Як у Віцебску з-пад носу міліцыі скралі бюст Суворава 30

Аўтар: Зміцер Панкавец, фоты Сяргея Гудзіліна

Апошняя летняя ноч 1998 года. Такія ночы, як была тады ў Віцебску, прынята называць вераб’інымі, бо неба аж да ранку праціналі маланкі. Раніцай 1 верасня работнікі мясцовага ваенкамата са здзіўленнем пабачылі, што з пастамента, які стаяў насупраць будынку, знік бюст расійскага генералісімуса Суворава.

На тым месцы была знойдзеная запіска: «У 1794 годзе Сувораў утапіў у крыві паўстанне беларусаў за незалежнасць… Помнікі Суворава ў Беларусі — гэта ганьба беларускаму народу». Гіпсавы помнічак, хай і нягеглы на выгляд, важыў больш за 300 кілаграмаў. Звычайны чалавек не падыме такую масу, працавала ці група людзей, ці падганялі транспарт.

Кафэ «Граф Суворовъ»

Бюст на гэтай вуліцы з’явіўся яшчэ ў 1952 годзе. Імя скульптара гісторыя не захавала. Нічым не адметны помнік, у самім Віцебску Сувораў ніколі не быў. Газета «Свабодныя навіны» падлічвала, што па стане на 1998 год вуліцы Суворава былі ў 35 гарадах Беларусі і 24 пасёлках, 23 калгасы насілі яго імя.

З таго часу прайшло ўжо 20 гадоў, а вуліца па-ранейшаму носіць імя расійскага палкаводца. «Я не магу па ёй хадзіць, нібыта па калена ў крыві ідзеш, — расказвае стары віцябчук Барыс Хамайда. — Калі трэба кудысьці ў той бок прайсці, то іду па вуліцы Леніна, і тое не так брыдка. Калісьці менавіта па Суворава дазвалялі шэсці апазіцыі, я на іх не хадзіў».

За старшынствам у Віцебскім аблвыканкаме Аляксандра Косінца вуліцу зрабілі пешаходнай. Ваенкамат перанеслі, а на яго месцы сёння працуе кавярня «Граф Суворовъ». Вядома, што бюст нікуды не дзеўся, яго крыху адрэстаўравалі ў 2008 і вярнулі на ранейшы пастамент.

Адразу па суседстве знаходзіцца Кастрычніцкі РАУС, а за рогам — прыгожы палацык абласнога ўпраўлення КДБ. Усё гранічна блізка і шчыльна. Сёння б тут натыкалі відэакамер, але ў той час пра іх яшчэ мала чулі, таму і стала магчымым дзёрзкае выкраданне Суворава.

Віцебскі абласны КДБ.

У выніку затрыманыя былі трое сябраў суполкі Народнага Фронту «Выбар» Уладзімір Плешчанка, Барыс Хамайда і Юрась Карпаў.

Легендарны Хамайда

Барыс Хамайда.

З Барысам Хамайдам сустракаемся ля так званага «сіняга дома», які ўжо даўно не сіні. Апошнія 20 гадоў Барыс Хамайда амаль штодня стаіць тут, распаўсюджвае незалежныя выданні, размаўляе з людзьмі. Колькі разоў яго спрабавалі выціснуць з цэнтра горада, затрымлівалі, арыштоўвалі (сумарна адсядзеў болей за 100 сутак), але Хамайда нязменна і нязломна выходзіў і выходзіў сюды зноў.

На гэтым месцы Барыс Хамайда пікетуе ўжо больш за 20 гадоў.

«Гэтае месца першы адкрыў Валодзя Плешчанка ў 1992 годзе, калі мы збіралі подпісы за адстаўку прасавецкага Вярхоўнага Савета. Мянты мне часам кажуць: «Перайдзі на іншы бок дарогі, там цябе чапаць не будзем». Не, для мяне гэтае месца намоленае, не сыду нават, калі камяні будуць ляцець», — кажа спадар Барыс.

