіны Народны Фронт патрэбны Беларусі ня менш, чым тады. Дыктатарскі рэжым, Расейская імпэрыя й слабасьць разрозьненае апазыцыі робяцца франтальным выклікам Беларусі. Адказ пагрозам мусіць быць гэткім самым франтальным.

Беларуская ідэя

Першапачатковае пытаньне, зь якім трэба вызначыцца нацыянальным сілам, — Ідэя. На гэты момант беларуская нацыянальная ідэя існуе ў выглядзе разрозьненых і прыватных тэзаў. Агульнапрынятае канцэпцыі дзяржаўнасьці, нацыянальных каштоўнасьцяў і нацыянальных інтарэсаў, прызнанае нават большасьцю суб’ектаў апазыцыі, папросту няма. Не ў апошнюю чаргу гэтымі акалічнасьцямі тлумачыцца разброд у лягеры правых.

Сфармуляванага яшчэ пры канцы 80-х паняцьця беларускае ідэі як ідэі незалежнасьці сёньня ўжо недастаткова: вось ужо паўтара году галоўны абаронца сувэрэннасьці ў нас Лукашэнка. Таму зь лёзунгу “моцнае дзяржавы” (выкарыстанага Лукашэнкам дзеля захаваньня ўлады і ўцісканьня грамадзтва) акцэнт пара пераносіць на фармаваньне моцнае нацыі. Сьцьвярджаць уласна нацыянальную ідэю: нацыянальную місію, нацыянальных герояў, нацыянальныя інтарэсы. Сыстэмная распрацоўка такое ідэі мае на ўвазе, што праблемы, напрыклад, узроўню жыцьця, наркаманіі або чаўночнага бізнэсу перастаюць разглядацца як выключна сацыяльныя і фармулююцца як нацыянальныя. Такім чынам, правыя выходзяць зь межаў вузкага стэрэатыпу “змагароў за мову і культуру” на прастор масавае сьвядомасьці з адстойваньнем інтарэсаў “беларускага чалавека”: беларускага грамадзтва, беларускага бізнэсу, беларусаў за мяжой. Такая ідэя мусіць мець фундамэнтальнае сьветапогляднае апірышча, і відавочна, што для Беларусі ў яе гісторыі, сучаснасьці й эўрапейскім кантэксьце ролю сыстэмы каардынатаў выконвае хрысьціянства, поліканфэсійнае й талерантнае.

Апазыцыі было б ня лішне адпрацаваць канкрэтныя й лякальныя дэталі такое нацыянальнае ідэі ў акругах на будучых выбарах. Сам я пляную выкласьці свой погляд у кнізе, якую цяпер рыхтую.

Беларускі рух

Нацыянальны рух ня ў лепшым стане, чым ідэя. Калісьці моцны й маналітны БНФ раскалоўся, здрабнеў і перастаў выконваць ролю асноватворнае незалежніцкае арганізацыі. Хтосьці сышоў, хтосьці працягвае змагацца, хтосьці замкнуўся ў сваёй партыі, суполцы — у выніку робіцца ясна, што зьяднаць і старэйшае пакаленьне, і новапаўсталую моладзь можа толькі такі ж магутны, як і пры канцы 80-х, наступальны й дзейны рух. Само па сабе абмеркаваньне камбінацыяў ці зьвязак у сучасным броўнаўскім стане нацыянальных сілаў ня мае сэнсу. Асобныя суб’екты могуць выканаць хіба што ролю цэнтраў крышталізацыі, але пераплавіць, паглынуць усе адрознасьці й супярэчнасьці, узьняць масавую хвалю будзе здольны толькі фронт падзеяў.

Адсюль вынікае генэральная задача правых — пераможная стратэгія. Поле бітвы — каскад выбараў і кампаніяў 2004—2006 г. Першы крок — кансалідацыя ўсіх дзейных сілаў на базе нацыянальнае ідэі. (“Пяцёрка” для гэтага не падыходзіць, надта яна ідэалягічна разнародная і слабая.) Затым — канцэнтрацыя сілаў і сродкаў на найважнейшых кірунках: а) жывы кантакт з большасьцю выбаршчыкаў; б) выбарчы закон і сыстэма камісіяў; в) вулічныя выступы; г) замежнапалітычны ціск на рэжым. Ударныя корпусы — моладзь, прадпрымальнікі й незалежныя прафсаюзы. Апэратыўная задача на 2004 г.: выбарчай кампаніяй у 110 акругах з дапамогай пратэстных настрояў сабраць большасьць галасоў і нанесьці рэжыму поўную псыхалягічную паразу: “Краіна за нас!” 2005 г. — год штурму галоўных апораў рэжыму: маўклівай змовы намэнклятуры, інфармацыйнае манаполіі, гатовасьці сілавых структураў “выканаць любы загад”.

Грубыя спробы ўмяшаньня Расеі напярэдадні вырашальнага 2006-га павінныя толькі ўзмацніць незалежніцкія настроі й выклікаць салідарны адпор з боку ўсяе беларускае эліты.

Ключавую ролю ў новым уздыме нацыянальнага руху могуць сыграць беларускія хрысьціяне. Доля тых, хто верыць у Бога, паводле апытаньняў 2000—2001 г., дасягнула 50% і працягвае расьці. Велізарны патэнцыял хрысьціянства й непрыманьне дыктатуры вернікамі розных канфэсіяў робяцца ўсё больш важкім палітычным чыньнікам. Пяцітысячныя мітынгі ў Менску за апошнія два гады зьбіралі хіба што каталікі й пратэстанты. Хрысьціянскія грамады могуць надаць слабой і зьняверанай апазыцыі духу, веры, што істотна, маральнасьці, — і адыграць у справе пераменаў тую ж ролю, якую ў Польшчы часоў “Салідарнасьці” адыграў Касьцёл або ў Заходняй Украіне — Унія.

Беларускі прэзыдэнт

Асоба лідэра нацыянальнага руху, хутчэй за ўсё, узьнікне ў іпастасі беларускага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 г. Відавочна, што ў шэрагу ўдзельнікаў кампаніяў 2004—2005 г. вылучацца некалькі пэрспэктыўных і папулярных кандыдатаў — маладых, харызматычных незалежнікаў (лепш непартыйных і з правінцыі), якія і будуць прэтэндаваць на ролю правадыра. Наймэтазгодней вызначыць адзінага зь іх праз “праймэрыз”.

Асабістая альтэрнатыва Лукашэнку — апошняя і вырашальная стаўка нашага супрацьстаяньня як рэжыму, так і Маскве. У сёньняшняй Беларусі пасада прэзыдэнта дае бяспрыкладныя магчымасьці для рэфармаваньня й рашучага развароту ўсяе дзяржаўнае машыны. Гэта капітальны шанец. У сытуацыі рэзкіх пратэстных настрояў і “эфэкту ківача” беларускі рух можа прывесьці “ў дамкі” і радыкальнага незалежніка, які размаўляе па-беларуску: галоўнае, каб ён здолеў спадабацца асноўным катэгорыям выбаршчыкаў і ў ключавы момант меў сьмеласьць выступіць пэрсанальна супраць Лукашэнкі.

...Адраджэньне Фронту адбудзецца рана ці позна — бо гэта гістарычная неабходнасьць. Хутчэй за ўсё, пад іншай назвай. У горне падзеяў бліжэйшых гадоў. З абноўленай ідэяй і новым пакаленьнем. Перакананы — усе фронтаўцы разам выйдуць на тую пераможную маніфэстацыю аксамітнае рэвалюцыі, якая нарэшце дасьць пачатак новай Беларусі.

Павал Севярынец, фронтавец

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру