Галендры: народ Беларусі, ад якога засталіся толькі кветкі і камяні 16

Аўтар: «Наша гісторыя»

Загадкавыя галендры пражылі пад Брэстам тры з паловай стагоддзі. Што яны пакінулі нам і дзе шукаць іх сляды? Архіўны артыкул з часопіса «Наша гісторыя».

Сяляне Нэйдорфа і Нэйброва, 1928 год. Фота neubrow.domachevo.com.

Кожную вясну ў лясах на берагах Буга зацвітаюць нарцысы. Гэтае хараство бачаць толькі тыя, хто мае пропускі ў пагранічную зону. Гэтыя нарцысы, на першы погляд, адзіная памяць, якую пакінулі па сабе галендры — этнічная група, што пражыла каля Брэста тры з паловай стагоддзі.

Хто такія галендры

Загадка. Адказу не знаюць ні даследчыкі, ні сам народ.

Паводле адной версіі, гэта галандцы, якія невядома калі прыйшлі ў Прусію, германізаваліся мясцовымі прусакамі, а потым з Прусіі, з ваколіц Аленштайна (цяперашняга Ольштына), прыйшлі на Буг. Назву галендры атрымалі ад нямецкага holländer — «галандзец». Паводле другой версіі, галендры — немцы, а haulander са старанямецкай — чалавек, што высякае лес пад апрацоўку зямлі. Прозвішчы галендраў тыпова германскія: Людвіг, Гільдэбрант, Віт, Зелент, Баўм, Ота, Келт… Ёсць і трэцяя версія: нібыта галендры — нашчадкі славян-кашубаў, якія жылі ў ваколіцах Гданьска і ў XVI стагоддзі пераехалі на ўсход, на землі Радзівілаў. Разабрацца тут паможа хіба толькі генетычны аналіз і добрае этналагічнае даследаванне.

Адкуль бы ні прыйшлі галендры, іх першыя паселішчы ў Рэчы Паспалітай дакладна вядомыя: гэта Нэйдорф і Нэйброў, заснаваныя 400 гадоў таму на поўдзень ад Берасця, цяперашняга Брэста. Нэйдорф — за 5—6 км на паўночны захад ад мястэчка Дамачава, Нэйброў — за 2—3 км на захад. Цяпер там палі і лугі, апошнія сляды галендраў — калодзежы — зруйнавалі 30 гадоў таму. Усё, што засталося, — 10 каменных надгробкаў ды ржавыя прылады для апрацоўкі зямлі, якія вясной тырчаць з разоры.

Мова і вера

Галендры — лютэране. Прыйшоўшы на Буг, адразу пабудавалі ў Нэйдорфе кірху. Усё, што засталося ад яе, — звон і дзве жырандолі, якія вісяць цяпер у дамачаўскай царкве Святога Лукі.

Кірха ў Нэйдорфе. Фота neubrow.domachevo.com.

Першы агульны перапіс насельніцтва Расійскай Імперыі 1897 года выявіў, што галендры, якіх тады было дзевяць вёсак, гавораць ужо на «маларасійскай», г.зн. украінскай мове. У Берасцейскім павеце на ёй размаўлялі 858 лютэран і 834 лютэранкі. Частка галендраў перайшла ў каталіцтва і збудавала ў Дамачаве сваю капліцу.

Як і беларускія татары, яны захавалі сваю веру, але перайшлі на мову навакольнага насельніцтва.

Рэдкія ўменні

Бужскія галендры спецыялізаваліся на меліярацыі, будавалі чыгункі, дарогі, вайсковыя ўмацаванні. Ёсць версія, што галендраў запрасіла каралева Бона: ствараць сістэму меліярацыі. Гэты народ умеў засвойваць нізіны, быў спецам у пракладцы грэбляў і каналаў, якія ўмацоўвалі вярбой і таполяй.

З вярбы таксама рабілі агароджы, што не давалі Бугу ў час паводак змываць з палёў урадлівы грунт. Гэты народ не змагаўся са штогадовымі веснавымі водамі, а навучыўся жыць у такіх умовах, піша нашчадак галендраў Антоній Харонжы. Гарышчы ў дамах рабілі такія, каб падчас паводкі там і чалавек, і жывёла маглі перажыць некалькі тыдняў. Асобныя рыштаванні на пáлях будавалі для коней, кароў і інвентару.