Хамайда нарадзіўся ў Віцебску, па адукацыі юрыст, працаваў у судах, у юрыдычным аддзеле Віцебскага аблвыканкама, ездзіў на заробкі ў Цюмень, на заробленыя там грошы зарэгістраваў газету «Выбар».

Апошнія чатыры гады летам Хамайда амаль не бывае ў Віцебску — усё ў пілігрымках. За гэтае лета ён паспеў паўдзельнічаць у пяці пілігрымках, прайшоў 550 кіламетраў, дабраўся аж да Івацэвічаў. 70-гадовы Хамайда — найстарэйшы ўдзельнік такіх хаджэнняў. За дзень часам даводзіцца прайсці і па 45 кіламетраў. «Мне гэта прыносіць радасць, з такой колькасцю людзей знаёмішся ў дарозе».

Да веры Барыс Хамайда прыйшоў адносна нядаўна, пасля смерці маці, да гэтага быў перакананым атэістам. Спачатку прыйшоў да пратэстантаў, але не ўтрымаўся ў іх праз рускую мову, цяпер з’яўляецца прыхаджанінам уніяцкай царквы.

«Мяне раней пастаянна затрымлівалі падчас «Славянскага базару», калі сюды гэты з Мінска прыязджаў. А цяпер я заўсёды ў пілігрымках у гэты час. Дарэчы, я ж ні разу ў амфітэатры і не быў. Сказаў, пакуль тут «Славянскі базар», а не «Беларускі кірмаш», то нагі маёй тут не будзе», — расказвае спадар Хамайда.

На ім белы льняны касцюм, на шыі матляецца падвеска з Пагоняй, а на руцэ бранзалецік «Я люблю Ісуса». Для Віцебска дый для ўсяго беларускага руху за грамадзянскія і нацыянальныя правы Хамайда — легендарная постаць.

«Пакуль вас чакаў, чытаў на мабільніку «Хартыю», праз «Оперу» ў мяне ўсё адчыняецца. А вось камп’ютара, на жаль, не маю. Раней не купляў, каб апісалі за штрафы, а цяпер і няма за што», — расказвае спадар.

Залаты час Мірона

Што ўяўляў сабой Віцебск 1998 года? Гэта быў самы зорны час славутага Мірона. З зайздроснай перыядычнасцю гэты «начны супермен» вывешваў бел-чырвона-белыя сцягі на самых цяжкадаступных месцах — адміністрацыйных будынках, комінах заводаў. 14 мая 1998 года бел-чырвона-белы сцяг на некалькі гадзін залунаў над Віцебскім аблвыканкамам. Адбылося гэта ў гадавіну рэферэндуму па сімволіцы.

У астатнім беларускага ў жыцці горада было няшмат. «Людзі былі тады больш прарасейскімі. Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, то віцябляне кідаліся на нас з бойкамі, не давалі стаяць. У 1996 годзе натоўп накінуўся на нас, парвалі газеты. З намі быў такі Юра Мароз, які пасля эміграваў у Чэхію, ён крычаў: «Супакойцеся, вы ж людзі!» — расказвае Барыс Хамайда.

«У 1998 я б не мог выйсці спакойна з Пагоняй. Цяпер — іншая справа. Можа, апошнія гадоў пяць спакайней стала. Мы ж агітавалі супраць Лукашэнкі, а цяпер некаторыя падыходзяць да мяне і кажуць: «Дзед, ты меў рацыю».

«Мы лезлі на ражон»

У палітычным жыцці Віцебска вылучалася Рада «Выбар» Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне». Кіраваў ёй Уладзімір Плешчанка, Барыс Хамайда быў ягоным намеснікам, а Юрась Карпаў уваходзіў у раду.

«Мы не прызналі лукашэнкаўскай Канстытуцыі. Мы не бралі ніякіх дазволаў, зваротаў, усё рабілі ў явачным парадку. Трэба пікет — будзе пікет. Мы лезлі на ражон», — згадвае Хамайда.

