Вялікія перамены ў вобразе беларускае сталіцы навідавоку. Самай яскравай зьяваю апошняга часу стала рэканструкцыя тэрыторыі паміж Верхнім горадам і Замчышчам. Увесь верасень і кастрычнік там шчыравала тэхніка: раўлі бульдозэры, езьдзілі туды-сюды грузавікі. Праз увесь пагорак пралегла даўжэзная лесьвіца, зьявіліся лавачкі, ліхтары. Колісь ад Сьвятадухавага сабору да сёньняшняе Нямігі спускалася пакручастая Казьмадзям’янаўская вуліца — пры саветах вул.Дзям’яна Беднага. Дакладней, вулічка — пятнаццаць камянічак, стракацень фасадаў. Хто быў у Празе ды бачыў Злату улічку пры саборы Сьвятога Віта, можа сабе ўявіць.

Паваенныя рэканструкцыі пакінулі ад беднай вуліцы адзін-адзіны будынак. Добра помніцца тая апошняя старасьвецкая камяніца. За пару гадоў да зносу яе капітальна адрамантавалі й аддалі мастакам пад майстэрні. Зьнесьлі. Хоць дзяўблі гэты дом ці ня з тыдзень. Не паддаваліся старыя муры. Пасьля побач з тым месцам азеўрыўся гіганцкі катляван пад мэтро. І вось цяпер ізноў новабудоўля. Але на аднаўленьне Казьмадзям’янаўскай не падобна.

Добраўпарадкаваньне гары перад Сьвятадухавым саборам ажыцьцявіў той жа аўтарскі калектыў, які колісь плянаваў пабудаваць на месцы сабору адпачынкавы комплекс з рэстарацыяй.

Верхні горад уваходзіць у Сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў як помнік першай катэгорыі. Вышэй толькі нулявая — помнікі сусьветнага значэньня, кшталту Мірскага замку. Пад аховай дзяржавы ў Верхнім горадзе знаходзяцца будынкі й збудаваньні, пляніровачная структура й гістарычны ляндшафт, археалягічны пласт. Там катэгарычна забароненае любое новае будаўніцтва, якое парушае гістарычнае асяродзьдзе, стварэньне транспартных вузлоў і сетак, пракладка паветраных ліній, электрасетак і будаўніцтва трансфарматарных будак. Дазваляецца будаўніцтва, якое спрыяе аднаўленьню гістарычнага асяродзьдзя, а таксама добраўпарадкаваньне, якое не парушае гістарычнага гарадзкога ляндшафту, які ўжо склаўся.

Паводле словаў старшыні менскага Таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры гісторыка Ўладзімера Дзянісава, падчас сёлетняга «добраўпарадкаваньня» былі парушаныя патрабаваньні, якія вызначаюцца законам да каштоўнасьцяў першай катэгорыі. У 1979 г. тэрыторыя Верхняга гораду была абвешчаная гістарычным запаведнікам, што таксама ня ўлічвалася пры «добраўпарадкаваньні». Апроч таго, былі парушаныя міжнародныя канвэнцыі аб ахове культурнай і прыроднай спадчыны, падпісаныя Беларусяй.

«Што ўяўляе сабой гістарычны характар гэтага раёну? Элемэнты старажытнай пляніровачнай структуры старажытнага Менску, якія былі створаныя вулічнай сеткай, сыстэмай зямельных пляцаў і ўнутрыквартальнай пляніроўкі, а таксама фрагмэнтамі сярэднявечных фартыфікацыйных збудаваньняў. У гістарычным сэнсе вельмі важныя суадносіны паміж будынкамі й адкрытай прасторай», — тлумачыць У.Дзянісаў.

Нэапацёмкінская лесьвіца

Чужая беларускай традыцыі ня толькі XVI—XVII ст., але нават ХІХ ст. і архітэктура малых формаў (новапаўсталыя лавачкі, ліхтары). На думку У.Дзянісава, падбор формаў абумоўлены тым, што аўтарам праекту вельмі падабаюцца крымскія ляндшафты або Пацёмкінская лесьвіца ў Адэсе. «Нэапацёмкінская лесьвіца» спускаецца ад сабору да Нямігі.

