Зь недзяржаўнага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту звольніўся вядомы палітоляг, дацэнт катэдры эканомікі Віталь Сіліцкі. Пайсьці на гэты крок настойліва прасіла кіраўніцтва навучальнай установы.

Аналітычныя публікацыі, камэнтары В.Сіліцкага наконт палітычнай сытуацыі ў краіне рэгулярна зьяўляюцца ў незалежных СМІ. Погляды, што выказваюцца ў іх, часам ня менш крытычныя ў адносінах да апазыцыі, чым да ўладаў. Да гэтага году праблемаў на працы Сіліцкі праз гэта ня меў. Аднак у красавіку ў адной зь дзяржаўных газэтаў зьявіўся матэрыял, аўтар якога выступіў са зьдзекліва-нахабнымі нападкамі на Сіліцкага. «Поўная бязглузьдзіца!» — кажа пра тую публікацыю В.Сіліцкі. Ён лічыць гэта «адказам» на крытыку штогадовага пасланьня Аляксандра Лукашэнкі да парлямэнту, агучаную праз інтэрнэт-газэту «Беларускія навіны».

У канцы жніўня Сіліцкага выклікаў рэктар Анатоль Міхайлаў, але нічога канкрэтнага не сказаў — хіба толькі тое, што палітоляг «стварае праблему». «Справу сьпіхнулі на прарэктараў, і сытуацыя вырашылася літаральна на працягу чатырох дзён, — гаворыць Сіліцкі. — 1 верасьня зноў запрасілі і прапанавалі звольніцца». Празь месяц, пасьля адпачынку, Віталь Сіліцкі напісаў заяву на звальненьне. Абгрунтаваньне ён падаў такое: «У сувязі зь нежаданьнем кіраўніцтва ЭГУ працягваць са мной працоўныя адносіны з прычыны маёй палітычнай нядобранадзейнасьці…»

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0