Арганізацыя называлася «Выбар», бо існавала аднайменная газета. Цікавы факт, ад 1991 да 1997 офіс «Выбара» Хамайды знаходзіўся ў памяшканні дзяржаўнай газеты «Віцебскі рабочы».

«У 1991 годзе я пайшоў у аблвыканкам да старшыні Уладзіміра Кулакова. Тады там дзверы ледзьве не нагой можна было адчыняць. Кажу яму: «Мы занялі два пакойчыкі ў рэдакцыі газеты «Віцебскі рабочы». Ён кажа: «Сядзіце там». Не дадумаўся, што паперы трэба было падпісаць», — расказвае Хамайда.

Выгналі «Выбар» адтуль толькі ў 1997 годзе, калі газета надрукавала славуты верш Славаміра Адамовіча «Убей презідента». Тады ж супраць Хамайды і Плешчанкі завялі першую крымінальную справу, а ў Плешчанкі здарыўся ўжо другі інфаркт.

«Прыйшлі казакі, адкуль яны ўзяліся ў Віцебску я не ведаю, яны мяне выцягвалі гвалтам. Я прыкаваўся да батарэі ланцугамі, а яны не бачылі і пацягнулі, ледзьве руку не адарвалі. А потым пілачкай распілавалі і вынеслі проста ў крэсле мяне», — працягвае аповед суразмоўца.

ЧП абласнога маштабу

«Гэта ж было ЧП абласнога маштабу. Як так? Помніка няма! Пярэпалах быў вельмі моцны. Сабралася ўся міліцыя, КДБ. Адразу пачаліся следчыя дзеянні», — успамінае Барыс Хамайда. Ён лічыць, што на іх выйшлі, бо яны былі самымі актыўнымі ў горадзе.

У выніку затрыманыя былі 50-годовыя Уладзімір Плешчанка і Барыс Хамайда, а таксама 34-гадовы Юрась Карпаў. Апошніх двух не пратрымалі ў камеры і сутак, а вось супраць Уладзіміра Плешчанкі было выстаўлена абвінавачванне. Справа ў тым, што ў яго нібыта знайшлі абутак, сляды ад якога былі адпаведныя тым, што знайшлі ля пустога пастамента.

«Аператыўна праведзенае расследаванне выйшла на канкрэтных выканаўцаў. Імі аказаліся трое сумна вядомых суб’ектаў з БНФ, адзін з якіх ужо знаходзіўся на казённым забеспячэнні. Падобна, што вось такім чынам яны вырашылі нагадаць гораду і свету пра сваё існаванне, а заадно і грошыкаў зарабіць. Спадарам, па ўсім бачна, цяпер давядзецца пасядзець. Хлопцам не хочацца на нары, таму яны шукаюць добрага адваката. Хаця з гэтай справай можа справіцца нават практыкант, варта толькі звадзіць «змагароў» да псіхіятра. Што датычыцца бюста вялікага рускага палкаводца, то ён пасля невялікай рэстаўрацыі зойме сваё месца на пастаменце. Віват, Аляксандр Васільевіч!» — пісала ў той час газета «Віцебскі рабочы».

Супраць Плешчанкі была заведзеная крымінальная справа па артыкулах КК 225 «Знішчэнне ці пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў» і 87 «Крадзеж маёмасці». Праўда, у хуткім часе артыкул 87 КК быў адменены, бо бюст быў выраблены не з каштоўнага металу, але Плешчанку выставілі абвінавачанне па арт. 201 ч. 2 КК «Злоснае хуліганства».

Дзе галава Суворава?

«Мне запомнілася, як мент падчас ператрусу адчыняў шафкі і пытаўся: «І дзе ты схаваў галаву Суворава?» Гэта ж не іголка, дзе я схаваць мог», — смяецца Барыс Хамайда.