Паводле нормаў закону, дакумэнтацыя для добраўпарадкаваньня на тэрыторыі Верхняга гораду мусіла быць ня проста ўзгодненая з Дэпартамэнтам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, а перад пачаткам работаў разгледжаная Навукова-мэтадычнай радай пры Дэпартамэнце. Няўхваленая Радай, дакумэнтацыя не падлягала зацьвярджэньню. Нармальнай дакумэнтацыі Рада так і ня ўбачыла... Пра гэта сьведчыць і Галіна Саўчанка, сябра Навукова-мэтадычнай рады Дэпартамэнту: «На паседжаньні рады быў зацьверджаны праект, дзе прадугледжвалася захаваньне пляніровачнай структуры. Але, калі сталі выконваць работы, я заўважыла, што будуюць зусім ня тое, што зацьвярджалі. Я зьвярнулася да намесьніка кіраўніка Дэпартамэнту Ігара Чарняўскага з просьбай разабрацца, а ён адаслаў да архітэктара Георгія Багласава — навуковага кіраўніка праекту. Але прычым тут Багласаў? Чаму не пільнуе Навукова-мэтадычная рада, якая зацьвярджала праект?» Паводле словаў Г.Саўчанкі, праект на паседжаньні разглядаўся нават не на макеце, а на пляншэтах: «Але ж з малюнкаў нельга скласьці адпаведнага прасторавага ўяўленьня аб’ектаў».

«Ня быў зроблены гісторыка-апорны плян раёну, на якім павінны быць абазначаныя трасіроўкі вуліцаў, унутрыквартальная пляніроўка, абазначэньне будынкаў і ўсяго, што раён мае каштоўнага, а таксама прывязка да сучаснай забудовы», — дадае У.Дзянісаў.

Разбурэньні пачаліся пасьля вайны

«Добраўпарадкаваны» схіл належыць да адной з найбольш старых частак Менску: сяліцца тут менчукі сталі яшчэ ў ХІІ ст. Вуліца звалася Казьмадзям’янаўскай — як аднайменная царква. У XVIІІ ст. гэта была адзіная менская вуліца, цалкам забудаваная мураванымі дамамі. Апроч згаданай царквы тут стаялі кляштары бэрнардынаў і баніфратаў, камяніцы Ваньковічаў, Гейдукевіча. Нават падчас другой сусьветнай вайны будынкі вул.Казьмадзям’янаўскай не былі зьнішчаныя — толькі павыгаралі зьсярэдзіны падчас бамбёжак. На вуліцы стаялі пустыя каменныя каробкі. У Нацыянальным гістарычным архіве захаваўся здымак, зроблены нямецкімі лётчыкамі: на ім відаць цудоўная рэнэсансавая пляніроўка раёну.

Асноўныя разбурэньні тут пачаліся пасьля вайны: паводле генэральнага пляну разьвіцьця Менску, аднаўленьня гістарычнага цэнтру папросту не прадугледжвалася. Рэшту гарадзкой забудовы зьнесьлі падчас будаўніцтва другой лініі мэтро. Ад усяе вуліцы засталася толькі адна камяніца XVII—XVIII ст., у якой была аптэка.

«Каля Катэдральнага сабору сваім часам была вельмі прыгожая мураваная агароджа XVII ст.: частка яе была разабраная пры будаўніцтве мэтрапалітэну, але зь цягам часу яна мусіла быць адноўленая, — кажа У.Дзянісаў. — Гэтага не адбылося. Парушаная старажытная пляніроўка пляцу Волі: на месцы, дзе стаяла камяніца Гейдукевіча з славутай тэатральнай заляй (тут дэбютавала дачка Дуніна-Марцінкевіча Каміла), цяпер зрабілі паркоўку для аўтатранспарту, што забаронена й нарматыўнымі дакумэнтамі. Падчас пракладкі камунікацыяў і лініяў электрасеткі проста на сьметнік грузавікамі вывозілі горы цэглы-пальчаткі... Маскоўскія спэцыялісты некалі казалі, што тут праглядаюцца сьляды абарончых збудаваньняў: магчыма, якраз на гэтым пагорку стаяў яшчэ адзін ня знойдзены дагэтуль Менскі замак».

