«НН» у №38 пісала пра частку архіву Натальлі Арсеньневай, згубленую амэрыканскай поштай.

За гэты час сёе-тое ў цёмнай справе праясьнілася. Высьветлілася, што архівіст Рады БНР Лявон Юрэвіч, імя якога ўзгадвалі ў сувязі з гэтай справай, у страце не вінаваты.

Сп.Юрэвіч адрэагаваў на артыкул апэратыўна, разьмясьціўшы на форуме сайту «НН» свой адказ: «Пра архіў Арсеньневай у мяне была гаворка з сп.Дубаўцом, калі той прапанаваў мне да ўгодкаў паэткі падрыхтаваць матэрыял «зь месца»: маўляў, тут архівы, ёсьць што скарыстаць. Тады я і адказаў, што па сьмерці Арсеньневай ейны сын Уладак выслаў (прынамсі, так казаў) пачак ці два пачкі ў БІНіМ. Яны так і не прыйшлі. Што сталася зь імі, дакладна невядома — мо згубіліся, а мо й не высылаліся ніколі».

На вялікі жаль, з сынам паэткі Ўладзіславам Кушалем «НН» дагэтуль скантактавацца не змагла, бо ніхто ня можа даць ягонага тэлефону. Сваё меркаваньне на форуме «Беларускай палічкі» выказаў Сяржук Сокалаў-Воюш.

«Некалі я быў у Натальлі Арсеньневай у Рочэстэры, размаўляў зь ёй, зь ейным сынам, з унукам, які нават не падазраваў, што ягоная бабуля — знакамітая паэтка. У гэткіх выпадках да папяровай спадчыны (калі гэта ня грошы) ставяцца зазвычай абыякава, маўляў, ат, нейкія бабуліны паперкі — і яны апынаюцца там, дзе паперкі нашых бабуляў. Часам, вядома, пакідаюцца на памяць дыплёмы, пасьведчаньні, але найчасьцей і яны йдуць у сьметніцу. Вось мы і ня ведаем нічога пра нашых прашчураў. У выпадку Арсеньневай справа зусім простая, і, калі каротка, сын паэткі — чалавек з выдатнай беларускай мовай — творчасьцю маці не цікавіўся, а бацьку (генэрала Кушаля) лічыў дзіваком. Адпаведна, ягоны сын, унук спадарыні Натальлі, ні да якіх беларускіх справаў далучаным ня быў... Таму і архіў паэткі, калі ён увогуле яшчэ існуе, у найлепшым выпадку ляжыць недзе на гарышчы ейнай хаты. Ніхто ніколі нікога не запрашаў яго ўзяць», — напісаў Воюш.

Міністэрствы замежных справаў, культуры, што мусілі б прыходзіць на дапамогу беларускай дыяспары, калі ў тае не хапае «рук» на захаваньне спадчыны агульнанацыянальнага значэньня, пакуль не ўзялі голасу ў справе.

«НН» вернецца да тэмы.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0