Калі стала зразумела, што Плешчанку не адпусцяць так хутка, як ягоных паплечнікаў, то праз пару дзён у дварах ля вуліцы Суворава знайшоўся той самы бюст, да яго была прымацаваная цыдулка ад Мірона, у якой ён заклікаў неадкладна вызваліць Уладзіміра Плешчанку. «Так, Мірон мае дачыненне да справы», — хітра ўсміхаецца Барыс Хамайда.

«Міронаў шмат, але ёсць адзін, з якога ўсё пачалося. Час ішоў, нехта фізічна не мог зрабіць ранейшае, з’яўляўся новы Мірон. Ёсць карціна Марачкіна «Мірон», прыпавесць у Быкава «Мірон». Хай гэта будзе легенда на стагоддзі. Няма значэння, хто такі Мірон. Але, магчыма, некалі ўсе даведаюцца», — працягвае ён.

Ён аддаў сябе Беларусі

Уладзіміра Плешчанкі не стала 20 мая 2006 года. Яму было 58 гадоў. Не вытрымала сэрца. Памёр на лецішчы ў Варонах Віцебскай вобласці — там жа, дзе і нарадзіўся. Барыс Хамайда, калі даведаўся пра гэта, пайшоў у Вароны пешшу, усе 15 кіламетраў.

«Валодзя нарадзіўся і жыў у дзяцінстве у Варонах. А я ў 1962 годзе, калі маці дамовілася з малочніцай з Варонаў, правёў у той вёсцы ўсё лета. Можа, я і бачыў гэтага пацанёнка Валодзю тады. А потым пазнаёміліся з ім у «Віцебскім гарадскім клубе выбарцаў», а блізка пачалі працаваць з 1992 года. Ой, цяжка яму далося СІЗА. Ён моцны духам чалавек, перажыў», — згадвае Хамайда. Тады ж Плешчанку звольнілі з працы — ён быў інжынерам на заводзе «Маналіт». Жыў за кошт таго, што вырошчваў на лецішчы.

Ігар В. перасёкся з Уладзімірам Плешчанкам у зняволенні, ён не хоча згадваць пра той турэмны перыяд, але, калі чуе прозвішча Плешчанка, то адразу згаджаецца сустрэцца.

Ігар сядзеў у СІЗА разам з Уладзімірам Плешчанкам.

«Ён сказаў, што падазраецца ў скраданні помніка Сувораву. Пытанні ж ніхто задаваць не будзе, бо гэта непрыстойна і выклікае шмат падазрэнняў. Ён такой белай варонай быў, размаўляў з усімі толькі па-беларуску, расказваў пра гісторыю. Шмат з кім спрачаўся, сварыўся. Гаварыў і пра самога Суворава, што гэта кат і забойца. З цягам часу гэта ўсё прарасло і ўва мне. У калоніі я знайшоў кнігу «Двое ў гісторыі», дзе была гісторыя Беларусі ад Міндоўга да Рэчы Паспалітай. Тады і стаў згадваць словы Плешчанкі. Па вызваленні сталі сябраваць. Гэта мужны чалавек, ён аддаў сябе Беларусі. Стаяць у горадзе, калі на цябе кідаюцца — гэта цяжка. Сэрца, нервы. Мая жонка ў 2001 збірала подпісы за Домаша, дык нават на яе кідаліся з віламі. А тут людзі выходзілі з плакатамі «Расія, рукі прэч ад Беларусі», — расказвае Ігар.

«Не хвалюйся, бульбу выкапалі»

У багатым хатнім архіве Юрася Карпава ляжыць цыдулка, якую Барыс Хамайда перадаваў у турму Уладзіміру Плешчанку. Там пра партыйныя справы, пра прызначэнне Прымакова прэм’ерам Расіі, а яшчэ кранальны подпіс: «Не хвалюйся, бульбу ў Варонах выкапалі».