Галендры на работах. Фота Antoni Chorazy.

«Пасля таго, як веснавая вада спадае, амаль усе мужчыны і многа хлопцаў ад 12 гадоў адпраўляюцца ў свет на заробкі. Дзе б ні будаваліся новыя фарты, дарогі, чыгункі, знойдуцца на земляных работах нэйдорфцы. Трэба бачыць, як спраўна і хутка яны працуюць з маленькімі, але моцнымі коньмі і маленькімі калёсамі ад світання да цёмнай ночы». Рабілі галендры пад Санкт-Пецярбургам, на Урале, у Сібіры, у Венгрыі, Румыніі, Славакіі ды Фінляндыі. У 1937-м група галендраў працавала ў Кракаве — раўняла рэчышча Віслы. Іх вупраж з дугой і аглоблямі прыцягвала ўвагу мясцовых. Такая вупраж распаўсюджаная толькі ва ўсходніх славян. А нямецкую вупраж «у шлейку», якая была ва ўжытку ад Прыкарпацця да Дняпра, галендры якраз не выкарыстоўвалі.

Яшчэ адзін галяндэрскі навык — малочка. «Савушкаў прадукт» на Берасцейшчыне мае выбітных папярэднікаў. Да пачатку ХХ стагоддзя бужскія галендры мелі свой малочны кааператыў і славіліся сырамі — шляхетнымі, цвёрдымі, выспелымі да крышталікаў. Сыраварныя традыцыі аднаўляюць цяпер нашчадкі галендраў у Польшчы: падрабязней пра гэта чытайце ў артыкуле Алеся Белага «Ці трэба абуваць беларускіх сыравараў у лапці» ў №2 «Нашай гісторыі».

Стравы галендраў

Мясны суп, забелены вяршкамі, дранікі — «фушар», клёцкі, варэнікі з чарніцамі, варэнікі з бульбай і варэнікі з сырам, крывяная каўбаса.

У галендраў не быў забаронены алкаголь, на святочным стале стаяла і гарэлка. Брэндавы галяндэрскі суп — «патрава» — гатуецца лёгка: у невялікую колькасць кіпячай вады трэба накрышыць бульбу, папярэдне замяшанае на яйках крутое цеста, як для локшыны, раскачаць, парваць на дробныя кавалачкі і кідаць у ваду ўслед за бульбай; наліць малако, дадаць соль, спецыі, давесці да кіпення.

Што прынеслі галендры на Берасцейшчыну

Прозвішчы. Па-першае, нямецкія: Людвігі, Зеленты, Кунцы, Рылі, Бытавы, Пастрыкі, Бэндыкі, вытворныя ад іх.

Раней лічылася, што галендры пазбягалі змяшаных шлюбаў, аднак шматлікія галяндэрскія прозвішчы, распаўсюджаныя цяпер у Беларусі, сведчаць, што нашчадкі лютэран — сярод нас. Па-другое, на Берасцейшчыне жывуць людзі з прозвішчам Алендар, і багата. Ясна, што ў саміх галяндэрскіх паселішчах такога прозвішча не было, яго давалі мясцовыя жыхары выхадцам з Нэйброва і Нэйдорфа. Значыць, сярод нас засталіся і нашчадкі галендраў. Прычым усе, хто трапляўся нам з такім прозвішчам, — высокія, рудавалосыя людзі, якія нібы сышлі з палотнаў Ван Дэйка.

Тэхналогіі: напрыклад, стрэхі на кроквах. Таксама галендры, відаць, прынеслі з сабой драўляны абутак — трэпы. Верхняя частка трэпаў скураная, а аснова з дрэва. Падобны абутак здаўна вядомы ў Галандыі, і гэта можа быць аргументам на карысць галандскага паходжання галендраў. Але драўляны абутак быў і ў іншых рэгіёнах…

А яшчэ адна памяць па галендрах — кірхі. Адно з найбольшых будаўніцтваў Брэста апошняга часу — новы аўтавакзал. Калі яго будавалі, захацелі знесці малы будыначак побач, былую кантору таварнай станцыі насупраць чыгуначнага вакзала. Але краязнаўцы паднялі дакументы, і выявілася, што гэта кірха. Ясна, што гэту кірху наведвалі не толькі немцы ды шведы, якія прыехалі ў Берасце ў канцы ХІХ стагоддзя, але і нашчадкі сялян-галендраў, што перабраліся ў горад. На Трышынскіх могілках Брэста захаваліся іхнія магілы.

