Палітінфармацыя цяпер — справа не такая лёгкая, як у савецкія часы: і пытаньні выступоўцу задаюць, і аргумэнтаў патрабуюць.

У гэтым пераканаўся намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Алег Праляскоўскі, прыехаўшы на выступ да выкладчыкаў і студэнтаў БДУ зь лекцыяй пра дзяржаўную ідэалёгію.

Выступ адбыўся 16 кастрычніка «ў рамках адзінага палітдня». Сам Праляскоўскі даў каманду шырока не апавяшчаць пра свой прыезд: досыць, маўляў, і прысутнасьці ўнівэрсытэцкай прэс-службы. Аднак гэтая мера ня выратавала палітінфарматара. Адзін з удзельнікаў зазначыў, што сход больш нагадваў апазыцыйны мітынг, чым рэспэктабэльны збор прафэсараў і студэнтаў. Пыталіся пра актуальнае: і пра Эўразьвяз, і пра зьвяз з Расеяй, і пра расейскі рубель. Адказваў Праляскоўскі вельмі няўцямна. На пытаньне наконт русіфікацыі Беларускай тэлевізіі («Па-беларуску нават навінаў цяпер няма як паглядзець», — абураўся выкладчык БДУ) галоўны ідэоляг краіны зазначыў, што няма такой зьявы.

Неабходнасьць увядзеньня дзяржаўнай ідэалёгіі многімі прысутнымі аспрэчвалася. «Як гэта адпавядае чацьвёртаму артыкулу нашай Канстытуцыі, дзе сказана: ніводная палітычная партыя, рэлігійная ці сацыяльная група ня можа навязваць сваёй ідэалёгіі іншым?» — пыталіся ў Праляскоўскага. З усяе залі знайшоўся толькі адзін малады чалавек, які выказаўся ў падтрымку новага ідэалягічнага курсу: «Я й сам рыхтуюся на ідэоляга. Ці ёсьць у мяне будучыня?» На гэта адразу зрэагаваў іншы студэнт: «А я вучуся на міжнародніка. Ці ёсьць будучыня ў мяне?»

«Палітінфарматар» жа атрымаў ад БДУ падзяку і памятныя сымбалі — значку БДУ і цяперашні сымбаль унівэрсытэту — папараць-кветку.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0