6 кастрычніка 2003 г.

Як справіўся Сідорскі

За дзевяць месяцаў урадаваньня Сяргея Сідорскага засталіся нявыкананымі 5 з 16 асноўных прагнозных парамэтраў на 2003 г., у тым ліку рост вытворчасьці прадукцыі сельскай гаспадаркі, харчаваньня, павелічэньне рэальных грашовых даходаў насельніцтва. ВУП вырас на 106%, але запасы гатовай прадукцыі на складах дасягнулі 64% аб’ёму месячнае вытворчасьці, болей за траціну прамысловых прадпрыемстваў застаюцца нерэнтабэльнымі, нягледзячы на дзяржаўную падтрымку і падатковыя льготы. 64% сельгаспрадпрыемстваў — стратныя. Толькі дзякуючы прысядзібным і фэрмэрскім гаспадаркам удалося дабіцца запаволеньня зьніжэньня паказьнікаў у аграрнай галіне. І гэта нягледзячы на 900 млрд руб. сёлетніх дзярждатацыяў.

Пляны «Белавіі»

У чэрвені 2004 г. «Белавія» мае набыць яшчэ два «Боінгі». У 2005-м парк папоўніцца «Эмбраерам-145» бразыльскай вытворчасьці (на 50 месцаў). Ён павінен замяніць «Як-40» і «Ан-24» для палётаў на Стакгольм, Бэрлін і Варшаву. Набудуць яго, відаць, у авіякампаніі «Lot» (Польшча), якая плянуе замяняць «Эмбаеры» на больш умяшчальныя. У 2006 г. «Белавія» плянуе купіць яшчэ «Боінг» і «Эмбраер».

Супэрсупэрмаркет

Новы гарадзенскі супэрмаркет зойме 6 га плошчы, дасьць гораду 7 млн даляраў інвэстыцыяў і 400 новых працоўных месцаў. Да 1 студзеня 2005 г. ён павінен прыняць першых пакупнікоў. Інвэстуе супэрмаркет прадпрыемства «Гандальоптыма», якое заадно пабудуе ў Горадні дзьве электрычныя трансфарматарныя падстанцыі і пракладзе 450 м каналізацыі.

«Белнафтахім» манапалізуе рынак

З 1 лістапада пачало дзейнічаць новае палажэньне аб ліцэнзаваньні гандлю нафтапрадуктамі. Каб займацца аптовым і розьнічным гандлем нафтапрадуктамі (бэнзын, дызэльнае паліва, мазут, рэактыўнае паліва, асьвятляльная газа, пячное паліва), трэба мець ліцэнзію ад канцэрну «Белнафтахім». Ліцэнзія выдаецца на пяць гадоў, яшчэ на пяць яе можна працягнуць.

СП, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0