Пасьля будаўніцтва мэтро тэрыторыя доўгі час была закансэрваваная. Потым з ініцыятывы Камітэту па архітэктуры было зробленае прымітыўнае добраўпарадкаваньне: дарожкі, якія цалкам ігнаруюць старажытную трасіроўку вуліцаў, лесьвіца.

Аўтарскі калектыў перабудаўнікоў

Камуністычная ўлада нішчыла архітэктурныя помнікі, але па іх заставалася гістарычная памяць. Заканадаўства патрабавала перад зносам будынку, які быў пад дзяржаўнай аховай, дэтальна яго дасьледаваць: правесьці ўсе абмеры, зафіксаваць у дакумэнтах. Для гісторыі помнік захоўваўся хаця б «віртуальна». Сёньня ж ніякага сьледу па іх не застаецца нават у архівах. «За раскопкамі папросту прызначаюць археалягічны нагляд: гэта не дасьледаваньне, а назіраньне за зьнішчэньнем помніка», — абураецца У.Дзянісаў. «Большага там і не патрэбна: усё, што маглі, раскапалі, калі будавалі мэтрапалітэн», — пярэчыць яму супрацоўнік Дэпартамэнту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны сп.Кулажанка.

Паводле зьвестак У.Дзянісава, аўтары праекту (Барыс Косьціч, Марыя Казак, Марыя Капуцкая, Аляксей Ціханчук) ня хочуць спыняцца на цяперашнім «добраўпарадкаваньні». Яны плянуюць паставіць каля ўваходу ў мэтро гандлёвы цэнтар на 2-3 паверхі.

Сваім часам гэты ж аўтарскі калектыў, кажа гісторык, плянаваў пабудаваць на месцы Сьвятадухавага сабору адпачынкавы комплекс з рэстарацыяй. Праект быў узгоднены зь дзяржаўнымі органамі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, але не прайшоў праз Камітэт па архітэктуры.

Гэты ж аўтарскі калектыў распрацаваў быў праект зьнішчэньня яшчэ аднаго гістарычнага помніка — камяніцы на рагу вуліцаў Герцэна і Гандлёвай. На месцы дому меркавалася паставіць 5-павярховы бэтонны офісны цэнтар. Уся дакумэнтацыя была ўзгодненая, але пракуратура спыніла праект, бо высьветліла: заміж абвешчанай рэстаўрацыі плянуецца пабудова новага дому.

«Сёньняшняя сытуацыя з аховай помнікаў гісторыі й культуры нагадвае нават не 60-я, а 1945 год. Рэстаўрацыяй цяпер можа займацца любы калгасны архітэктар, а для напісаньня гістарычнай даведкі бярэцца артыкул з энцыкляпэдыі й цалкам перапісваецца», — сумна канстатуе Дзянісаў.

Аркадзь Шанскі,Гары Куманецкі

Што трэба зрабіць

На думку Ўладзімера Дзянісава, у Верхнім горадзе неабходна аднавіць старажытную трасіроўку вуліцаў (насамперш — Казьмадзям’янаўскай), старажытны брук, які захоўваўся да апошняга часу і быў часткова вывезены падчас «добраўпарадкаваньня», пазначыць месцы старажытных помнікаў, правесьці комплексныя дасьледаваньні й знайсьці рэшткі Казьмадзям’янаўскай царквы.

У пэрспэктыве можна было б пайсьці польскім шляхам: аднаўляць (а не рэканструяваць) старажытныя будынкі. З сучасных будматэрыялаў ставяцца карпусы старых будынкаў: цалкам аднаўляецца фасад, ставяцца сьцены — атрымліваецца муляж. Падобным шляхам аднаўлялі Траецкае перадмесьце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0