Хамайда і Плешчанка, хоць і былі паплечнікамі, але былі абсалютна рознымі ў сваіх тэмпераментах. Завадны, выбухны, бескампрамісны Плешчанка і рахманы, спакойны, дыпламатычны Хамайда.

«Ён не мог цярпець, нерваваўся. Я казаў: «Валодзя, супакойся, ты іх не пераробіш». Ён выбуховы чалавек. Але галава працавала як камп’ютар. У крытычных момантах ён пралічваў усё імгненна. Быў выпадак, калі Мірон павесіў сцяг на коміне ЦЭЦ. Але ахова затрымала Мірона. І тут спрацаваў Плешчанка, ён з’явіўся і зрабіў усё, каб Мірон мог знікнуць, збегчы. Яны не змаглі пазнаць Мірона, бо ў яго была хустка на твары», — успамінае Хамайда.

З Суворава пачаўся Альгерд

Юрась Карпаў ад 1992 года з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, выдаваў газету «Лад». Цяпер дастаўляе друкаваную прадукцыю ў віцебскія офісы. Да нас ён пад’язджае на ровары, да якога прымацаваны невялічкі бел-чырвона-белы сцяг.

Юрась Карпаў.

На большасць пытанняў пра акалічнасці той справы Карпаў, ён жа паэт Юрась Касіч, адказвае: «Не памятаю». Затое паказвае шматлікія архіўныя матэрыялы па той справе. Да Карпава па смерці Плешчанкі перайшоў архіў нябожчыка.

«Я ўзяў у рукі плакат «Свабоду Уладзіміру Плешчанку» і пайшоў проста на тэрыторыю Кастрычніцкага суда. Мяне затрымалі і арыштавалі на 10 сутак», — згадвае Карпаў.

Адметна, што менавіта тады нарадзілася ідэя ўвекавечыць у Віцебску памяць вялікага князя літоўскага Альгерда. Група грамадзян сярод якіх былі краязнаўца Міхаіл Паўлаў, кіраўнік Віцебскага БНФ Васіль Шалухін, археолаг Ігар Цішкін, звярнуліся да старшыні Віцебскага гарвыканкама з просьбай аб адкрыцці помніка Альгерду. У 2014 годзе такі помнік сапраўды быў адкрыты.

Помнік Альгерду ў Віцебску.

Мірон скраў яшчэ шыльду

«Для Расіі Сувораў, можа, нацыянальны герой. Для нас ён кат. Ён заліў крывёй нашу краіну. Менавіта такая матывацыя была ў Мірона», — кажа Барыс Хамайда.

У судзе, які адбыўся пры канцы сакавіка 1999 года нічога не пацвердзілася. Абвінавачанне не змагло даказаць віну Уладзіміра Плешчанкі. «Не тыя боты былі, яны не пасавалі да нагі Плешчанкі, яны былі такімі аграмаднымі, што ў зале ўсе смяяліся». У выніку Плешчанку і не апраўдалі, і не асудзілі, справу адправілі на дапрацоўку. Больш да яе ні сілавікі, ні судовыя работнікі ніколі не вярталіся. Але ніхто не ведае, у якім стане яна знаходзіцца сёння.

У 2001 годзе Мірон зноў нагадаў пра сябе, сарваўшы шыльду з помніку Суворава і схаваўшы яе. «Так проста яе было не сарваць, гэта трэба было нейкі трактар падагнаць ці што. Гэтая шыльда яшчэ абавязкова знойдзецца», — дзеліцца ўражаннямі спадар Хамайда.

«Раней гэтая вуліца называлася Узгорская, колькі разоў здзіралі шыльды «вуліца Суворава». Калі не Узгорская, то было б лагічна, каб яе назвалі вуліцай Караткевіча, бо там напрыканцы стаіць помнік Караткевічу. Але калі тое будзе», — сканчвае аповед спадар Барыс.

Пасля гэтай размовы ён зноў накіроўваецца на сваю штодзённую вахту да «сіняга дома».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?