Што галендры перанялі з мясцовай культуры

Ды практычна ўсё. Усе каляндарныя святы галендраў паўтараюць мясцовыя, пераймаюцца і абрады. Напрыклад, Вялікдзень суправаджаецца знаёмымі ўсім палешукам абрадавымі дзеяннямі: біццём вярбой, упрыгожваннем хаты галінкамі з зялёным лісцем — і тэкстамі: «За тыждэнь Вэлыкдэнь. Будьтэ здоровы, як вэрба, будьтэ богаты, як вэсна, уставайтэ ранэнько, умывайтэся молочком, обтырайтэся ручнычком, мыйтэся водою, обтырайтэся шматою*».

Акрамя таго, галендры маюць каляндарныя святы, звязаныя з нехарактэрным для пратэстантызму культам святых Івана, Пятра, Міхала, Марціна. Святы адзначаюць паводле юліянскага календара, як праваслаўныя.

Галяндэрскае вяселле.

Жыхары Нэйдорфа мелі тыповыя мянушкі, якія з часам пераходзілі ў прозвішчы: Ясяньчук, Юранчук, Міхалюк, Андрыйчук, Гандзюк, Янчук, Слюсарук, Фрыдрук, Гірук, Кавальчук, Кухарка.

Гаворцы галендраў уласцівыя агульныя сістэмныя рысы ўкраінскай мовы і набор лакальных дыялектных асаблівасцяў. Адна з характэрных рыс іх гаворкі — гэта вымаўленне ненаціскнога [о] блізка да [у], яна і цяпер засталася на Берасцейшчыне і Валыні: вуда — вада, гурыхы — арэхі, гурілка — гарэлка, пусаг — пасаг, худыты — хадзіць, тупіро — цяпер.

Галендры страцілі сваю мову і звычаі, адно засталося: жанчыны і праз 350 гадоў працягвалі насіць на галаве тыповы галандскі чапец у адрозненне ад беларусак і ўкраінак, якія завівалі хусткі.

Для параўнання: Ёханэс Вермеер. Малочніца. 1660 год. Каралеўскі музей. Амстэрдам. 

Пратэсты

Галендры займаліся гаспадаркай, вызнавалі сваю веру, хоць здараліся і канфлікты. Напрыклад, у лютым 1928-га нэйдорфскі пастар абвясціў забастоўку школьнікаў.

Грамада пратэставала супраць таго, што сярод мясцовых настаўнікаў былі адныя каталікі, хоць большасць вучняў дамачаўскіх школ — лютэране. Паліцыя аштрафавала бацькоў, і забастоўка спынілася. А праз два гады польскія ўлады перайменавалі Нэйдорф і Нэйброў у Масціцэ Гурнэ і Масціцэ Дольнэ. Многа прыкладаў дурных перайменаванняў мы ведаем з Савецкага Саюза, але аказваецца, што аналагічныя працэсы былі і ў міжваеннай Польшчы.

Раскідала вайна

З 1939-га жыццё Нэйдорфа і Нэйброва — Мосціц Гурных і Дольных — кардынальна змянілася. Вёскі да таго часу разрасліся на два бакі Буга. 28 верасня Германія і СССР правялі па Бугу дэмаркацыйную лінію і жыхарам забаранілі перабірацца з берага на бераг.

Нават тым гаспадарам, чыя зямля засталася па іншы бок ракі. Як успамінае галяндэр з польскага боку, «магчымасці застацца на радзіме ў нас не было: выбар быў паміж усходнім кірункам, Сібір’ю, і заходнім, Велікапольшчай». Некалькі чалавек выбралі ўсход, колькі сем’яў здолелі схавацца і перачакаць вайну недалёка ад роднай вёскі. Большасць абрала захад: у пачатку 1940-га выехалі ў недалёкія Славатычы, адтуль у Тэрэспаль — і на Познань. Там галендраў сталі прызываць у нямецкае войска, і ў 1941-м яны прыйшлі ў родныя мясціны ўжо ў складзе варожай арміі. Пасля вайны некалькі сем’яў Зелентаў вырашылі вярнуцца з Познаньшчыны на Буг. Прайшоўшы 600 км, выявілі, што іхніх дамоў ужо няма. Тады яны пасяліліся непадалёк, у Ганне і Даньцах.

