4 лістапада 2003

Беларуска-расейскі слоўнік: У 3 т.: Больш за 110000 словаў. Т. 1. А—З, Т. 2. З—П / Ін-т мовазнаўства імя Я.Коласа НАН Беларусі; Пад рэд. А.Падлужнага. — 3-е выд. — Менск: БелЭн, 2003. 3000 ас.

Пабачылі сьвет два тамы з акадэмічнага трохтамовага «Беларуска-расейскага слоўніка», першае выданьне якога ў 1950-я рэдагаваў Кандрат Крапіва. «У апошнія гады выстаўка замененая выставай, мерапрыемства — імпрэзай, чайнік — імбрыкам. Аўтары, якія рыхтавалі слоўнік да друку, як правіла, падобныя лексычныя дублеты ў яго не ўключалі, бо іх ужываньне відавочна зьвязанае толькі з пэўнай групай карыстальнікаў літаратурнай мовай і яны нічым не адрозьніваюцца ад дзесяцігодзьдзямі замацаваных», — пазначана ў прадмове.

Газэты Беларусі: 1776—1975 г.: Бібліягр. паказьнік / Нац. кніжн. палата Беларусі. — Менск, 2003. 700 ас.

Цана ў кнігарнях 29020 руб.

Гісторыя Беларусі ў кантэксьце эўрапейскай цывілізацыі: Дапам. / У.Казьлякоў і інш.; Пад рэд. Л.Лойкі. — Менск, 2003. — 348 с. 4000 ас.

Прапанаваны аўтарамі інтэграваны курс падае беларускую мінуўшчыну ў сьвятле гісторыі эўрапейскай хрысьціянскай цывілізацыі. У «Акадэмкнізе» цана выданьня 7060 руб.

Грэймас А. Пра багоў і людзей. У пошуках этнічнай памяці / Пер. зь літ. С.Шупы. — Менск: Энцыкляпэдыкс, 2003. — 404 с. 1000 ас.

У кнізе сусьветна вядомага францускага лінгвіста й сэміётыка літоўскага паходжаньня рэканструюецца разбураны масіў міталягічных уяўленьняў літоўцаў. Гэтае грунтоўнае дасьледаваньне, безумоўна, шмат дасьць і для разуменьня беларускае традыцыйнае культуры. У «Акадэмкнізе», дзе манаграфія каштуе 12320 руб., кажуць, што асноўная частка накладу бракаваная й у продаж паступіць толькі каля 100 асобнікаў.

Дубянецкі Э. Культуралёгія: Энцыкл. даведнік. — Менск: БелЭн, 2003. — 384 с.: іл. 3000 ас.

Упершыню ў Беларусі выходзіць маштабнае даведкавае выданьне, якое больш як у 800 артыкулах асьвятляе розныя аспэкты тэорыі й гісторыі культуры, раскрывае асноўныя культуралягічныя паняткі ды тэрміны. Галоўная адметнасьць кнігі — сувязь усіх матэрыялаў зь Беларусяй. У кнігарнях даведнік каштуе каля 7000 руб.

Івашка І. Згукі параненай мроі: Другая кніга вершаў. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2003. — 204 с. 300 ас.

Аўтар — журналіст і нястомны вандроўнік па Беларусі — уваскрашае сармацкія ідэалы й апявае колішнюю велічнасьць шляхецкіх маёнткаў.

Менск. Плошча Перамогі / Склад. В.Мішчанка. — Менск: Міжнародны цэнтар культуры кнігі, 2003. — 48 с.: іл. 1500 ас.

Кніга распачынае сэрыю «Помнік». У «Акадэмкнізе» каштуе 5850 руб.

Лінднэр Р. Гісторыя і ўлада: Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка на Беларусі ХІХ—ХХ ст. / Пер. зь ням. Л.Баршчэўскага; Нав. рэд. Г.Сагановіч. — Санкт-Пецярбург: «Невский проспект», 2003. — 540 с. — (Б-ка часопісу «Беларускі Гістарычны Агляд»)

Нямецкі дасьледчык падае погляд «збоку» на праблему ўзаемадачыненьняў гістарычнай навукі й палітыкі. Назвы разьдзелаў — «Нацыянальная сьвядомасьць і «беларуская місія», «Цэнтральная Эўропа: гісторыя як геапалітыка», «Літва й міт «залатога веку», «Западно-руссизм» і нацыянальная гісторыя», «Гісторыкі й партыя», «Партызанскі міф у гістарыяграфіі й літаратуры». Па-нямецку кніга пабачыла сьвет у Мюнхене ў 1999. Па-беларуску яе можна прыдбаць у шапіку Акадэміі навук. Цана 13200 руб.

Плотнікаў Б. Беларускае слоўніцтва: Вуч. дапам. / Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнту Рэсп. Беларусь. — Менск, 2003. — 136 с. 100 ас.

У выданьні пададзеныя прыклады слоўнікавых артыкулаў і характарыстыка ўсіх тыпаў слоўнікаў — перакладных, тлумачальных, тэрміналягічных, лінгвістычных, дыялектных, фразэалягічных. «Беларуска-расійскі слоўнік» Я.Станкевіча названы найбольш адметным і самым «беларускім» перакладным слоўнікам пасьляваеннага часу. Цана ў «Акадэмкнізе» — 10370 руб.

Тацяна Вабішчэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0