Ад Нэйдорфа — Нэйброва захавалася некалькі надгробкаў, і ўсе яны — камяні. Відаць, большасць помнікаў на галяндэрскіх могілках былі драўлянымі крыжамі. Мясцовае насельніцтва галендраў слаба памятае, могілкі з імі ўжо не атаясамлівае: «якісь німці, якісь німэцькі могілкы». Фота Віктара Місіюка.

А што стала з галендрамі з беларускага боку Буга? У пачатку 1941-га Саветы перасялілі іх у Дамачава, далей ад мяжы. Хаты тых, хто не пераехаў, разабралі. А ў 1945-м рэшткі галендраў зноў перасялілі — на польскі бераг, цяпер ужо без дамоў.

Захаваліся ў Сібіры!

Сюды ў пачатку ХХ стагоддзя, пасля сталыпінскай хутарызацыі, прыйшлі тры «хадакі». Знайшоўшы добрае месца, вярнуліся з сем’ямі, арыентуючыся ледзь не па зарубках на дрэвах. Перавезлі з сабой усю гаспадарку: кросны, «варстаты», начоўкі, куфры… Да Першай сусветнай сюды перасялілася 36 сем’яў (кожная, лічыце, чалавек па дзесяць) і стварылі тры паселішчы з характэрнымі назвамі: Замустэчэ, Новына і Дахны. У савецкі час яны сталі Піхцінскам, Сярэднепіхцінскам і Дагнікам. Сярэднепіхцінск мясцовыя называюць «Новыной» і па сёння.

Суседзі галендраў — татары, чувашы і стараверы. Новапасяленцаў у Сібіры вызначылі як немцаў, хоць самі сябе яны звалі ўжо звыклымі «голэндрамі» ці «олэндрамі». Але гэтае найменне знішчылі Саветы разам з пратэстанцкімі абрадамі і характэрнымі імёнамі (Людвіг, Альбярціна). Пасля вайны пра сваю нямецкасць ужо баяліся заікнуцца.

У 1930-я піхцінскія галендры перажылі раскулачванне, у вайну — «працоўныя» лагеры. Цяперашні ўпаўнаважаны па правах чалавека Іркуцкай вобласці Іван Зелент успамінае пра бацьку Зыгмунта: «Ён вярнуўся з лагера ў 1945-м, быў настолькі змучаны, што яго ніхто не пазнаў, вырашылі — злодзей, і пазналі толькі потым, па адсечаным пальцы».

У сёлах энкавэдысты пакінулі толькі старых і дзяцей, расказвае пажылая галяндэрка, і сачылі за тымі, хто застаўся: чакалі, калі загавораць па-нямецку. «А мы ніводнага слова не зналі, размаўлялі па-хахлацку». Нацыянальнасць перасяленцаў пры пашпартызацыі вызначылі як украінскую — па мове зносін.

Нашы ў тайзе

У трох сёлах Заларынскага раёна Іркуцкай вобласці жывуць 2000 галендраў. Захавалі лютэранства, зрэдзьчасу да іх прыязджае пастар з Іркуцка, але нядзельныя набажэнствы і большасць абрадаў, напрыклад «хрысціны», праводзяць самі. На службах яны чытаюць польскамоўную Біблію. У сямейных зносінах усё яшчэ гавораць па-свойму.

Быт і культура піхцінскіх галендраў — гэта цяпер адзіная крыніца для вывучэння галяндэрскага жыцця на Бугу. У Сібіры захаваліся традыцыйныя хаты. У адным будынку з жылым памяшканнем («вялікая хата», сцены ў якой абмазаныя глінай і пабеленыя звонку і знутры) знаходзіцца стайка для жывёлы і ток для сена.

Каб захаваць культуру, на тры сялы працуюць два галяндэрскія музеі.

Акрамя турыстаў, да піхцінскіх галендраў прыязджаюць нашчадкі бужскіх галендраў з Германіі. Кантактуюць паміж сабой яны ўжо праз перакладчыка.

Для расіян культура галендраў дасюль экзатычная, а што ўжо казаць пра мову. Адзін з наведнікаў галяндэрскага свята, паслухаўшы мясцовы ансамбль «Квіточка» («Кветачка»), у якасці прыкладу «ў цэлым зразумелай гаворкі» прыводзіць у сваім блогу радок песні: «Коза грае-грае, очкамы моргае». «Каза», якая на чымсьці грае, можа выклікаць вялікія пытанні, калі толькі не ўспомніць суперпапулярную дагэтуль на Берасцейшчыне ўкраінскую песню: «Козак грае-грае, очкамы моргае, а хто ж ёго батька знае, чого він моргае: чы на моі волы, чы то на коровы, чы на мое білэ лычко, чы на чорні бровы».

Галяндэрскае вяселле захавалася праз стагоддзі

Было яно амаль такое ж, як і ў іншых берасцейскіх вёсках. І па парадку: першы дзень у маладой, другі дзень у маладога. І па ролях удзельнікаў: сваты, дружкі, свацці. І па стравах: з кашай у фінале. Абрады пачыналіся са сватання, сват меў пры сабе хлеб, загорнуты ў ручнік. Вяселле пачыналася з выканання песні «З'ездзіў коніка», якая спявалася ў кульмінацыйных момантах.

Сучасныя сібірскія галендры святкуюць вяселле па традыцыі дзядоў. «Молодят» садзяць ва ўсходнім куце хаты, над імі вешаюць вянок з «бурувныка» (бруснічніка). Фота даслала Алена Людвіг з Іркуцка, захавальніца традыцый піхцінскіх галендраў.

Але штосьці засталося адметным з прадаўніх часоў. Звычай даваць кошык, каб адмовіць хлопцу падчас сватання — такі ж звычай быў у Германіі ды Галандыі.

Пасаг — ярка вышытыя падушкі, які рыхтуюць мамы, бабулі і сяброўкі нявесты. Акрамя адзення і посуду, багатыя сем'і давалі ў пасаг таксама зямлю і грошы.

На другі дзень вяселля сваты саджаюць маладых на подушкі, здымаюць з нявесты «вэлюн» (вэлюм), адзяваюць чапец і шапку, затым дораць падарункі. Фота Алены Людвіг. Верасень 2018 года.

Вясельныя чапцы ў галендраў вельмі цікавай формы, з рушачкамі. Іх адзяваюць на другі дзень вяселля, замест вэлюма, у гэтым жа чапцы жанчыну і хаваюць.

Калі паглядзець вясельныя чапцы Германіі, Швейцарыі, іншых краін, то яны вельмі розняцца ад рэгіёна да рэгіёна, але ніводнага такога ж, як у галендраў, пакуль не знайшлі.

Найважнейшы элемент галяндэрскага вяселля — каравай, які ўпрыгожвала галінка — «рогач».

Каравай — гэта вялікі і прыгожы вясельны пірог. Яго вынас быў кульмінацыяй вяселля, а ўзамен за падарункі гасцям рытуальна выдавалі кавалак каравая.

Заканчвалася галяндэрскае вяселле «потрусынамы». «Патрусіны» — гэта такі мясцовы звычай, калі самыя блізкія людзі збіраліся, каб даядаць і дапіваць рэшткі вясельных страў.

На трэці дзень вяселля маладыя адзяваюць фартухі і абслугоўваюць гасцей. Фота Алены Людвіг. Верасень 2018 года. 

Калі ў 2017-м нашчадкі галендраў з Германіі і Расіі праехалі дарогай памяці ўздоўж Буга, то падпявалі мясцовым калектывам і дзівіліся, адкуль тут памятаюць іх «голэндэрскі пісні»: «Чорні очка, як тэрэн», «Там за гаем-гаем», «У сусіда хата біла», «Коло млыну, коло броду».

Наколькі ж багатая была наша культура раней! І якія розныя народы шчасліва жылі на беларускай зямлі.

Клас
157
Панылы сорам
6
Ха-ха
5
Ого
18
Сумна
14
Абуральна
24

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?